Выстава памяці мастака і педагога Юрыя Гаўрына

14 лістапада 2017 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3)  адбудзецца адкрыццё выставы памяці мастака і педагога Юрыя Гаўрына.

Юрый Васільевіч Гаўрын (1943-2016 гг.) пакінуў пасля сябе не толькі творчую спадчыну, якой ганарыцца Беларусь, але і ўдзячную памяць сярод прыхільнікаў яго таленту, а таксама шматлікіх студэнтаў Беларускага інстытута сучасных ведаў імя А.М. Шырокава, дзе ён выкладаў (з 2011 года – дацэнт) жывапіс і малюнак на працягу 13 гадоў.

Юрый Васільевіч быў надзелены вельмі каштоўным талентам душэўнай дабрыні, мудрасці ва ўзаемаадносінах з калегамі і сябрамі, талентам самаахвярнай любові да сваіх блізкіх, дзяцей, унукаў, рэдкім уменнем ствараць сваёй прысутнасцю атмасферу гармоніі і прыгажосці.

Мастак нарадзіўся ў самы разгар вайны (1943 г.) на адной з чыгуначных станцый Самаркандскай вобласці. Але па волі лёсу апынуўся ў Беларусі, якая стала для мастака другой радзімай, дзе ён жыў і працаваў з 1948 года і да апошняга дня. І менавіта Беларусі ён прысвяціў значную частку сваіх жывапісных станковых і манументальных твораў.

Цяжкія пасляваенныя гады дзяцінства і юнацтва Ю.В. Гаўрына звязаны з невялікім мястэчкам Дуброўна пад Віцебскам, адкуль і пачынаўся шлях майстра ў мастацтва. Прафесійную адукацыю ён атрымаў у Мінскім мастацкім вучылішчы (1966 г.) і Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (1972 г.).

Пачынаючы з 1965 года Ю.В. Гаўрын удзельнічаў у мастацкіх выставах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню – ў Бельгіі, Аўстрыі, Італіі. З 1978 года сябра Беларускага саюза мастакоў.

Будучы мастаком манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, Юрый Васільевіч, разам з буйнамаштабнымі роспісамі, вітражамі і рэльефамі ў грамадска значных будынках, пісаў жывапісныя творы лірычнага зместу для сябе, для душы.

Творчасць Юрыя Гаўрына разнастайная і па манеры выканання і па тэматыцы. Мастак вывучаў і адлюстроўваў народны фальклор, раскрываў свой духоўны свет і дзяліўся патаемнымі пачуццямі з гледачом у карцінах-малітвах, паглыбляўся ў філасофскія разважанні, з любоўю сузіраў прыроду. І, мабыць, менавіта любоў да вандровак больш за ўсё натхняла мастака, дарыла радасць творчай душы летуценніка.

Узнагароды:

Медаль "За заслугі ў выяўленчым мастацтве";

Нагрудны знак "За ўклад у развіццё культуры Беларусі";

Ганаровая грамата міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь "За значны асабісты ўклад у распаўсюджванне культурных дасягненняў Рэспублікі Беларусь у замежных краінах”.

У экспазіцыю выставы ўключаны жывапісныя творы Ю.В. Гаўрына, якія захоўваюцца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, іншых музеяў нашай краіны, а таксама ў сям'і мастака.                                                                                                       

Мастацтвазнаўца Ларыса Бортнік

Тэрмін правядзення выставы: з 14 па 21 лістапада 2017 года, штодзень з 11.00 да 19.00, апрача панядзелка. Тэлефоны для даведак: (017) 288 15 49, (017) 290 60 10 – Палац мастацтва  (017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў.

 

Апошнiя навiны