Юбілейная выстава Тамары Батаковай-Матвеенка

22 чэрвеня 2017 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3)  адбудзецца адкрыццё юбілейнай выставы Тамары Батаковай-Матвеенка.

На выставе прадстаўлены жывапісныя творы Тамары Батаковай-Матвеенка апошніх гадоў і працы 90-х, пачатку 2000-х гадоў. У асноўным гэта створаныя ў Беларусі і Польшчы пейзажы, у якіх прыкметна пераважае характэрная для аўтара серабрыстая каларыстычная гама, і творы, што былі напісаны падчас паездак у Грузію – насычаныя па калатыту, больш экспрэсіўныя. Прынамсі, усе пейзажы мастачкі незвычайна лірычныя і задуменныя, прасякнутыя асабістым настроем, створаныя згодна з яе светаадчуваннем. Яна часта мяняе тэмы і сюжэты сваіх работ, не баіцца эксперыментаваць. Больш за трыццаць гадоў свайго жыцця Тамара Батакова-Матвеенка прысвяціла творчым вандроўкам. Мастачка лічыць, што толькі падарожжа натхняюць, наталяюць душу лірычным настроем, надаюць другое дыханне.

Тамара Батакова-Матвеенка (нарадзілася ў 1947 годзе) па асноўнай адукацыі – мастак-манументаліст. У 1969 годзе скончыла Мінскае мастацкае вучылішча, у 1978 – Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Вучылася ў Г.Х. Вашчанкі, В.В. Нямцова, А.В. Бараноўскага. Удзельніца мастацкіх выстаў з 1986 года. Працуе ў станковым і манументальным жывапісе. У яе творчым паслужным спісе – мастацкае афармленне медыцынскага вучылішча ў Брэсце, дома адпачынку "Буг", дамоў культуры ў гарадах Століне, Крычаве, Пінску, цэркваў у Чэрыкаве, Клічаве, вёсцы Краснапольскай. З 1994 года Тамара Батакова-Матвеенка з'яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў. Яе працы знаходзяцца ў прыватных зборах Расіі, Грузіі, Польшчы, Францыі, ЗША. Асноўныя творы: серыя пейзажаў Грузіі і Абхазіі “Восень у Куланурхве”, “Домік у гарах”, “Ля горнай ракі”, “Паселішча грэкаў”, “Грузінскае сяло”, “Батумскі порт”, “Сакенскі вечар”, шэраг манументальна-дэкаратыўных работ.

Тэрмін правядзення выставы: з 22 чэрвеня па 7 ліпеня 2017 года, штодзень з 11.00 да 19.00, апрача панядзелка.

Тэлефоны для даведак:

(017) 288 15 49, (017) 290 60 10 – Палац мастацтва 

(017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў.

 

Апошнiя навiны