Юбілейная выстава Ўладзіміра Дзядзюлі “Паўтон”

15 лютага 2017 года а 17-ай гадзіне ў  Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё юбілейнай выставы Уладзіміра Дзядзюлі “Паўтон”.

На выставе прадстаўлены жывапісныя творы Уладзіміра Дзядзюлі як апошніх гадоў, так і палотны, напісаныя раней, і ўжо добра вядомыя гладачам. Экспазіцыя складаецца з некалькіх частак – гэта партрэты родных, блізкіх і сяброў мастака, работы з серыі “Язычніцкія богі славян”, а таксама творы, якія адлюстроўваюць спартыўную тэматыку.

У жывапісных палотнах Уладзіміра Дзядзюлі высокі прафесіяналізм  спалучаецца з філасафічнасцю, глыбокім пранікненнем у самую сутнасць быція. Творы мастака тонка эмацыянальныя і паэтычныя. “Я лічу сваю творчасць падобнай беларускай прыродзе, з яе няяркімі фарбамі, дзе ўсё на паўтонах – някідкае, не кантрастнае, а слізгаценне з аднаго стану ў іншы, без рэзкай змены спёкі ў сцюжу, без штармоў і землятрусаў. Калі параўнаць пейзажы Сар'яна і прыроду Арменіі, італьянскія матывы, гэта будзе цалкам відавочна. Акрамя таго, гэта і няяўны, схаваны сэнс маіх работ, які прадугледжвае роздум. Сэнс, які кожны павінен вызначыць для сябе, адчуць сябе сааўтарам, – адзначае мастак. – Калі ў мяне пытаюцца: “Як з'яўляецца ідэя? Як нараджаецца карціна?” – Я толькі магу адказаць на гэта: “Не ведаю, заўсёды па-рознаму. Гэта можа быць музыка, зносіны, выпадковы эпізод, але на выставе ёсць тры работы, з'яўленне якіх абумоўленыя нараджэннем маіх унукаў і ім жа прысвечаныя!”

 

Уладзімір Дзядзюля

Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Мінску. 

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1975), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1986), творчыя майстэрні Акадэміі мастацваў у Мінску (1991). Вучыўся ў Г. Вашчанкі, М. Савіцкага. Удзельнік мастацкіх выстаў з 1986 года. Працуе ў манументальна-дэкаратыўным і станковым жывапісе. Асноўныя творы: сграфіта “Купалле” і “Каляды” у палацы культуры вытворчага аб’яднання “Бабруйскдрэў”; роспіс у кінатэатры “Перамога” у Мінску (у сааўтарстве з А. Сушай); карціны “Салдацкая маці”, “Пачатак”, “Жыццё Скарыны”, “Зямля і людзі”, “Роздум”, “Рэпартаж з Таледа”, “І сын іхні калека”, “Сярэдзіна лета”, “Дзядзька Фелікс”, “Новы дзень”.

Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1991 года. Жыве ў Мінску.

Тэрмін правядзенне выставы: з 15 па 28 лютага 2017 года, штодзень з 11.00 да 19.00, апрача панядзелка. Тэлефоны для даведак: (017) 288 15 49, (017) 290 60 10 – Палац мастацтва  (017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў.