Выстаўка сучаснага мастацтва «Вяртанне вобраза. Да 130-годдзя Марка Шагала»

18 красавіка 2017 г. у Мінску распачынаецца маштабны выставачны праект сучаснага мастацтва “Вяртанне вобраза. Да 130-годдзя Марка Шагала”. Арганізатарамі выстаўкі выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза дызайнераў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Марк Шагал быў непераўзыдзеным майстрам мастацкіх адлюстраванняў, гульні і ператварэнняў у часе. У гэтым адбілася своеасаблівасць яго творчасці, у якой злучыліся водгукі французскага авангарду і аўтарскія ідыёмы з вольнымі паваротамі ў прасторы-часу. Экспазіцыя, прысвечаная яго 130-годдзю, працягвае шагалаўскі дух гульні, рэпрэзентуе сучаснае беларускае мастацтва з яго складанымі перапляценнямі неатрадыцыяналізму, мадэрнізму і найноўшых візуальных практык, паказвае множнасць ліній беларускай мастацкай сучаснасці.
Выстаўка “Вяртанне вобраза. Да 130-годдзя Марка Шагала” адбудзецца на трох пляцоўках і будзе працаваць па 21 мая.
Працы жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, канцэптуальныя праекты аўтараў з Мінска і абласных гарадоў, творы вядомых і маладых мастакоў, студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў будуць прадстаўлены ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтваў” (вул. Казлова, 3). У экспазіцыі таксама дэманструюцца работа Марка Шагала “Закаханыя” з калекцыі Белгазпрамбанка і, у працяг паэтыкі знакамітага майстра, працы айчынных і замежных мастакоў – удзельнікаў Шагалаўскіх пленэраў у Віцебску, якія адбыліся ў 1994, 1997 і 2016 гадах, з калекцыі Музея Марка Шагала ў Віцебску. Адкрыццё праекта адбудзецца 18 красавіка 2017 г. у 18.00 у залах Палаца мастацтваў.
На выставачных пляцоўках Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў будуць прадстаўлены работы 63 адабраных камісіяй мастакоў, якія ўдзельнічаюць у фінале конкурса на атрыманне звання лаўрэата “Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтваˮ. Конкурс праводзіцца ў Беларусі ўпершыню, заснаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і вызначыць пераможцаў у 10 намінацыях: жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва, арт-дызайн, фатаграфія, малады мастак, навацыя, крытыка і мастацтвазнаўства. Адкрыццё выстаўкі “Шорт-ліст” работ фіналістаў конкурсу адбудзецца 19 красавіка ў 18.00 у залах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў (пр-т Незалежнасці, 47).
27 красавіка ў рамках штогадовага праекта “Мастак і горад” у 18.30 адкрыецца выстава “Залатая калекцыя”, дзе ў выглядзе буйных рэпрадукцый у гарадской прасторы будуць прадстаўлены лепшыя работы жывапісу і графікі старэйшых майстроў і найбольш яркіх прадстаўнікоў сярэдняга пакалення мастакоў з калекцыі Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў.
Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва” адбудзецца 18 мая ў 17.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтваў” (вул. Казлова, 3).

Апошнiя навiны