Віншуем з 65-годдзем Уладзіміра Масленікава!

Віншуем з 65-годдзем вядомага мастака-жывапісца Уладзіміра Паўлавіча Масленікава, сябру Беларускага саюза мастакоў, секцыі жывапіс, загадчыка кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Прозвішча Масленікавых шырока вядомае ў колах беларускіх мастакоў і ў асяроддзі аматараў жывапісу. Імпульс гэтаму даў яе пачынальнік, народны мастак Беларусі Павел Васільевич Масленікаў, чыя творчасць істотна паўплывала на развіццё пейзажа ў беларускім мастацтве. А сёння яго сын — Уладзімір Масленікаў — з’яўляецца яркім прадаўжальнікам лепшых мастацкіх традыцый. Яшчэ з малых гадоў Уладзімір маляваў на беразе Дняпра разам з бацькам. Эцюднік, прызнаецца, і цяпер заўсёды ляжыць у багажніку аўтамабіля.
Уладзімір Масленікаў мае ўласны адметны вобразны стыль пейзажнага жывапісу, для якога характэрна імкненне да адлюстравання прасторы: прыродныя панарамы з прывольным цячэннем рэк, у якіх пазнаюцца характэрныя асаблівасці Заходняй Дзвіны, Дняпра, Нёмана, Бярэзіны.
“Я пішу з натуры, — распавёў Уладзімір Масленікаў пасля адной са сваіх персанальных выстаў. — Мною напісаны сотні эцюдаў у розных кутках Беларусі. Як маленькія рачулкі збіраюцца ў вялізную раку, так і натурныя эцюды з’яўляюцца асновай у рабоце над вялікім кампазіцыйным пейзажам, які адлюстроўвае прыгажосць роднай прыроды. Галоўнае, каб вынік быў прыкладна такім: паглядзелі на работу, і вам захацелася прайсці туды, да берага ракі. Быў выпадак. Я напісаў пейзаж, скампанаваны поўнасцю, без натуры. Назваў “Лепельскія азёры”. Прыйшоў вадзіцель, які возіць карціны на выставы, і пытае: “Гэта што?” Я адказваю: “Лепельскія азёры”. “Так і ёсць. Я там рыбу лавіў”, — сказаў ён. І сапраўды, гэта было рэальнае месца… Я заўжды імкнуся асабістыя адчуванні і эмацыянальнае ўспрыманне прыроды праз свае творы перадаць будучаму гледачу”.
Ідэю бязмежнай прасторы падтрымлівае ў карцінах мастака вобраз высокага неба, якое зачароўвае невычарпальным касмічным блакітам. Ёсць у работах Уладзіміра Паўлавіча і сімвалічныя кампазіцыі, дзе нябесныя вяршыні прачэрчаныя “велічэзнымі гарамі” цёмных хмар або працятыя сонечнымі промнямі, што прарываюцца скрозь воблачнае марыва. Такая вобразная стыхія надае абліччу роднай зямлі ў жывапісным яе бачанні вялікую значнасць і выразнасць, што адпавядае яе натуральнай прыгажосці, чысціні і першапачатковасці.

Уладзімір Масленікаў вядомы таксама як таленавіты партрэтыст. У гэтым жанры ён — тонкі псіхолаг. Яго героямі становяцца блізкія яму людзі, родныя, калегі, сябры… Сярод ранніх — партрэт тэатральнага рэжысёра Валерыя Маслюка, з нядаўніх — футбольнага трэнера Эдуарда Малафеева. Партрэтная галерэя Уладзіміра Масленікава пастаянна папаўняецца новымі вобразамі сучаснікаў.
КАРОТКАЯ БІЯГРАФІЯ
Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Мінску.
У 1980 г. скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, аддзеленне жывапісу.
Працуе ў станковым жывапісе ў жанры пейзажа, партрэта, нацюрморта.
Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1989 года.
З 1996 прыняў удзел у 18 міжнародных пленэрах па жывапісе. Правёў 10 персанальных выстаў.
З 2011-га — загадчык кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар.
У 2012-м узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленікава, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Гомельскім абласным краязнаўчым музеі, а таксама ў прыватных галерэях і калекцыях у Расіі, Беларусі, Італіі, Германіі, ЗША, Ізраіля, Францыі, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Кітая.

СПАЧУВАЕМ!

28 кастрычніка 2023 года пайшоў з жыцця вядомы беларускі мастак-жывапісец, сябра Беларускага саюза мастакоў з 1994 г., Лагуновіч-Чарэпка Сяргей Аляксандравіч (27.12.1953 – 28.10.2023). Беларускі саюз мастакоў выказвае шчырае спачуванне блізкім і родным мастака. Развітанне з Сяргеем Аляксандравічам Лагуновічам-Чарэпкам адбудзецца 30 кастрычніка 2023 г. а 11-й гадзіне ў памяшканні Мінскага крэматорыя на Паўночных могілках. Сяргей Лагуновіч-Чарэпка

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ГАЛЕРЭЯ БЕЛАРТ: ВЫСТАВА ЖЫВАПІСУ ЮЛІІ МАЦУРЫ «СТРУНЫ ЦІШЫНІ». 9.02-23.02.2023

Выстава жывапісу Юліі Мацура «Струны цішыні»Мастацкая галерэя Беларт запрашае Вас на адкрыццё выставы жывапісу Юліі Мацура “Струны цішыні”. Юлія Мацура нарадзілася 27 лютага 1984 года ў Мінску. У 2002 годзе скончыла Мінскі каледж мастацтваў. З 2002 года актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных выставах. У 2008 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, кафедру графікі. 2008

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

МУЗЕЙ ГІСТОРЫІ ГОРАДА МІНСКА: «Z O O A R T»

21 снежня 2023 года а 17-й гадзіне ў Музеі гісторыі горада Мінска адбудзецца адкрыццё куратарскай анімалістычнай выставы твораў з керамікі, шкла, дрэва, металу, каменю «Z O O A R T». На выставе «Z O O A R T» прадстаўлена больш за 100 твораў 44 беларускіх мастакоў, сярод якіх прафесійныя члены ГА «Беларускага саюза мастакоў», секцыі

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

СПАЧУВАЕМ!

СЯБРЫ! СУМНАЯ НАВІНА! 18 снежня 2023 года пайшоў з жыцця вядомы беларускі графік і жывапісец, сябра Віцебскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў ВАЛЬНОЎ УЛАДЗІМІР МІКАЛАЕВІЧ. Беларускі саюз мастакоў выказвае шчырае спачуванне родным і блізкім мастака. Развітанне з Уладзімірам Мікалаевічам Вальновым адбудзецца 20 снежня 2023 года з 10.00 да 12.00 у малой зале Абласной бальніцы г.Віцебска. Вальноў

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »