Калядная выстава Валянціны Шоба ў Доме-музеі Ваньковічаў

З 18 снежня 2015 г. да 6 лютага 2016 г. у Доме-музеі Ваньковічаў праходзіць калядная выстава гродзенскай мастачкі Валянціны Шоба. 

Валянціна Шоба нарадзілася ў горадзе Мазыр Гомельскай вобласці ў 1964 годзе. У 1989 скончыла Беларускую акадэмію мастацтваў , аддзяленне графікі. Жыве і працуе ў Гродне. З 1985 удзельнічае ў шматлікіх выставах, якія праходзілі не толькі ў гарадах роднай Беларусі , але і ў Польшчы, Італіі (Фівіцыян, Рым), Францыі (Жэнева, Лімож). Яе працы прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Мастачка з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў, а таксама членам Міжнароднай гільдыі мастакоў.

25 лістапада 2015 года падчас правядзення мастацкай выставы Art Capital, якая адбывалася ў выставачным комплексе “Гран Пале” ў Парыжы, беларускаму павільёну была прысуджана прэстыжная ўзнагарода. Мастачка Валянціна Шоба прыняла ўдзел у выставе Art Capital у рамках беларускага павільёна ў “Гран Пале”. Уручэнне прэміі Тэйлара беларускай мастачцы адбылося ўпершыню.

Валянціна Шоба ўпэўнена: “Можна навучыцца маляваць, але быць мастаком – гэта нешта іншае”. Яе ўласныя працы надзіва казачныя, яркія, пазітыўныя. Валянціне цяжка вызначыць стыль, у якім яны выкананы. Ёсць любімыя колеры, шмат фактуры, святла і нейкага дзіцячага зачаравання. Зараз Валянціна зноў рыхтуе свае карціны, каб паказаць іх у Мінску.

Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца ў Доме-музеі Ваньковічаў (вул. Інтэрнацыянальная, 33А). Уваход вольны. Даведкі па тэл. (017) 327 88 78 або (029) 629 05 41, (029) 875 57 78.









Апошнiя навiны