Выстава жывапісу Алеся Цыркунова, прымеркаваная да 70-годдзя мастака (4.04 - 15.04.2018)

4 красавіка 2018 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё  выставы Алеся Цыркунова, прымеркаванай да 70-годдзя мастака.

Па трапных словах вядомага беларускага мастацтвазнаўцы Таццяны, Гаранскай:”Творчасць Цыркунова адрозніваецца дэкаратыўнасцю, экспрэсіўнасцю і эмацыйнасцю, лаканізмам вобразнай структуры, разнастайнасцю тэхнічных прыёмаў і тонкімі каларыстычнымі развязкамі. Па ідэйнай скіраванасці яго мастацтва вельмі патрыятычнае. У Алеся Цыркунова ёсць пэўная творчая праграма па адлюстраванні прыярытэтных старонак гісторыі Беларусі. На яго карцінах адлюстраваны патрыёты-асобы, значныя падзеі гісторыі краіны і злучаныя з імі культавыя месцы. Сам жывапіс мастака ўтрымлівае ў сабе нерв эпохі, таму што ў творчасці Алеся Цыркунова знаходзяцьадлюстраванне ўсе праблемы нацыянальнага гісторыка-патрыятычнага выхавання сучаснага беларускага грамадства”.

У экспазіцыі ўвазе гледачоў будуць прадстаўлены некалькі дзясяткаў лепшых жывапісных твораў майстра, створаных ім за шматгадовы плённы шлях у беларускім мастацтве.

Алесь Цыркуноў нарадзіўся ў 1948 годзе ў вёсцы Лясань Жлобінскага раёну Гомельскай вобласьці. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Удзельнік мастацкай суполкі «Пагоня».
Працуе ў розных жанрах. У сваіх творах увасабляе падзеі і асобаў беларускай гісторыі. Ён стварыў вобразы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Васіля Быкава, Францішка Скарыны, Вітаўта Вялікага і інш.
У вёсцы Чэхі Мядзельскага раёну паставіў крыж усім беларускім сьвятым (2000 год); адшукаў магілу Ванды Ромэр — удавы знакамітага мастака Альфрэда Ромэра — у вёсцы Каралінава Пастаўскага раёну і ўсталяваў на ёй помнік. У вёсцы Страча Астравецкага раёну ім пастаўлена каплічка ў гонар удзельнікаў паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі.

Тэрмін правядзення выставы: з 4 па 15 красавіка 2018 года, штодзень з 11.00 да 19.00, апрача панядзелка.

Тэлефоны для даведак:

(017) 288 15 49, (017) 290 60 10 – Палац мастацтва 

(017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў

 

 

 

 

 

 

Апошнiя навiны