Гонар маю!

З вялікай прыкрасцю ды агідай паглядзеў у сеціве відэакліп Вадзіма Галыгіна і гурта “Ленинград”, якім гэтыя “прикольные пацаны” павіншавалі жанчын з прыгожым святам. Нават і не прыгадаю, калі яшчэ нас, беларусаў, так нізка апускалі. Алкашы, дэбілы, дэграданты, прыдуркі з трасянковай лексікаю алігафрэнаў, якая перакладаецца ў цітрах на “правильный высококультурный язык”. І ўся гэтая падвальна-гаражная брыдота суправаджаецца базарна-бардэльным хорам тутэйшых лярваў з прыпевам “хочацца мужыка, лезе ў трусы рука…”. А дырыжыруе гэтаю гідотай народны, здавалася б, артыст Ярмоленка, а на падпеўках – наша бізнес-women Грыбалёва. Што й казаць, дыхтоўны ўнёсак у творчую біяграфію.

Вось такімі нас, беларусаў, бачаць маскоўскія “шнуры” ды іх тутэйшыя лёкаі, гатовыя за тры панскія капейкі патаптацца па ўласным гонары, якога, падобна, няма, а можа ніколі й не было. Ды каб толькі па ўласным, то й хай сабе, але ж патапталіся яны па нацыянальным гонары кожнага з нас, незалежна ад таго, усведамляе гэта хто, ці не. Баюся, што большасць тутэйшых палічыць гэта проста “классным приколом”, прынамсі “tut.by” ды “Наша Ніва” на сваіх старонках у інтэрнеце не прамарудзілі ўслужыць вясёламу “барину”.

Спрабую, ды ніяк не выходзіць уявіць, што гэткае нешта Шнур з дапамогаю тамтэйшых “приколистов”, зняў бы, скажам, пра літоўцаў, палякаў, латышоў, азербайджанцаў, а тыя хуценька перапампоўвалі б “прикол” на свае старонкі, каб як найболей “лабусаў”, “азераў” ды “пшэкаў”, пасмакавалі той плявок. Не думаю, што гэткае магчыма. А намі спадарства, як бачым, можна падцерціся, а мы яшчэ і ўсцешыліся: “ах, как прикольно!”. Бо ўжо зараз “tut.by” заклікае на канцэрты адэпта расійскага брыдкаслоўя гурта “Ленинград”, якія адбудуцца ажно ў кастрычніку. Служым “барину» і прагнем, каб ён наваліў на нас яшчэ болей.

Той, хто дазваляе называць сябе быдлам, відаць, таго й заслугоўвае, а той, хто робіць выгляд, што плявок у вочы – гэта Божая раса, хай па-халопску ўціраецца ды яшчэ й падзякуе за смачны плявок, які, аказваецца, усяго толькі “классный прикол”. Ну а тыя, хто хамства называе хамствам, а дэманстратыўную абразу – абразай, маюць усе шанцы быць запісанымі ў “колхозники” і “курицы”, таму што з-за сваёй цемнаты і тупасці назаўсёды засталіся ў мінулым стагоддзі і не разумеюць вытанчанага гумару. “Ну куды нам да нашых землякоў, прасунутых у маскоўскую гламурную тусню?”

Можна было б паразважаць над прыродай тутэйшага плебейства ды самааплёўвання й заніжанага нацыянальнага імунітэту, але зараз не пра гэта. Зараз мне хацелася б пачуць адпаведнае рэагаванне ад Міністэрства культуры ды Міністэрства інфармацыі нашай краіны. Бо хто, як не яны мусяць дбаць пра вобраз нацыі ў вачах тых, што клянецца ў вечнай любові й братэрстве.

Прыгадалася раптам, як колькі гадоў таму нейкая камісія на чале з М.І. Чаргінцом забараняла канцэрты сусветна знакамітага нямецкага гурта “Rammstein”. Во дзе, сапраўды “прикольно”.

P.S.  Зашмат было б гонару для былых гламурных беларусаў палемізаваць з імі, тым больш даўно ўжо не страшна быць імі залічаным у рэтраграды ды “колхозники”, што цалкам пазбаўленыя пачуцця гумару ды самаіроніі. Ну тут справа ў якасці гумару: адна справа – Жванецкі ці, нават нашы Саша і Сірожа, другая – шнуры з галыгінымі. А галоўнае – самы час прыгадаць беларусам, што калісьці наш народ меў да 7% шляхты, жыццёвым прынцыпам і лозунгам якіх быў кліч “Гонар маю!”

Жыве Беларусь!

Рыгор Сітніца – старшыня Беларускага саюза мастакоў.

Апошнiя навiны