Запрашаем мастакоў і дызайнераў прыняць удзел у III арт-праекце «Беларускі АРТ-Алфавіт»

Прэзентацыя праекта адбудзецца у верасні, у Віцебскім Абласным Мастацкім музеі, а ў лістападзе праект будзе экспанавацца ў Мінску, у Палацы мастацтва, у рамках рэспубліканскай выставы "Скарыніяна".

Устойлівы ўздым цікавасці да беларускай  нацыянальнай культуры, да яе характэрных асаблівасцяў і рысаў з’яўляецца своеасаблівым рухавіком для пошукаў творчых людзей, улюбёных у гісторыю і культуру сваёй радзімы. Беларуская мова, беларускі алфавіт, абрысы літар, устойлівыя выразы, показкі, гумар, - у іх захоўваецца ўнікальны светапогляд беларуса, адбіваюцца розныя адценні гістарычных змен, каларыт і самабытнасць нацыянальнай культуры.

У гэтым годзе мы святкуем 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, і менавіта асобе Скарыны і ягонай працы будзе прысвечаны трэці Арт-Алфавіт.

Як і раней, асноўным напрамкам праекту з’яўляецца вывучэнне роднай мовы, яе складнікаў і каранёў. Бо народ, які губляе сваю моўную ідэнтычнасць, губляе і сувязь з продкамі, губляе сакральны сэнс, які хаваецца ў словах.

І менавіта гэтую сакральнасць мы будзем шукаць ў “Арт-алфавіце”, прысвечаным Францішаку Скарыне.

Што ёсць “Слова Скарыны”?

Як успрымае асобу першадрукара сучасны мастак?

Чым ёсць “Псалтыр” для чалавека 21 стагоддзя?

І як выглядае сучасны алфавіт у нашым, наскрозь медыйным, асяроддзі?

Мастацкі праект “Бларускі АРТ-Алфавіт” прапануе азірнуцца ў мінулае,  працягнуць руку славутаму продку і прайсці скрозь стагоддзі, каб разам асэнсаваць тыя змены, якія адбыліся за гэты час.

Да ўдзелу запрашаюцца мастакі, дызайнеры, а таксама майстры інсталяцыі, відэаарту.

Тэхніка выканання неабмежаваная.

Тэрмін збору твораў: да 25 жніўня 2017 г.

Куратар праекту: Кацярына Мяснікова

+ 375 29 718 35 66 (МТС), +375 44 721 79 69 (Велком)

e-mail: katarzinaart@mail.ru