Магілёўская абласная арганізацыя

Магілёўская зямля, авеяная паданнямі і легендамі, – край, багаты на гістарычную і культурную спадчыну. У розныя часы, нягледзячы на спусташальныя войны і ліхалецці, гэтая спадчына аднаўлялася і развівалася, бо нельга спыніць прагу людзей да мастацтва. Пра гэта красамоўна сведчаць выдатныя летапісныя, літаратурныя і архітэктурныя помнікі, створаныя розумам і талентам нашых землякоў. Старадаўнія магілёўскія мастацкія традыцыі – частка пласта беларускай культуры, для якой характэрны на пачатку XIV стагоддзя ўздым мастацтва керамікі, пазней – развіццё магілёўскай школы гравюры і ў XVII стагоддзі – іканапіснага  майстэрства…

На трывалым гістарычным падмурку мастацтва Магілёўскай вобласці набыло сваю адметнасць і ў ХХІ стагоддзі. Шэраг мерапрыемстваў міжнароднага і рэспубліканскага значэння, якія праводзяцца сёння  –  захаванне і папулярызацыя прафесійнага мастацтва. Штогод, пачынаючы з 1996, праходзіць міжнародны пленэр па жывапісу “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве”, з 2015 года міжнародны пленэр “Магілёў вачыма гасцей”.  Праведзена 17 міжнародных пленэраў па кераміцы “Арт-Жыжаль”, пленэры па скульптуры. Дзякуючы такім акцыям, мы імкнемся не толькі зберагчы і данесці да нашчадкаў вялікую мастацкую спадчыну, але і прадставіць творы сучаснікаў, таленавітых мастакоў прыдняпроўскага краю.

Сучаснае мастацтва Магілёўскай вобласці ўвасабляе рэтраспектыўны паказ мастацкіх твораў звязаных з лёсам і жыццём чалавека. Мастакі розных пакаленняў, сабраныя ў адной экспазіцыйнай прасторы, выклікаюць на дыялог і праводзяць дыялог паміж сабой. Сёння перад намі – вопыт мастакоў старэйшага пакалення, пераасэнсаванне традыцый і новая  мова мастацтва.

Актыўную творчую дзейнасць працягваюць мастакі старэйшага і сярэдняга пакаленняў: Ю.Несцярук, Л. Сівакова, Б.Первунінскіх, А.Концуб, В.Калтыгін, Г.Конанава, В.Юркова, М.Несцярук, К. Аляксееў, В. Камароў, А. Сувораў, У. Конанаў. Разам з імі займаюць сталае месца ў мастацкім жыцці творцы, што ўпершыню заявілі пра сябе на пачатку 1990-х гадоў: Л.Журавовіч, А.Вераб’ёў, І.Беспалаў. У 2000-х гадах актыўна творчы працуюць: А. Ціханавец, Я. Зайцаў, А.Еўдакіменка, А. Мінькоў, Р. Коршунаў.

Пашыраецца дыяпазон тэм і сюжэтаў, вырашаемых мастакамі. Цікава і разнастайна прачытваецца тэма расповеду пра жыццё і лёс чалавека.

Асацыятыўная  форма вобразнай інтэрпрэтацыі становіцца асновай у творчай практыцы мастакоў Магілёўшчыны. У творах усё часцей адсутнічае перспектыўная пабудова, ускладняецца пластычнасць мовы выяўленчага мастацтва, нарастае метафарычнасць і сімвалічная ўмоўнасць,  з’яўляюцца знакавыя формы. Пры ўсёй шматварыянтнасці эмацыянальна-псіхалагічных сітуацый у творах відаць ухіл да супастаўлення інтэлектуальных і маральных пачаткаў.

Мастакі часта замыкаюцца ў  рамках свайго ўнутранага свету, што вядзе да закрытасці і відавочнай інтымізацыі вобразнай структуры. Назіраецца адыход ад пэўнай рэчаіснасці вобраза. Расце імкненне выявіць глыбінны, скрыты сэнс нетрадыцыйнымі сродкамі. Выяўленчае мастацтва страчвае сацыяльны пафас. Аўтары пачалі шукаць крыніцу вобразнасці ў навакольных справах і ў сваім унутраным вопыце. Такая асаблівасць прасочваецца ў творах Г.Конанавай, Л.Журавовіч, М.Несцярук, В.Юрковай і інш.

У выяўленчым мастацве відаць імкненне мастакоў да філасофскага абагульнення. Мастакі імкнуцца не проста адлюстроўваць рэальны, дакументальны факт, а паставіць пэўную сацыяльна-філасофскую праблему, даць ёй мастацкую інтэрпрэтацыю. Асацыятыўная форма адлюстравання заўважна выцясняе натуральна-рэалістычную. Творцы імкнуцца да псіхалагічнага аналізу. У створаных імі вобразах назіраецца філасофскі падтэкст. Гэта адчуваецца ў творах А.Суворава, В.Калтыгіна, А.Концуба, Ю.Несцярука, А. Вераб’ёва і інш.

Рэгіяналізм – пачуццё асабістай любові да малой Радзімы, шчырае імкненне мастака да адлюстравання паэтычнай прыгажосці родных мясцін, глыбокая цікавасць да страчаных побыту, абрадаў і звычаяў, людзей, якія нарадзіліся, жывуць і славяць сваімі дасягненнямі Магілёўскі край.

Гэта тэндэнцыя найбольш поўна выявілася ў жанравых кампазіцыях,  партрэце, тэматычнай карціне, Г. Конававай, Л.Журавовіч, А.Концуба, В. Юрковай, Р.Коршунава, Я.Зайцава.

Менавіта рэгіяналізм прыўнёс у беларускае выяўленчае мастацтва яркую эмацыянальную афарбоўку жанравых кампазіцый, партрэтнага мастацтва. Творцы імкнуцца сродкамі выяўленчага мастацтва выявіць свае эмоцыі, данесці да гледача свае творчыя ідэі.

Мастакі Магілёўшчыны актыўна адгукнуліся на трагічныя вынікі экалагічнай бяды і лёсы людзей, якія засталіся жыць і працаваць у гэтых мясцінах. Гэта тэма знайшла адлюстраванне ў творчасці  і вырашэнні  стылявых напрамкаў шэрагу мастакоў розных пакаленняў: ад традыцыйна рэалістычных – да эмацыянальна-асацыятыўных, з выкарастаннем сучаснай пластычнай мовы. Яе матывы востра загучала ў творах Л.Сіваковай, А.Концуба, Ю.Несцярука і інш.

Пошук мастацкай формы для перадачы змястоўнага пачатку ўяўляе найбольшую складанасць у творчым працэсе.  Ёсць жаданне, каб выяўленчае  мастацва Магілёўшчыны і ў далейшым развівалася па шляху аднаўлення і пошуку новых вобразных рашэнняў, якія ўзбагацяць цікавымі адкрыццямі беларускае выяўленчае мастацтва.

Спадзяюся, што выставачны праект “Жыццё чалавека” адкрые для наведвальнікоў і прыхільнікаў выяўленчага мастацтва яркія старонкі беларускай духоўнай спадчыны, новыя творы выяўленчага мастацтва і стане значнай з’явай у культурным жыцці  ўсёй Беларусі.

Мастацтвазнаўца, загадчык філіяла

“Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі”, Святлана Строгіна.

ВІНШУЕМ!

Віншуем Занковіча Валянціна Паўлавіча, сябру секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў, аднаго з аўтараў хатынскага мемарыяла,

Падрабязней »