Выстава «Суладдзе». Графіка Уладзіміра Васюка і кераміка Тамары Васюк у Нацыянальным мастацкім музеі

З 1 па 25 сакавіка 2018 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца выстава “Суладдзе”. Графіка Уладзіміра Васюка і кераміка Тамары Васюк.

Экспазіцыю выставы, якая з’яўляецца часткай аўтарскага праекта “Лінія і форма”, складаюць каля 100 прац творчага дуэта мастакоў, створаных у апошнія гады.

Аснова творчасці майстроў – тэма Бацькаўшчыны, якой і прысвечана выстава. Творы мастакоў прасякнуты глыбокай павагай да культуры і традыцый беларускай зямлі.

Тамара Васюк нарадзілася 6 ліпеня 1952 г. на Гомельшчыне. У 1972 г. скончыла Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава, у 1977 г. – Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Тамара Іванаўна – лаўрэат шматлікіх прэмій у галіне мастацтва і культуры. Удзельнік міжнародных пленэраў па кераміцы “Арт-Жыжаль”. З 1990 г. працуе над праектам па адраджэнні традыцыйнай беларускай керамікі, выхавала плеяду маладых мастакоў-керамістаў, якія працуюць у гэтым напрамку. У 2005 г. узнагароджана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за творчыя дасягненні і выхаванне творчай моладзі.

Уладзімір Васюк нарадзіўся 2 ліпеня 1947 г. на Гомельшчыне. У 1972 г. скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава, у 1978 г. – Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Мастак з’яўляецца лаўрэатам шматлікіх прэмій у галіне мастацтва і культуры, усесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў плаката і дызайну кнігі. Ён стварыў больш за 10 фірменных стыляў, якія ўключаюць у сябе комплекс распрацовак: знак, лагатып, герб, сцяг, харугву і г. д.

Тамара і Уладзімір Васюк – дзве яскравыя, самадастатковыя, творчыя індывідуальнасці, у кожнага з іх свая мастацкая мова, пластыка, аднак у тандэме яны дапаўняюць адзін аднаго.

Творы Тамары – увасабленне прыродных стыхій зямлі і агню, яны захоўваюць выразны след жывога дотыку. Яе кераміка, наўмысна нягладкая і неаднародная паверхня якой скрэслена лініямі, штрыхамі, у некаторай ступені “графічная”. У працах Уладзіміра Васюка адчуваецца халаднаваты подых невымоўнага, магутнасць стыхій паветра і вады. Мастак стварае на плоскасці аркуша ілюзію аб’ёма, нібыта “вылеплівае” шматвымерную прастору.

Такое тонкае ўзаемадзеянне, перапляценне супрацьлегласцяў надаюць асаблівую гармонію, цэльнасць і суладдзе мастацкаму сусвету майстроў.

Урачыстае адкрыццё выставы “Суладдзе” адбудзецца 28 лютага 2018 года а  18-й гадзіне ў вестыбюлі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

 

Фотаздымкі са старонкі: http://www.artmuseum.by/ru/news/novosti-2018/fotootchyot-otkrytie-vystavki-proizvedenij-grafiki-vladimira-vasyuka-i-keramiki-tamary-vasyuk-garmoniya

Апошнiя навiны