Выстава ручнога ткацтва Святланы Баранкоўскай «RAD№О»

8 ліпеня (серада) 2015 года а 17-й гадзіне ў  ВУП "Рэспубліканская мастацкая галерэя" ГА "Беларускі саюз мастакоў" (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3, г. Мінск) адбудзецца адкрыццё персанальнай мастацкай выставы Святланы БАРАНКОЎСКАЙ «RAD№О».

Святлана Баранкоўская скончыла Віцебскі тэхналагічны тэхнікум, атрымаўшы спецыяльнасць "мадэльер-канструктар жаночага адзення". Вучылася ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце на кафедры мастацкага праектавання вырабаў тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці па спецыяльнасці "ткацтва". Выкладала малюнак, жывапіс, гісторыю мастацтва і архітэктуры Беларусі, , гісторыю сусветнага мастацтва ў сярэдняй школе №25 і ў дзіцячай мастацкай школе №1. Была распрацоўшчыкам праграмы па прадмеце “Гісторыя мастацтва і архітэктуры Беларусі”, рэцэнзентам праграмы “Гісторыя мастацтва і архітэктуры Беларусі” для сярэдніх спецыяльных навучальных установаў на спецыяльнасці “Архітэктура”.З 1992 г. была ўдзельніцай гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў (Масква, Даўгаўпілс, Смаленск, Франкфурт-на-Одэры, Гданьск, Беласток, Рэбург, Гарш, Гайнаўка, Таллінн, Мінск) Мастацкія працы выстаўляліся і ў абласных цэнтрах Беларусі, і ў вялікай колькасці раённых цэнтраў. З таго часу было арганізавана і 20 персанальных выстаў - “Одна связующая нить”, “Крывічанка”, “Альгердавым шляхам”, «Альгердава спадчына ”, «Жывыя» і іншыя. У 1998г. атрымала дыплом 2 ступені ў рэспубліканскай выставе “Новыя імёны”, у 2011 г., у першым біенале «Квадратный метр – свое пространство» - дыплом за лепшую працу, выкананую ў традыцыйнай тэхніцы габелена ў намінацыі «Поэтика образа» ( Масква, Расія) Некаторыя габелены захоўваюцца ў прыватных калекцыях - у Нямеччыне, Польшчы, Латвіі, Расіі, Ізраілі, Нарвегіі, Фанцыі, Бельгіі, Англіі, Іспаніі, Турцыі, Украіне.З 2003г. – сябра грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў", са снежня 2013г. – старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА "БСМ".


Rad№0 – утрыманне ўласнага ценю ў выглядзе знятай магіі. Амаль чараўніцтва з сэнсаў і літар, радкоў і палотнаў, асновы і ўтка…

Натуральны голас любога габелену заўжды пачынаецца ад нулявога радка. І нараджаецца Космас, дзе чалавек есць часткай роўнасці ўсяго перад усім, а найперш перад дабрыней, любоўю, мастацтвам.

Палатно адбываецца і тчэцца павольна, на даўгім дыханні, яно стрымлівае пачуцці, каб даклакна ўкласціся ў саму структуру. Як нататкі міфапаэтычнай мадэлі Сусвету. Як новыя альтэрнатыўныя формы жыцця.

І справа тут не ў сюжэце, не ў кампазіцыі, а ў даўгім дыханні самой тэхналогіі ткацтва. Гэтая чароўная тэхналогія дэмістыфікуе прыроду, стварае іншую natura naturans. У ей побытавыя рухі і рытмы сваей сакральнай традыцыйнасцю і паўторамі нараджаюць сакральныя тэксты. Рытмічны строй пругка, як шэрагі падзеяў жыцця, як музыка, як рост дрэваў, як змены цяпла і сцюжы, уваходзіць у палатно. Укладае радок за радком настрой, працяглую эмоцыю шчасця творчасці. Ткацтва адбываецца як своеасаблівая мастацка-філасофская з’ява, якая ў абагульненых вобразах дапамагае асэнсаваць унутраную прастору – духоўны шлях чалавека. Натуральны стан асобы на такім шляху – быць шчаслівым.

У габелене адным з самых значных крытэрыяў з’яўляецца структура. Дыспут паміж неадпаведнасцю візуальнага утварэння і тым, што адчуваецца пры дотыку рукамі, выклікае адрыў ад традыцыйнага разумення і поглядаў на сістэму каштоўнасцяў. Жорсткія і халодныя аб’екты сучаснасці прераўтвараюцца мяккімі матэрыяламі ў гіперрэалістычнную пачуццевасць. Так нараджаецца новы сэнс, новы культурніцкі знак, але ен і есць самым старажытным.

І ці так неабходна ў гэтым свеце паняцце верха і ніза, калі адзіна важна - вечны агульны рытм? Выразныя знакі на мяжы эфектных і вольных візуальных асацыяцый, вытанчаных музычных інтанацыях і гучных паэтычных метафарах пры змяненні ракурсу праходзяць цікавы і захапляльны працэсс пераўтварэняў. Хісткая і ненадакучлівая мадыфікацыя прасторы нараджае адчуванне шэрага шуму, ягонае імкненне ачысціцца да белі, да чысціні.

Ручное ткацтва - гэта дом для любога народу, які ведае тэхналогію перапляцення асновы і ўтка. Тут ажывае памяць і сыходзіць страх аб згубе памяці, ад страты мінулага, ад разгубленасці і самоты ў вялікім свеце. Вынікам гэтага – абарона і прамова аб сучаснасці праз напрацаваныя тэхнікі. Захаванне традыцыі у ткацтве працуе на глыбінным узроўні, пераводзячы перыферыйныя сэнсы ў асноўныя.

Фактура, што родзіць рукамі прастору, і што нараджае сама тугу па працы рукамі, ужо есць каштоўнасцю. І дае спадеў на тое, што яшчэ магчыма плесці матэрыю свайго жыцця, прытрымліваць яе пальцамі, нанізваць узоры карункаў і вузельчыкаў, адчуваць яе празрыстасць, трываласць і бясконцасць. Гэтая магчымасць звязваць абарванае, распускаць непатрэбнае ці дрэннае і працягваць радок з радком вязаць далей, адчуваючы суворае напружанне.

Габелен – мастацтва для пакояў і палацаў. Ен не збівае з ног, не рэжа вока, не падаўляе і не засмучае нават у самых дзёрзкіх сваіх эксперыментах. Проста і павольна тканая таямніца ўпаўзае ў душу, захопліваючы яе не сілай, а пяшчотай. Паветра і святло габелена змешваюцца з наваколлем, быццам прарастаючы ў яго. У ім рытмы паганскага шчасця і хрысціянскай самоты арганічна суіснуюць і спяваюць гімны сучаснасці. Адсочаныя і заблытаныя ў нітках воўны пругкія паэтычныя хвалі ціха кажуць аб тым, як эмоцыя, пачуцці забіўшыся ў палатно, самі робяць выявы. На ўзроўні музыкі разгадваюцца транскрыпцыі вады, неба, зямлі. Гэта спроба зусім іншага стылю візуальнага апавядання.

Радно – грубае палатно хатняй вытворчасці. Яно заўжды пачынаецца з асновы і самага першага радку, які стварае нізку палатна, з якога нараджаецца прамень новага твору.

Rad№0 – тое роднае, што дае моцы жыць здабыткамі продкаў, ітое, што крочыць у будучыню.

Rad№0 – гэта родныя, радзіма, нараджэнне…

Rad№0 , “рад нумар зэро”, схаваны рад, той, у якім яшчэ не ведма, што будзе, які яшчэ не пракладзены, які яшчэ мара, які нават пакуль не стаўся эскізам… Метафізічны нуль у шэрагу сімвалічных лічбаў, абазначэнне Перашапачатковай Пустэчы, альбо Усяленскай Магчымасці, з якой узнікае свет з’яў.

Rad№0 – гэта не справаздача аб зробленым і дасягнутым. Гэта новыя думкі аб вечным


Выставу можна наведаць: з 8 па 19 ліпеня 2015 года, штодзень з 11.00 да 19.00.

Тэлефоны для даведак: (017) 288-15-49 – Палац мастацтва; (017) 296-67-84 – Беларускі саюз мастакоў.


З інфармацыяй пра мінулыя, дзеючыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайце Беларускага саюза мастакоў: www.belartunion.by, таксама на старонцы Палаца мастацтва ў Facebook: https://www.facebook.com/mastatstva



















Апошнiя навiны