Бабруйскай гарадской арганізацыі ГА БСМ – ужо 30 гадоў. Гэта няпросты жыццёвы і творчы шлях, поўны дасягненняў, расчараванняў і, у чымсьці, драматызму.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны 19 красавіка 1948 года адбыўся першы збор мастакоў горада, на якім прысутнічалі 14 чалавек і было прынята рашэнне стварыць Таварыства мастакоў горада Бабруйска. Старшынёй гэтага аб’яднання стаў А. Астроўскі, у той час у горадзе адзіны член Саюза мастакоў СССР. У 1950 годзе пры гарнізонным Доме афіцэраў у падвальным памяшканні была створана мастацка-афарміцельская майстэрня, куды ўвайшлі 12 мастакоў. У майстэрні займаліся афарміцельскай працай, вырабам нагляднай агітацыі, рабілі копіі карцін, пісалі партрэты сябраў Палітбюро.
Улічваючы, што да 1954 года Бабруйск быў абласным горадам і аддаючы даніну гэтаму статусу, пры абласным Доме народнай творчасці ў будынку гартэатра працавала студыя выяўленчага мастацтва. Многія мастакі наведвалі яе, каб павысіць сваё прафесійнае майстэрства. Але пасля 1954 г. студыя была зачынена. Мастакі горада самі арганізавалі занятак малюнкам, пазіравалі адно аднаму. У пасляваенныя гады былі вялікія цяжкасці з мастацкімі матэрыяламі: мастакі самі майстравалі пэндзлі са свінога воласа, выраблялі падабенствы эцюднікаў і да т.п.
Наладжваліся творчыя сувязі з Саюзам мастакоў БССР, які падтрымліваў і кансультаваў мастакоў у абласцях; Бабруйскі аддзел культуры дапамагаў у падрыхтоўцы выставак. Бабруйскія мастакі, нягледзячы на цяжкія пасляваенныя часы, імкнуліся сістэматычна ладзіць гарадскія выставы. Адбыліся першыя персанальныя выставы У. Дамарада і С. Абрамава. Свае залы для правядзення выставак прадстаўлялі краязнаўчы музей, гарнізонны Дом афіцэраў, гартэатр, гарадскі Дом культуры і нават бібліятэка дзіцячага парка. На тых выставах былі прадстаўлены работы не толькі прафесійных, але і самадзейных мастакоў. Бабруйчане бралі ўдзел і ў абласных выставах.
Пры Доме піянераў працаваў гурток выяўленчага мастацтва, якім кіраваў адданы сваёй справе Б. Бяляеў. Азы майстэрства тут спасцігалі многія, якія сталі пасля вядомымі, мастакі: члены Саюза мастакоў Э. Белагураў, Т. Арасланава, А. Махніст, мастакі І. Моцін, У. Міхайлоўскі, Г. Барэйка, К. Рубан, У. Кнарус, А. Салдаценка і многія іншыя.
У 1965 г. на базе Магілёўскага і Бабруйскага цэхаў Мінскіх мастацка-афарміцельскіх майстэрняў былі створаны Магілёўскія мастацка-вытворчыя майстэрні Худ. Фонду БССР.
У 1988 г. Магілёўскія мастацка-вытворчыя майстэрні былі перайменаваны ў Магілёўскі камбінат “Мастацтва” Мастацкага фонду БССР.
З 1965 г. па 1990 г. у рабоце Бабруйскага мастацка-вытворчага ўчастка, размешчанага на вул. Бахарава, які з’яўляецца філіялам Магілёўскага камбіната “Мастацтва”, прынялі ўдзел каля 70 мастакоў, рознай кваліфікацыі, узроўню спецыяльнай адукацыі і статусу прафесійнага майстэрства. Старшынёй мастацкай рады многія гады быў У. Самачарноў, затым Э. Белагураў. Мастакі Бабруйска, працуючы ў сістэме мастацкага фонду Беларускага саюза мастакоў і выконваючы мноства афарміцельскіх, дэкаратыўных, манументальных работ у розных рэгіёнах Беларусі, шмат зрабілі па афармленні роднага горада: экстэр’еры і інтэр’еры школ, дзіцячых садоў, вучылішчаў, устаноў, магазінаў, паліклінік, бальніц, аўтавакзала і інш.
Да 1980 г. у Бабруйску ўжо было 6 членаў саюза мастакоў: У. Дамарад, У. Самачарнаў, С. Абрамаў, Ю. Нікіфараў, Э. Белагураў, А. Ясюкайць. З 1976 г. па 1983 г. С. Абрамаў быў адказным сакратаром Бабруйскага філіяла Магілёўскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў БССР. Дзякуючы ягонай ініцыятыве і настойлівасці ў 1976 годзе ў горадзе Бабруйску па вул. Сацыялістычнай, 100 адкрылась выставачная зала, другая па велічыні ў рэспубліцы пасля Мінскага Палаца мастацтва. Працай выставачнай залы кіраваў на грамадскіх пачатках С. Абрамаў. Ім была праведзена да сярэдзіны 80-х гадоў значная праца па арганізацыі выставачнай дзейнасці ў горадзе, дый уся сістэма тагачаснага Саюза мастакоў СССР спрыяла гэтаму. З 1983 г. па 1989 г. С. Абрамаў з’яўляўся старшынёй Магілёўскай абласной арганізацыі БССР. Адказным сакратаром Бабруйскага філіяла Магілёўскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў БССР з 1989 г. быў выбраны В. Калтыгін; мастацка-вытворчы ўчастак з вул. Бахарава перабраўся ў будынкі былой СШ №17 па вул. Працы, 9 (ускраіна горада). Наперадзе намячаўся новы этап мастацкага жыцця горада Бабруйска. Тым больш Бабруйск зяўляўся 7-мым па велічыні і насычанасці прамысловасцю горад у рэспубліцы. Вось на такой глебе ў 1980-я гады і ўзнікла жаданне нешматлікай яшчэ групы членаў Саюза мастакоў у Бабруйску, кіруемай адказным сакратаром С. Абрамавым, стварыць сваю гарадскую арганізацыю Саюза мастакоў.
Па статутных нормах СМ СССР, для стварэння гарадской арганізацыі, як першаснай структуры, трэба мець у наяўнасці 10 сяброў. У 1990 г. у Бабруйску ўжо былі 12 чалавек. Заставалася толькі правесці шэраг арганізацыйных справаў, прыняць рашэнне. Што і адбылося.
1990 г. Рашэннем Пленума Праўлення Саюза мастакоў Беларусі № 486 ад 07.06.1990 г. створана Бабруйская гор. орг. СГБ. Старшынёй абраны В. Калтыгін. Бабруйскі мастацка-вытворчы ўчастак Магілёўскай вобл. камбіната “Мастацтва” быў рэарганізаваны ў самастойныя мастацка-творчыя майстэрні Бабруйскай гарадской арганізацыі. Дырэктар майстэрняў – І. Чаркашын.
З 1990 г. мастацкі фонд БССР перастаў існаваць, яго структурныя падраздзяленні перайшлі пад непасрэднае кіраўніцтва БСМ.
Выставачная зала ў Бабруйску была аддзелена ад Мінскага Палаца мастацтваў і перададзена Бабруйскай гарадской арганізацыі. Па ініцыятыве гарадской арганізацыі 24 мая ў выставачнай зале адбыўся з удзелам кіраўніцтва горада і дырэктараў буйных прадпрыемстваў і арганізацый вялікі “круглы стол” па праблемах развіцця выяўленчага мастацтва ў Бабруйску. Былі прыняты шэраг рашэнняў.
1991 г. Арганізавалі і правялі ў красавіку ў Бабруйску ўпершыню ў Беларусі «Дзень мастака». У праграме: гарадская выстава і дабрачынная латарэя твораў бабруйскіх мастакоў; касцюміраванае шэсце па горадзе з аркестрам і ўдзелам маладзёжнага тэатра “Альтэрнатыва”.
Адкрылі свой мастацкі салон-крама па вул. Сацыялістычнай.
1992. г. У красавіку арганізавалі і правялі 2-й «Дзень мастака». Перадалі выставачную залу аддзелу культуры Бабруйскага гарвыканкама, чым захавалі яго жыццядзейнасць. У далейшым у ім быў зроблены капітальны рамонт. Дырэктар выставачнай залы – С. Прывалава.
1994 г. У красавіку арганізавалі і правялі 3-і “Дзень мастака”.
Трэба адзначыць той факт, што ў першай палове 90-х гадоў у г. Бабруйску працавала творча і дастаткова рэзультатыўна каля 70-ці мастакоў рознага прафесійнага і ўзроставага ўзроўню. Мастацкі салон-крама нядрэнна арганізаваў сваю работу па продажы карцін бабруйскіх мастакоў і вырабаў умельцаў.
Гарадская выставачная зала была насычаная разнастайнымі выставамі. У штогадовых гарадскіх выставах, арганізаваных сумесна з Саюзам мастакоў, пад яго куратарствам, удзельнічала не менш як 30 мастакоў. Важна было падтрымліваць у ствараемых экспазіцыях належны мастацкі ўзровень.
Гэта былі гады, калі ўзнікла і атрымала ў далейшым сваё развіццё магчымасць любому мастаку адкрыта, незалежна рэалізоўваць свае камерцыйныя жаданні ў творчасці, актыўна шукаць пакупніка, г.зн. забяспечваць сябе матэрыяльна. Быў пакладзены пачатак супрацоўніцтву з замежнымі калегамі і партнёрамі: выставы, продажы, пленэры, кантакты з галерэямі і інш.
У тыя часы мастацкай радзе, ужо ўзначальванай А. Канцубам, хапала працы: у мастацкіх майстэрнях заўсёды былі замовы, часам вельмі буйныя. Але пазней наступілі цяжкія, складаныя эканамічна часы.
1996 г. Пачатак велізарнай, адказнай працы мастацка-творчых майстэрняў па стварэнню экспазіцыі новага краязнаўчага музея на пл. Перамогі ў г. Бабруйску, аўтар канцэпцыі – Э. Агуновіч. Пад яго кіраўніцтвам мастак-афарміцель А. Салдаценка распрацоўваў і ствараў макеты экспазіцый розных залаў і аддзелаў. Удзельнічалі ў гэтай значнай і маштабнай працы члены БСМ: Э. Белагураў, І. Данільчанка, Ю. Нікіфараў, А. Концуб, В. Калтыгін, А. Савічаў, В. Рубцоў, мастакі В. Гаўрыленка, Т. Абрамаў, Я. Нікіфарава , Т. Шаўструк і інш. Праца ў музеі працягвалася да 1998 г.
1998 г. Памёр Э. Белагураў.
2000 г. Мастацкі салон-крама не вытрымаў эканамічных і фінансавых праблем, якія ўзніклі ў канцы 90-х, і гарадская арганізацыя прыняла рашэнне яго закрыць з-за поўнай стратнасці і бесперспектыўнасці зместу. Так складаліся сітуацыі ў плане эканомікі, фінансаў і набыцці сур’ёзных заказаў, што мастацкія творчыя майстэрні паступова апынуліся на мяжы банкруцтва, шанцаў выйсці з гэтага становішча практычна не было.
2002 г .У сувязі з працяглай адсутнасцю заказаў, прастоем, скарачэннем рынку паслуг па статутнай дзейнасці з адначасовым ростам нядоімак па падатках і абавязацельстваў ным непадатковым плацяжам, немагчымасцю далейшага функцыянавання мастацтваў. – творчыя майстэрні былі ліквідаваны.
Увогуле, Бабруйская гарадская арганізацыя ГА БСМ паступова губляла свае пазіцыі, набытыя ў пачатку 1990-х. Чыннікаў гэтаму было шмат. Фактычна ўсе абласныя арганізацыі БСМ, кожная па-свойму, сутыкнуліся з аналагічнымі праблемамі ў сваім існаванні ў другой палове 1990-х – пачатку 2000-х. Тым не менш, творчае жыццё членаў саюза мастакоў працягвалася ў розных формах яе праяўлення, удзелу ў выставах і пленэрах у рэспубліцы і за мяжой.
2003 г. Памёр Ю. Нікіфараў.
Па ініцыятыве Бабруйскай гарадской арганізацыі ГА БСМ, па праекце В. Калтыгіна ў г. Бабруйску, пры падтрымцы гарадскога аддзела культуры, быў арганізаваны і праведзены І-шы Міжнародны пленэр па кераміцы, які стаў штогадовым і атрымаў з 2004 г. назву “Арт-Жыжаль”. Арганізатар і кіраўнік – В. Калтыгін, пастаянныя ўдзельнікі – А. Концуб, А. Ткачоў.
2005 г. Памёр У. Дамарад.
Па Бабруйскай гарадской арганізацыі ГА БСМ гарганізацыі дзіцячай мастацкай школе г. Бабруйска ў 2005 г. было прысвоена імя С. Дамарада.
2007. Па ініцыятыве Бабруйскай гарадской арганізацыі ГА БСМ Бабруйскі гарвыканкам пачаў вырашаць пытанне аб стварэнні мастацкага музея.
2008 г. Бабруйскі гаррайаддзел па надзвычайных сітуацыях урачыста адкрыў выставачную залу «Пажарнае дэпо» па зав. Пажарнаму 3. Бабруйская гарадская арганізацыя ГА БСМ перадала для пастаяннай экспазіцыі 30 работ бабруйскіх мастакоў: жывапіс, графіка, ДПМ.
2009 г. Выставачная зала атрымала статус музея. Пачатак рэканструкцыі новага памяшкання для мастацкага музея па вул. Горкага, 28. Дырэктар музея С. Прывалава фактычна вяла і кантралявала ўсю рэканструкцыю ад праекта да заканчэння ўсіх работ.
2010 г. Памёр У. Рубцоў.
2012 г. Пасля рэканструкцыі адкрылася новае памяшканне мастацкага музея па вул. М. Горкага, 28. Выставачная зала па вул. Сацыялістычнай, 100 застаўся экспазіцыйнай часткай музея для перыядычных, зменных выставак. Адкрыццё свайго мастацкага музея ў Бабруйску, пра які ўвесь час гаварыла Бабруйская гарадская арганізацыя БСМ, звяртаючыся да кіраўніцтва горада, пачынаючы з 1991 г. з’яўляецца найважнейшай падзеяй для развіцця творчага асяроддзя ў горадзе.
Калі аб’ектыўна ацэньваць усё тое, што адбывалася з мастацкім жыццём у г. Бабруйску пасля 2000-х у ХХI стагоддзі, то становіцца зразумелым становішча, у якім аказалася мастацкая творчасць у горадзе цяпер, яго наяўная актыўнасць і рэальныя магчымасці.
Колькасць мастакоў у арганізацыі падоўгу стабільна не трымалася, вагаючыся ад 13 у 1990 г. да 16 сяброў у 1997 г. і да 13 у 2010 г. З 2012 г. у арганізацыі на ўліку ўсяго 10 чалавек, на сённяшні дзень у асноўным пенсійнага ўзросту: С. Абрамаў, Т. Арасланава, А. Концуб, В. Калтыгін, Т. Карчажкіна, І. Кустава, А. Махніст, У. Самачарноў, А. Савічаў, А. Ткачоў. Бабруйская гарадская арганізацыя ГА БСМстраціла сваю былую творчую значнасць.
Ужо не вернеш тыя часы, калі на выставах бабруйскіх мастакоў дамінавалі творы Э. Белагурова, С. Дамарада, Ю. Нікіфарава, В. Рубцова, А. Ясюкайця, якія былі пэўнымі дамінантамі ў экспазіцыі, стваралі адчуванне высокага ўзроўню творчасці, майстэрства і духоўнасці, неслі ў сабе зарад магутнага таленту. Шмат добрых мастакоў знікла з горада па розных прычынах, мастацкая моладзь у горадзе не з’яўляецца ўжо даўно. Няма былой творчай актыўнасці нешматлікіх сяброў БСМ у Бабруйску. Апошнія гарадскія выставы ў мастацкім музеі красамоўна сведчаць аб беднасці творчага патэнцыялу ў Бабруйску. А прычына ў тым, што Бабруйская гарадская арганізацыя ГА БСМ, як і ўсе абласныя арганізацыі Саюза мастакоў, праходзіць сёння праз агульныя няпростыя моманты свайго існавання і развіцця.
Май 2020 г. В. Калтыгін