Выстава «Леў і Сяргей Гумілеўскія. Скульптура» у Нацыянальным мастацкім музеі

10.02-14.03.2016

Скульптура – адзін з самых старажытных і даступных для ўспрымання відаў выяўленчага мастацтва. Існуючы ў трохмернай прасторы, скульптурны вобраз хутка ўстанаўлівае дыялог з гледачом. У гісторыі беларускай скульптуры ХХ стагоддзя сфарміравалася даволі выразная мастацкая школа. Разнастайнасць скульптурных праяў на сённяшні дзень уражвае. Гэта традыцыя, што пачыналася ў 1930–1940-я гады, на сённяшні дзень ганарыцца шэрагам імёнаў. Сярод іх асаблівае месца займаюць Леў і Сяргей Гумілеўскія.

Леў Гумілеўскі – майстар разнастайных скульптурных жанраў і відаў – смела заявіў пра сябе яшчэ ў 1958 годзе. І ўжо больш за паўстагоддзя майстар плённа і паспяхова працуе ў галіне станковай і манументальнай скульптуры. З першых выстаў, дзе экспанаваліся яго працы, Леў Гумілеўскі паказаў сябе як таленавіты і ўдумлівы скульптар, які выдатна разумее галоўныя задачы гэтага віду мастацтва і мае прынцыповую грамадзянскую пазіцыю. Як яркая, выразная асоба са сваёй індывідуальнай мастацкай і пластычнай мовай Гумілеўскі сфарміраваўся к 1970-м гадам. Яго знакавыя працы «Партызанская сям’я», «Крылатая», «Салдацкі нацюрморт» і інш. і цяпер з’яўляюцца актуальнымі і выразнымі. Пачынаючы з 1980-х і да цяперашняга часу, скульптар актыўна стварае нацыянальны летапіс беларускай гісторыі і культуры. Мастацкія вобразы Максіма Багдановіча, Мікалая Гусоўскага, Кастуся Каліноўскага, Янкі Купалы, Адама Міцкевіча, Міхала Агінскага, Канстанціна Астрожскага, Аляксандра Пушкіна, князёў Радзівілаў, Сяргея Рахманінава, Францыска Скарыны, Уладзіслава Сыракомлі з’яўляюцца ідэаламі свайго часу поруч з вобразнымі партрэтамі сваіх сучаснікаў: Антаніны Бендавай, Аляксандры Клімавай, Уладзіміра Караткевіча, Міхаіла Савіцкага, Анатоля Сыса, Максіма Танка і інш. Леў Гумілеўскі амаль на працягу 26 гадоў займаўся педагагічнай дзейнасцю. Сумесна з Міхаілам Савіцкім (жывапіс) і Георгіем Паплаўскім (графіка) скульптар узначальваў майстэрню ў «Творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі і скульптуры» (1993–2010).

Сяргей Гумілеўскі дэбютаваў у 1983 годзе і заявіў пра сябе як паэтычны і рамантычны майстар. У творчасці Сяргея Гумілеўскага асаблівае месца займаюць скульптурныя вобразы-станы, узнёслы настрой душы чалавека ці паняцці, якія натхняюць і ўспрымаюцца адкрыта кожным з нас. Гэта і шматлікія працы, выкананыя па матывах паэзіі Максіма Багдановіча, і скульптуры-сімвалы: «Абуджэнне», «Галубка», «Дабравешчанне», «Коннік», «Мацярынства», «Мелодыя», «Натхненне», «Пяшчота», «Роздум», «Спрадвечнае» і інш. Асобую ўвагу Сяргей Гумілеўскі надае матэрыялу, з якога ствараецца скульптура. Ён выдатна адчувае розныя пароды дрэва, каменю, пластычнасць формы, здабываючы з матэрыялу характар і вобраз. Манументальныя кампазіцыі, якія распрацоўвае майстар, – гэта нямая размова пра самае важнае. Адна з апошніх яго кампазіцый – «Адраджэнне слуцкага пояса» і «Ткач» у Слуцку (2013).

Творчы тандэм Льва і Сяргея Гумілеўскіх існуе ад пачатку 1990-х гадоў. Унікальным з’яўляецца не толькі тое, што абодва мастакі працуюць разам, але і тое, што яны – бацька і сын, аднадумцы ў шматлікіх пытаннях. Сяргей шмат чаму навучыўся ў свайго бацькі, аднак здолеў захаваць творчую індывідуальнасць. Нягледзячы на тое, што кожны з іх мае сваё адрозненне, яны застаюцца непапраўнымі рамантыкамі, тымі, што любяць свой край, сваіх блізкіх, сваю Радзіму.

Манументальныя і станковыя працы, створаныя мастакамі сумесна, услаўляюць дзеячаў гісторыі і культуры не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за яе межамі. Гэта алея бюстаў Радзівіла і дзеячаў культуры ў Нясвіжы (1993), Максіма Багдановіча ў Ялце (2003), Кірылы Тураўскага ў Гомелі (2004), Янкі Купалы ў Маскве (2006), Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску (2008), Францішка Багушэвіча ў Смаргоні (2010), Вацлава Ластоўскага ў Глыбокім (2012), кампазіцыя «Балет» ля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь у Мінску (2008) і станковыя работы: Адам Міцкевіч (1998), Еўфрасіння Полацкая (1999), трыпціх «Сказ аб Нясвіжы» (2006–2012), князь Радзівіл Сіротка (2015), Уладзімір Караткевіч (2016), Максім Танк (2016) і інш.

На выставе прадстаўлена больш за 100 твораў з 1958 па 2016 год з калекцыі аўтараў, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва пры Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, фондаў Беларускага саюза мастакоў. Такая маштабная персанальная выстава Льва і Сяргея Гумілеўскіх адбудзецца ўпершыню.

Леў Мікалаевіч ГУМІЛЕЎСКІ. Народны мастак Рэспублікі Беларусь (1991). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1974) за помнік Янку Купалу ў г. Мінску ў сааўтарстве з Анатолем Аляксандравічам Анікейчыкам і Андрэем Міхайлавічам Заспіцкім. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1977). Лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2010) за помнік Янку Купалу ў г. Маскве ў сааўтарстве з Сяргеем Львовічам Гумілеўскім. Узнагароджаны сярэбраным медалём імя Мітрафана Грэкава (1983) за мемарыяльны комплекс «Барацьбітам за Савецкую ўладу» ў Магілёве, медалём Францыска Скарыны (2001). Нарадзіўся 31 кастрычніка 1930 года, г. Масква, РСФСР. Маці Франя Вікенцьеўна Паўлюкевіч родам з хутара Жарнелішкі Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. З 1933 года жыве ў Беларусі, спачатку ў г. Стара-Барысаве Барысаўскага раёна Мінскай вобласці, з 1944 года ў г. Нясвіжы Мінскай вобласці, з 1949 года ў г. Мінску. Вучыўся ў студыі выяўленчага мастацтва ў Нясвіжы (1946–1949) у Міхаіла Канстанцінавіча Сеўрука, Мінскім мастацкім вучылішчы (1949–1950, 1953–1955, з перапынкам на армейскую службу) у Віктара Барысавіча і Алены Аляксандраўны Паповых, Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (1955–1961, на аддзяленні скульптуры) у Аляксея Канстанцінавіча Глебава, Андрэя Ануфрыевіча Бембеля. Выкладаў мастацкія дысцыпліны і скульптуру ў Мінскай дзіцячай мастацкай школе (1961–1962), Мінскім мастацкім вучылішчы (1962–1966), Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (1968–1972), дзяржаўнай установе культуры «Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры» (1993–2010). Член Саюза мастакоў БССР з 1964 года (секцыя скульптуры). Удзельнік выстаў з 1958 года.

Сяргей Львовіч ГУМІЛЕЎСКІ. Лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2010) за помнік Янку Купалу ў г. Маскве ў сааўтарстве з Львом Мікалаевічам Гумілеўскім. Нарадзіўся 29 сакавіка 1963 года ў г. Мінску. Сын Льва Мікалаевіча Гумілеўскага. Жыве ў г. Мінску. Вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя Івана Восіпавіча Ахрэмчыка (1975–1981) у Леаніда Рыгоравіча Давідзенкі, Антаніны Афанасьеўны Лапіцкай, Уладзіміра Іванавіча Слабодчыкава; Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (1981–1987) у Анатоля Аляксандравіча Анікейчыка, Анатоля Яфімавіча Арцімовіча, Уладзіміра Антонавіча Тоўсціка. Стажыраваўся ў дзяржаўнай установе культуры «Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры» (1994–1997) у Льва Мікалаевіча Гумілеўскага, Міхаіла Андрэевіча Савіцкага. Член Беларускага саюза мастакоў з 1990 года (секцыя скульптуры). Удзельнік выстаў з 1983 года.

Куратар выставы і аўтар тэксту - Вольга Архіпава, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва 


Л.М.Гумілеўскі. Партрэт скульптара Уладзіміра Папсуева. 1958. Бронза, граніт. 40х20х22.

З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь  


Л.М.Гумілеўскі. Партрэт скульптара Уладзіміра Папсуева. 1958. Бронза, граніт. 40х20х22.

З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь  


Л.М.Гумілеўскі. Канстанцін Астрожскі. 2001. Сілумін. 107х32х67.

З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь   


С.Л.Гумілеўскі. Коннік. 2004. Бронза. 49х45х25,5.

З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь 


Л.М.Гумілеўскі. С.Л.Гумілеўскі. Кірыла Тураўскі. 2004.

Помнік у г. Гомелі. Бронза, граніт


Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

http://www.artmuseum.by/by/vyst/tek/le-syargej-gumleskya-skulptura


Апошнiя навiны