Выстава, прысвечаная 70-годдзю заснавання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў

Арганізатары: Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, установа адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў», ВУП «Рэспубліканская мастацкая галерэя» Беларускага саюза мастакоў
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3
Час працы: 11:00 – 19:00 (выхадны: аўторак)
Урачыстае адкрыццё 3 чэрвеня 2015 года а 18 гадзіне
Прэс-канферэнцыя адбудзецца 3 чэрвеня 2015 года а 15 гадзіне ў ВУП «Рэспубліканская мастацкая галерэя» Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва), 3-ці паверх


3 чэрвеня 2015 года ў ВУП «Рэспубліканская мастацкая галерэя» Беларускага саюза мастакоў адкрываецца выстаўка, прысвечаная 70-годдзю заснавання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, што з’яўляецца працягам добрай традыцыі Акадэміі – падчас знакавых дат рабіць творчую справаздачу пра сваю дзейнасць перад грамадскасцю краіны. На выстаўцы прэзентуюць свае дасягненні мастацкі факультэт і факультэт дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.Творчая справаздача тэатральнага факультэта і факультэта экранных мастацтваў будзе прадстаўлена ў лістападзе гэтага года.Як вядома, на сённяшні дзень Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў з’яўляецца вядучай творчай вну ў Рэспубліцы Беларусь. Нацыянальныя мастацкія школы выяўленчага мастацтва і дызайну краіны фарміруюцца ў асноўным з ліку выпускнікоў мастацкага факультэта і факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія складаюць большасць у Беларускім саюзе мастакоў і Беларускім саюзе дызайнераў.Выкладчыкамі Акадэміі з’яўляюцца лепшыя майстры выяўленчага мастацтва краіны, сярод якіх: У. Тоўсцік, У. Зінкевіч, А. Фінскі, П. Татарнікаў, А. Арцімовіч, В. Слаук, а таксама і іншыя высокапрафесійныя педагогі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё нацыянальнага выяўленчага мастацтва і дызайну, прадставіўшы шырокую панараму творчых падыходаў ад акадэмічнага майстэрства да канцэптуальных эксперыментаў, і атрымалі высокае міжнароднае прызнанне.Дзякуючы намаганням кваліфікаваных педагогаў, у сценах Акадэміі яшчэ ў гады вучобы найбольш таленавітыя студэнты пад кіраўніцтвам выкладчыкаў ствараюць сапраўдныя ўзоры мастацтва (варта ўзгадаць мазаічныя творы на фасадзе Храма-помніка Усіх Святых у г. Мінску, выкананыя пад кіраўніцтвам Д. Чубукова; роспіс царквы ў в. Баркалабава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. і інш.). Малады педагог К. Касцючэнка з’яўляецца аўтарам мемарыяльнай кампазіцыі «Брама памяці» на месцы былога канцлагера «Трасцянец». У склад цяперашняй экспазіцыі ўваходзіць яго работа, якая экспанавалася на Міжнароднай біенале мастацтваў у Венецыі ў 2011 годзе.На выстаўцы прадстаўлены творы студэнтаў і выкладчыкаў мастацкага факультэта (3-ці паверх) і факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (2-гі паверх), створаныя імі за апошнія пяць гадоў.Мастацкі факультэт, які пачаў сваю дзейнасць у 1953 годзе, прэзентуе сучасны станковы жывапіс, тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва, выяўленчае рашэнне фільма, станковую і кніжную графіку, лепшыя вучэбныя малюнкі, работы ў тэхніках манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, работы студэнтаў-рэстаўратараў, скульптурную пластыку і інш.На выстаўцы можна ўбачыць і творы выкладчыкаў мастацкага факультэта Акадэміі – як прызнаных майстроў мастацтва (У. Зінкевіча, У. Тоўсціка, Ю. Хілько, П. Татарнікава і інш.), так і маладых аўтараў (А. Вырвы, К. Касцючэнкі, В. Малахава, В. Мельнік-Малахавай, А. Скарабагатай, А. Ярашэвіча і інш.).
Факультэт дызайну і дэкаратыўна–прыкладнога мастацтва, заснаваны ў 1976 годзе, з’яўляецца ўнікальнай школай па падрыхтоўцы дызайнераў і мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На сённяшні дзень у склад факультэта ўваходзіць 7 кафедраў: дэкаратыўна–прыкладнога мастацтва; касцюма і тэкстылю; прамысловага дызайну; графічнага дызайну; інтэр’ера і абсталявання; тэорыі і гісторыі дызайну; малюнка, жывапісу, скульптуры, на якіх вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў па дзесяці кірунках спецыяльнасцей і сямі спецыялізацыях. На выстаўцы экспануюцца дыпломныя і курсавыя праекты студэнтаў факультэта, што дае магчымасць пазнаёміцца з шырокім дыяпазонам твораў – ад аб’ектаў традыцыйных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва да найноўшых распрацовак у галіне дызайну. Гэта і мадэль новага легкавога аўтамабіля «Опель», створаная адным са студэнтаў Акадэміі падчас яго стажыроўкі ў нямецкай аўтамабільнай фірме; і дэкаратыўны фантан, прысвечаны легендарнаму возеру Свіцязь, апетаму ў айчыннай паэзіі; і цікавыя калекцыі адзення, створаныя пад уплывам традыцый беларускай народнай матэрыяльна-мастацкай культуры; і калекцыі мастацкага шкла і металу; і ўзоры мэблі; і праекты разнастайных інтэр’ераў; і серыі плакатаў; і відэаролікі, прысвечаныя актуальным падзеям сучаснага жыцця нашай краіны і яе гісторыі. У цэлым арганізацыя выставачнай прасторы дае яскравае ўяўленне пра дасягненні ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве і пра сучасны стан дызайну ў Беларусі.Сярод выхаванцаў факультэта пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і алімпіяд, лаўрэаты і стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Студэнты накірунку спецыяльнасці «Дызайн (віртуальнага асяроддзя)» Д. Карніенка, І. Юхневіч, Р. Мязітаў сталі пераможцамі адкрытых маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў-удзельніц СНД (2005, 2008, 2010 гады). Якасць падрыхтоўкі студэнтаў факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Акадэміі пацвярджаецца запатрабаванасцю выпускнікоў факультэта з боку вядучых прадпрыемстваў краіны, сярод якіх: РУВП «БелАЗ», ААТ «Амкадор», ЗАТ «Атлант», РУП «Белкамунмаш», УП «Мінскі завод колавых цягачоў», РУВП «Віцязь», УП «Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь, ААТ «Шклозавод «Нёман» і інш.









































Апошнiя навiны