Выстава Алены Шлегель «Сады семіраміды» ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў

23 cнежня 2015 г. а 17-ай гадзіне ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (ПЛЯЦОЎКА - пр. Незалежнасці, 47) адбылося адкрыццё персанальнай выстаўкі жывапісу Алены Шлегель «САДЫ СЕМІРАМІДЫ», вынік творчай дзейнасці мастачкі за апошнія 15 гадоў.

Наведвальнікі атрымаюць магчымасць ўбачыць работы з серый «Этнаграфія», «Міфалогія», «Алфавіт», «Рабро Адама», «Медальёны». Таксама будуць прадстаўлены фота твораў на аб`ектах.

Прастора выстаўкі павінна стаць сваеасаблівым полем гульні ўяўлення і асацыяцый. У правілы гэтай гульні ўваходзіць выкарыстанне ўсялякага роду рэмінісцэнцый з культурнага мінулага розных эпох і краін, стылістычных ключоў і знакаў, аўтарскіх інтэрпрэтацый вядомых сюжэтаў, феерыі маскарадных пераўвасабленняў.

Назва выстаўкі «САДЫ СЕМІРАМІДЫ» адпраўляе гледача да вобразу містычных садоў вавілонскай царыцы, напоўненых цудамі і раўнацэннымі па прыгажосці эдэмскаму саду.

Экпазіцыя будзе вырашацца ў стылі сваеасаблівага «эстэтычнага ідэалізму», ствараць уражанне «маленькага раю», пацвярджаючы яшчэ раз тое, што мастак і сёння мае права зрабіць сваім credo – проста Прыгажосць (у меру яго разумення, магчымасцяў і таленту).

«Жывапіс Алены Шлегель вызначаецца асаблівай сюжэтнай, вобразнай свабодай і дасціпнасцю пластычнага выяўлення. Мастачка кампазіцыйна выверана і дасканала, праз суадносіны каларыстычных плямаў выяўляе саму таямніцу жывапісу. Невыпадкова паверхня яе работ успрымаецца як складаная тэкстыльная фактура, а колер пакідае ўражанне цеплыні і казачнасці.

Адчуванне таямніцы, як вядома, уласціва сапраўднаму мастацтву. Карціны Алены Шлегель падштурхоўваюць нас да разважанняў аб ірацыянальным уладкаванні быцця. Узіраючыся ў яе работы, мы трапляем ў фантастычны свет, дзе аўтар адным рухам рукі змяняе сутнасць прадметаў, спыняе час. У нас ёсць дзівосная магчымасць паблукаць па віртуальным садзе ілюзій мастачкі ў цені здагадак і ўспамінаў пад лёгкім флёрам чараўніцтва. 

Cама Алена адзначае: «Мастак, як і паэт, напалову жыве ў мары. Я імкнуся адлюстраваць тое, што на самай справе не можа існаваць… Няхай чалавек убачыць штосьці за межамі рэчаіснасці, сам прыдумае для сябе нейкi новы мiф, гiсторыю, цi казку. Няхай адарвецца ад паўсядзённасці, адчуе сябе сатворцам мастака. І тады, магчыма, ён на нейкае імгненне стане шчаслівым». 

Вызначальная асаблівасць работ Алены Шлегель – атмасфера ілюзорнасці, пранікальная мяжа паміж відавочным і ўяўным. Яшчэ Арыстоцель сцвярджаў, што знаёмыя рэчы і з’явы, перанесеныя ў сферу мастацтва, выяўляюць свой новы сэнс. Калі гісторыя сведчыць пра тое, што было, паэт – пра тое, што можа адбыцца, дык мастацтва адкрывае таямніцы і заканамернасці існавання рэальных рэчаў. Мастацтва і рэальнасць дыялектычна і містычна звязаны паміж сабой, пераплецены ў складаную структуру ўзаемапранікненняў. У карцінах Алены Шлегель арганічна спалучыліся адсылы да аптычных эфектаў кінетычнага мастацтва, канцэптуальных пошукаў, цытатнасці постмадэрнізма, калажаў і асамбляжаў з тэндэнцыямі да стварэння сучаснага псіхадэлічнага тэатральнага відовішча. У тое імгненне, калі заслона падымаецца і сцэна ўпершыню адкрываецца гледачу, яе асвятленне здаецца інтэнсіўным, узнікаюць перапады розных сцэнічных планаў (больш блізкага і больш далёкага, больш зацемненага і больш асветленага). Аднак Алену не цікавіць толькі тэхнічная перадача моманту, яна працягвае дыялог, гуляючы з сэнсамі і вобразамі. Мастачка звязвае пазнавальную дэкарацыю з хронікай падзей і насяляе гэту прастору рэальнымі і нерэальнымі героямі ў іх парадаксальным злучэнні. Яна нібы стварае ўласны тэатр, дзе сама з'яўляецца рэжысёрам, пастаноўшчыкам, аўтарам і акцёрам адначасова. 

Алена Шлегель балансуе паміж дакладнасцю формы, сюжэта і абстрагаванасцю раскрыцця гэтай формы. Мастачка засвойвае фактуры, складаныя вобразныя асацыятыўныя пласты, сумяшчае выявы, уводзіць алегарычныя ўстаўкі.У яе тэматычным арсенале мiфалогiя, фальклор, гiсторыя... Але пры гэтым самы важны аб’ект яе карцін – жаночы вобраз. Ён для мастачкі і партрэтная выява, і пластычная схема, і дэкаратыўны элемент, і сюррэалістычны сімвал. Алена Шлегель змяняе эмпірычную рэальнасць сканструяванай, прыдуманай, віртуальнай, яднае часавыя пласты і стылі. Гэта мова постмадэрнізму, дзе ёсць інтэлектуальны пасыл, першая прыступка для далейшага асэнсавання патаемнай глыбіні аўтарскай задумы».Наталля Шаранговіч, мастацтвазнаўца, дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў.


Апошнiя навiны