Праект Алеся Квяткоўскага «Песні дрыгвы»

7 чэрвеня 2017 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3)  адбудзецца адкрыццё праекта Алеся Квяткоўскага "Песні дрыгвы". Мерапрыемства прымеркавана да 65-годдзя мастака.

Праект "Песні дрыгвы" нарадзіўся ў 2012 годзе хаця і раней у сваіх праектах "Намаляванае слова" і "Мядовы Спас" мастак актыўна звяртаўся да беларускай міфалогіі. "Песні дрыгвы" з'явіліся праз вандроўкі па Палессі, праз верш Віктара Шніпа "Балота", а таксама дзякуючы супрацоўніцтву з грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны".

Алесь Квяткоўскі ўбачыў міфалагічных істотаў не жахлівымі стварэннямі, а паэтычным увасабленнем зямной прыгажосці. Абстрактнае і рэалістычнае, ноткі імпрэсіанізму, спалучэнне жаночых абрысаў і прыроднай стыхіі ўласцівы прадстаўленым работам.

 "...І кожны кулік хваліць сваё балота, і кожная жаба хваліць сваё балота" –  Віктар Шніп. І ён жа далей :"..."балота" Алеся Квяткоўскага жывое, у вобразе Жанчыны. Яно спакушае пайсці ў "балота" творчасці і не вярнуцца.

У слова балота ёсць каларытныя сінонімы: дрыгва, багна, твань, морач, дрыдзя, багрына, гало, выр, і яшчэ, і яшчэ. Паэзія!

Праект Алеся Квяткоўскага "Песні дрыгвы" дэманстраваўся ў Гомелі, (галерэя Г.Х. Вашчанкі), Гародні (галерэя "Крыга"), у мастацкай галерэі Магілёва, у Ваўкавыску, Слуцку, Старых дарогах. А зараз вяртаецца ў Мінск.

 Алесь Квяткоўскі нарадзіўся 13.06.1952 г. у Валожыне. Пасля вучобы ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчаму мастацтву паспяхова скончыў у 1975 годзе манументальнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Акрамя творчай працы ў манументальным і станковым жывапісе, амаль 40 гадоў займаецца педагагічнай дзейнасцю, з якіх больш за 10 гадоў працуе на архітэктурным факультэце БНТУ.

З'яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў з 1990 года. Удзельнік больш за ста выстаў, з якіх каля пяцідзесяці персанальныяТворы знаходзяцца ў дзяржаўных і прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Германіі, Ірландыі, ЗША, Індыі.

Тэрмін правядзення выставы:

з 7 па 18 чэрвеня 2017 года, штодзень з 11.00 да 19.00, апрача панядзелка.

Тэлефоны для даведак:

(017)288 15 49, (017) 290 60 10 – Палац мастацтва 

(017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў.