Выстава мастацкага тэкстылю Таццяны Козік «У гэтых вокнах жыве любоў»

21 лютага 2018 года ў галерэі "Мастацтва" (г. Мінск, пр. Незалежнасці 12)  адбылося адкрыццё выставы мастацкага тэкстылю Таццяны Козік "У гэтых вокнах жыве любоў". Выстава будзе працаваць да 13 сакавіка.

Праект Таццяны Козік “У гэтых вокнах жыве любоў”, прысвечаны Мінску – гораду, ў якім прайшло яе юнацтва і былі зроблены першыя творчыя крокі ў мастацтве. МІНСК для яе – любімы горад, у вокнах якога заўсёды жыве любоў, і ў якім заўсёды ёсць тыя, хто рады сустрэчы с табой. А яшчэ гэты праект народжаны глыбокай перакананасцю яго аўтара у тым, што толькі любоў – любоў да сям’і, да горада, да сусвету, робіць нас моцнымі і шчаслівымі... 
Асноўную частку дадзенай экспазіцыі складаюць творы Таццяны Козік, якія яна спецыяльна распрацавала для дадзенага праекта. Яны аб’яднаны ў серыю “У гэтых вокнах жыве любоў” не толькі вобразна, але і асаблівай прыхільнасцю мастачкі да выкарыстання ў сваіх кампазіцыях ўлюбёнага матэрыялу – ільну. Лён, які сам па сабе мае безліч адценняў і фактур, Таццяна Козік аздабляе малюнкам, што наносіцца ёю на тканіну своеасаблівым аўтарскім метадам выбельвання, без выкарыстання фарбы. У якасці акцэнтаў у адзенні выкарыстоўваюцца карункі, якія выкананы ў тэхніцы ручнога пляцення – фрывалітэ. Дызайн жаночага адзення, гэта своеасаблівы, лагічны і вельмі яскравы працяг творчасці Т.Козік у галіне станковых форм тэкстылю. Калекцыі ільняной вопраткі, што распрацаваны мастачкай ў апошнія гады неаднойчы прэзентаваліся як на Беларусі так і за яе межамі. 
Вобраз птушкі – адзін з самых распаўсюджаных у творчасці Таццяны Козік, мастачка перанесла на адзенне. Сімвалічная сутнасць гэтага вобраза, перш за ўсё злучана з дзіцячымі ўспамінамі мастачкі, а да таго ж, выразна адлюстроўвае яе сёняшнія мары, думкі і пачуцці. І разам з тым гэта рэфлексія на паэтычную творчасць яе “другой паловы” – вядомага беларускага паэта Алеся Аркуша ў якога ёсць і такія радкі: “Над лесам птушкі праляцелі. Яны пасьпець кудысь хацелі. У кожнай ёсць душа і цела. І цела за душой ляцела”.
Як і папярэднія персанальныя выставы мастачкі чарговы праект Таццяны Козік, ўражвае канцэптуальнай і вобразнай цэласнасцю, шырокім дыяпазонам творчых пошукаў і эксперыментаў. А яшчэ паэтычнасцю, прасветленай настраёвасцю, мэтафарычнасцю, сімвалізмам і нават загадкавасцю вобразаў, у прадстаўленых у экспазіцыі тэкстыльных кампазіцыях. І канешне ж – глыбінным адчуваннем мастачкай сваіх каранёў. Па словах самой мастачкі яна выхавана на творчасці народных майстрых роднага Хоцімска. Без усялякага сумнення на станаўленне Т.Козік у сярэдзіне 1980-х моцна паўплываў і прыбалтыйскі тэкстыль, у якім імкненні да эксперыментальнасці і навацыйнасці заўжды суседнічалі з вялікай павагай да нацыянальных традыцый. Не выпадкова адзін з першых габеленаў, зробленых мастачкай яшчэ у 1988 годзе насіў назву “Мне сняцца сны аб Беларусі” (захоўваецца ў фондах Віцебскага тэхналагічнага ўнівэрсітэту).
Традыцыйнасць у работах Таццяны Козік выдатна спалучаецца з даволі эфектнымі эксперыментамі з пластыкай, формай і матэрыялам. Але мастачка, працуючы над сваімі кампазіцыямі, ў вольных спалучэннях выкарыстоўвае самыя розныя матэрыялы – воўну, лён, сінтэтыку, скуру, дрэва, металічную сетку…Творы Т.Козік гэта не толькі выдатная спроба замацаваць у нашым часе паэтыку і традыцыі беларускага ткацтва, але і своасаблівае жаданне звярнуць увагу на магчымасці сучаснага тэкстылю.
Уваход вольны!


Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства,
дацэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя П.М.Машэрава, 
сябра беларускага саюза мастакоў

Здымкі са старонкі: https://web.facebook.com/galereamastactva/ 

 

Апошнiя навiны