Выстава жывапісу Уладзіміра Савіча «Адчуванне еднасці» ў галерэі «Беларт» (22.03 - 4.04.2018)

З 22 сакавіка па 4 красавіка 2018 года ў мастацкай галерэі Беларт Грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў» (г. Мінск, вул. К. Маркса, 4) адбудзецца выстава жывапісу Уладзіміра Савіча «Адчуванне еднасці». 
На выставе вядомы мастак, заслужаны дзяч мастацтваў Беларусі Ўладзімір Савіч прадстаўляе новую серыю палотнаў, створаных на працягу 2012-2018 гадоў у змяшанай тэхніцы.
Паэтычныя назвы твораў «Золата і срэбра зыходзячага дня», «Сугучны адгалосак», «Плывуць прыцішаныя гукі», «Спакоем перапоўнена неба» дазваляюць зразумець агульную тэму цыклу. Назіраючы за разнастайнымі прыроднымі з’явамі, мастак не адлюстроўвае ўбачанае, але перакладае ўражанні ад наваколля на абстрактную мову жывапісу. У палотнах гэтай серыі ўмоўных краявідаў глядач не сустрэне фіксацыю ўбачанага, але знойдзе вобразнае пераўтварэнне адчутага мастаком суладдзя прыроднага асяроддзя і ўласнага душэўнага стану.
Экспрэсіўны, пабудаваны на нечаканых каляровых гармоніях, жывапіс Уладзіміра Савіча спалучае імправізыйнасць, спантаннасць мастакоўскага жэста, акварэльныя прыёмы і прапацоўку асобных элементаў кампазіцыі з дапамогай дэкаратыўных фактур, калажных фрагментаў. Творы майстра выклікаюць шмат асацыяцый і даюць імпульс да сатворчасці.

Творчая біяграфія Уладзіміра Пятровіча Савіча:
Нарадзіўся 16 красавіка 1952 г. у пасёлку Хатавічы Мінскай вобласці.
Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1976)
Працуе ў галіне станкавай і кніжнай графікі, жывапісу і пластыкі.
З 1972 удзельнічае ў міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх выставах, у тым ліку, персанальных.
1976 – выкладчык кафедры графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.
1978 - сябра Саюза мастакоў СССР.
1990 - Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь.
1996 - прафесар кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
2009 - Лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі
2009 - Ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў. 
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Нацыянальным Цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Рассіі, Трэццякоўскай галереі (Масква), а таксама ў галерэях і прыватных калекцыях Беларусі і іншых краін.

Апошнiя навiны