21 мая 2015 года ў 17.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбылося адкрыццё выстаўкі «Памежны стан» вядомай беларускай мастачкі Кацярыны Сумаравай.

«Мае карціны - гэта мой эмацыянальны стан. Часта за ім стаяць адносіны, успаміны, урыўкі сноў, слоў, дэталі быцця. Усё зашыфравана ... гэта дзённік, які прачытаць дакладна магу толькі я.

Але і для мяне мае ж карціны з часам становяцца толькі вобразамі, якія нясуць пэўны зарад. Непасрэдная сувязь паміж мной і творамі абрываецца і яны пачынаюць жыць сваім жыццём. Менавіта ў гэты момант, нібы, жадаючы вярнуць страчаную сувязь з карцінай, з яе выявай і яе эмоцыяй у мяне ўзнікае вострае жаданне паказаць карціны людзям.

Выставачная дзейнасць гэта таксама працэс поўны супярэчнасцяў. Свайго роду эмацыянальны стрэс, калі ты адкрываеш сваю душу на агляд публіцы. У прыродзе ўсё цыклічна, так і для мяне выстава з'яўляецца лагічным завяршэннем творчага цыклу, але яго кульмінацыяй з'яўляецца непасрэдная праца з палатном.

Гэта свайго роду адрачэнне ад штодзённасці і паглыбленне ва ўласную падсвядомасць, каб выйсці з працы абноўленай і моцнай, нібы пасля медытацыі».

   Кацярына Сумарава


Кацярына Сумарава нарадзілася 22 красавіка 1979 у Мінску. Скончыла Беларускі ліцэй мастацтваў імя І. Ахрэмчыка (1995), Беларускі каледж мастацтваў імя І. Ахрэмчыка (1998), Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (2004). Сябра Беларускага саюза мастакоў з 2007 года.

Выкладала ў Дзіцячай мастацкай школе №3 г.Мінска (2007 - 2013), Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на кафедры жывапісу (2008-2010).

Удзельніца больш за 40 персанальных і групавых выстаў, у тым ліку і міжнародных.

Мастачка працуе ў тэхніцы алейнага жывапісу, а таксама розных графічных тэхніках.

У апошні час працуе над вялікімі цыкламі работ: "Легенда", "Суб'ектыўны краявід", "Памежны стан", "Панарама года", "Рэтраспектыва дажджоў", "Ружа Вятроў" і інш.

Творы мастачкі знаходзяцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, Гарадской мастацкай галерэі В.А. Грамыка (г.Орша), прыватных калекцыях у Беларусі, Польшчы, Украіне, Германіі, Галандыі, Літве, Італіі, Японіі, Іране, ААЭ, ЗША, Канадзе.


Выстава працуе да 7 чэрвеня 2015 года.

Адрас: пл. Свабоды, 15

Тэлефон: (017) 321 24 30







Апошнiя навiны