Выстава фатаграфіі Марыны Бацюковай «Свае гісторыі» ў Расійскім культурным цэнтры ў Тэль-Авіве (Ізраіль)

C 4 па 17 студзеня 2018 у Расійскім культурным цэнтры (ул. Геула, 38, Тэль-Авіў, Ізраіль) экспанавалася выстава беларускай фотамастачкі Марыны Бацюковай. Да гэтага фотапраект “Свае гісторыі” быў паспяхова прадэманстраваны ў Віцебскім мастацкім музеі (01.02 – 26.02.2017) і ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы (25.08 – 20.09.2016).

Марына Бацюкова плённа працуе ў дакументальным і канцэптуальным фатаграфічным мастацтве. З нагоды свайго юбілею мастачка прэзентуе “Свае гісторыі” – праект, прысвечаны ўзаемасувязі надрукаваных фотапартрэтаў з іх натуральным атачэннем. Дакументаванне старых здымкаў у інтэр’ерах і экстэр’ерах рэальнага жыцця адбывалася на працягу 11 гадоў. Геаграфія праекта яднае прастору ад заходняга ўзбярэжжа Францыі да ўсходніх раёнаў Грузіі, многія зробленыя ў Беларусі, Літве і нават Малайзіі. Шэраг фотапартрэтаў і інтэр’ераўз’яўляецца аўтабіяграфічным.

Вынік сваёй шматгадовай працы Марына Бацюкова прадстаўляе ў фармаце фотавыставы і прэзентацыі адмыслова падрыхтаванага альбома з аднайменнай назвай “Свае гісторыі”. Альбом да друку рыхтавала інтэрнацыянальная каманда: беларусы Павел Вайніцкі, Дыяна Даражок і вядучы мастак-дызайнер з Літвы Гіціс Скудзінскас. Выданне ажыццяўлялася пры фінанасавай падтрымцы СТАА “ЭКСАТ-БЕЛ”.

Асяроддзе і выразныя дэталі аб’ядналі фотаздымкі праекта ў шэраг канцэптуальных раздзелаў, надаўшы “сваім гісторыям” адценне гарадскіх, вясковых, страчаных і вечных тэмаў. Кожны з іх сведчыць пра моцнае перакананне Марыны Бацюковай у тым, што суседства з іншымі прадметамі і навакольны кантэкст уплывае на ўспрыняцце даўніх здымкаў – распавядае гісторыю з мінуўшчыны і знітоўвае яе з днём сённяшнім. 

Апошнiя навiны