Выстава Марыны Бацюковай «Сула. Непарыўнае»

 У межах Года культуры 18 мая 2016 года а 17-й гадзіне Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь урачыста прэзентуе выставу фотамастака Марыны Бацюковай «Сула. Непарыўнае» і адкрывае арт-прастору ў дворыку музея. 

Сёння двор гістарычнага музея напаўняецца новым зместам: гэта спалучэнне архітэктуры, фотамастацтва і мастацтва медыя. У панараму гарадскіх будынкаў пачатку ХХ стагоддзя ўдала ўпісаліся шырокафарматныя каляровыя фотаздымкі, прысвечаныя вясковаму абраду «Ваджэнне і пахаванне стралы». Архітэктурныя формы нібы ажылі дзякуючы сакавітым выявам сялянскіх тыпажоў. Эфект прысутнасці падчас абраду ўзмоцнены музычным суправаджэннем калектыву «Талака», дэманстрацыяй адмысловай дакументальнай кінастужкі.

На выставе прадстаўлены фотаздымкі Марыны Бацюковай, якая даследавала жыццё ў вёсках Неглюбка і Стаўбун Гомельскай вобласці падчас свята - абраду «Ваджэнне і пахаванне стралы (Сулы)».

Марына Бацюкова з’яўляецца спецыялістам ў галіне дакументальнай і канцэптуальнай фатаграфіі. Асноўныя тэмы фотадаследаванняў  штодзённасць, псіхалагічны стан асобы, стасункі чалавека з навакольным асяроддзем і паводзіны чалавека ў грамадстве.      

Абрад «Пахаванне стралы (сулы)» звязаны з зямлёй, яе ўрадлівасцю, скіраваны на ўміласціўленне прыроднай стыхіі – маланкі-стралы. Традыцыя свята пакаленнямі застаецца нязменнай: жыхаркі вёскі прыбіраюцца ў нацыянальныя строі, спяваюць і ідуць насустрач адзін адному з розных бакоў вёскі, пакуль не самкнуцца ў адным карагодзе, ідуць, бесперапынна спяваючы, да жыта. Нібы ткуць ручнік - дарогу радасці, шчасця і дабрабыту. Водзяць карагоды і спяваюць, потым закопваюць у зямлю «Сулу» - хаваюць цёмную сілу разбурэння, пераўтвараючы ў дабро, багацце і поспех. Збіраюць абярэгі - каласкі, падаюць і катаюцца ў жыце, убіраючы ў сябе моц і здароўе. 

Абрад «Ваджэнне і пахаванне стралы» ўключаны ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека і з’яўляецца нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12,

Штодня з 11.00 да 19.00

тэл. 226 0532, 327 43 22

 histmuseum.by

Апошнiя навiны