Выстава памяці сябраў творчай суполкі «Пагоня» і іншых секцый БСМ «Лісты з нябёсаў»

22 лютага 2017 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3)  адбудзецца адкрыццё выставы памяці сябраў творчай суполкі “Пагоня” і іншых секцый Беларускага саюза мастакоў "Лісты з нябёсаў".

Нядаўна творчая суполка "Пагоня" адзначыла 25-гадовы юбілей з часу ўтварэння. Гэта нямалы тэрмін для існавання аб'яднання людзей, кожны з якіх унікальная асоба, талент і характар. Прычынай такой доўгатэрміновай еднасці з'яўляецца агульная платформа для творчай дзейнасці. У першую чаргу гэта жаданне ўвасобіць праз мастацтва Краіну Беларусь, гэта рэканструкцыя забытых і паўзабытых старонак яе гісторыі і дасягненняў культуры з тым, каб увесь свет ведаў пра багатую спадчыну беларускага народа ў прасторы часу.

Сярод сяброў суполкі "Пагоня" жывапісцы і графікі, дызайнеры і скульптары, аўтары мастацкага фота, мастакі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацтвазнаўцы. На жаль, не ўсе дачакаліся слаўнага юбілею. Значная частка нашых дарагіх сяброў адыйшла ў іншы свет. У бальшыні выпадкаў – гэта лідары, выдатныя прадстаўнікі мастацтва Беларусі, дзейнасць якіх з'яўляецца гонарам айчыннай культуры другой паловы ХХ – пачатку ХХІ ст ст. Многія з гэтых творцаў былі заснавальнікамі суполкі "Пагоня" і выдатнымі яе прадстаўнікамі. Гэта Яўген Кулік, Уладзімір Сулкоўскі, Віктар Маркавец, Пётр Драчоў, Міхась Раманюк, Віктар Шматаў, Віктар Сташчанюк, Пётр Шарыпа і іншыя.

На выставе будуць паказаныя і творы славутых майстроў, аднадумцаў суполкі “Пагоня” Уладзіміра Стэльмашонка, Арлена Кашкурэвіча,  Гаўрылы Вашчанкі, Аляксандра Кішчанкі, Анатоля Бараноўскага, Леаніда Марчанкі, Антона Бархаткова, Івана Дмухайлы, Аляксея Пятрухны, Міхася Рагалевіча, якія неаднаразова бралі ўдзел у выставах і мастацкіх акцыях нашага аб'яднання.

Творчая спадчына нашых паплечнікаў, тых, хто прысвяцілі сябе служэнню Бацькаўшчыне, вартыя нашай увагі і пашаны, памяці на старонках гісторыі мастацтва Беларусі.  Выстава "Лісты з нябёсаў"  светлы напамін пра гэта.

         

Мастацтвазнаўца, сябра суполкі "Пагоня"

Таццяна Маркавец-Гаранская

 

Куратар выставы: Таццяна Гаранская +375293196305

Каардынатар выставы: старшыня суполкі “Пагоня” Ігар Марачкін +375297720290

Тэрмін правядзенне выставы: з 22 па 28 лютага 2017 года, штодзень з 11.00 да 19.00, апрача панядзелка. Тэлефоны для даведак: (017) 288 15 49, (017) 290 60 10 – Палац мастацтва  (017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў.