«Арт-Брэст – 1000»

Паважаныя мастакі!

Сёлета ў верасні Брэст адзначае свой 1000-гадовы юбілей. У 2019 годзе Брэст таксама аб’яўлены культурнай сталіцай краін СНД. Урачыстыя святочныя мерапрыемствы распачнуцца 6 верасня і працягнуцца ўвесь месяц.

Мы запрашаем усіх зацікаўленых мастакоў да ўдзелу ў Рэспубліканскай мастацкай выставе “АРТ-БРЭСТ – 1000”, якая адбудзецца ў выставачнай зале па вуліцы Савецкай, 54. Спадзяемся на актыўны ўдзел у гэтай імпрэзе ўраджэнцаў горада і Берасцейшчыны, ды ўсіх, хто не абыякавы да тэмы старажытных гарадоў Беларусі.

У прапанаваных творах мы чакаем адлюстраванне вашага разумення гэтай гістарычнай падзеі для Беларусі. Брэст – своеасаблівы памежны горад з багатай і ў той жа час трагічнай гісторыяй, у якім перакрыжаваліся мноства культур розных народаў.

Для кагосьці з Брэстам звязаныя ўспаміны з далёкага маленства, для іншых – вучоба альбо служба ў войску. Усё гэта можа быць матэрыялам для мастацкага адлюстравання.

Шчыра запрашаем вас да ўдзелу ў Рэспубліканскай выставе, прысвечанай 1000-годдзю старажытнага горада Брэста!

Аргкамітэт

 

 

Апошнiя навiны