Выстава «Код: 25.03.18», прысвечаная 100-годдзю абвяшчэння незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі 

4 красавіка 2018 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца прэзентацыя выставы “Код: 25.03.2018”.

Выстава адбудзецца ў межах святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю абвяшчэння Беларускай Народный Рэспублікі. Фармат выставы прадугледжвае самы шырокі спектр сучасных выяўленчых сродкаў без абмежавання часу стварэння твораў.

Сімвалічна, што назва выставы ўтрымлівае ў сабе вельмі пашыраны і актуальны ў наш час тэрмін. У абагуленым сэнсе “код” – уваходныя дадзеныя, якія прадстаўляюць пэўную інфармацыю для счытвання ў зручным і зразумелым для атрымальніка выглядзе. Апрача таго, з шэрагу яго вызначэнняў, “код” – камбінацыя лічбаў і літар, што пазначае пэўны аб'ект дзеля адрознення яго ад іншых падобных аб'ектаў. У навуцы добра вядомае паняцце “генетычнага коду” – паслядоўнасці запісу клеткавай інфармацыі, якая дазваляе нам існаваць менавіта ў выглядзе чалавека. У культуры “код” — таксама зашыфраваная ў нейкай форме інфармацыя, што ідэнтыфікуе культуру як унікальную. Культурны код вызначае набор выяў, якія злучаны з якім-небудзь комплексам стэрэатыпаў у свядомасці. Але збольшага “код” – гэта культурнае несвядомае. Не тое, што здаецца ці выразна ўсведамляецца, а тое, што прыхавана ад разумення, але выяўляецца ва ўчынках. Культурны код нацыі дапамагае разумець рэфлексіі яго носьбітаў.

Для калектыўнага несвядомага нашай нацыі 25.03.2018 – гэта зусім не шараговая паслядоўнасць лічбаў на календары. Гэта ключавы код да ўспамінаў пра тыя драматычныя падзеі, што ў сакавіку 1918 года запусцілі незваротны працэс, вынікам якога і сталася існаванне на сучаснай мапе свету дзяржавы Рэспубліка Беларусь.

У выставе, якая прапануецца гледачу, беларускія мастакі розных пакаленняў прадэманструюць, што мары і ідэалы заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі і сёння, быццам паходня, асвятляюць іх шлях, матывуючы на стварэнне твораў, якія, аддаючы належную даніну павагі гераізму і самахвярнасці бацькоў-заснавальнікаў БНР, не толькі адлюстроўваюць у той ці іншай форме падзеі стогадовай даўніны, але па свайму зместу з’яўляюцца актуальнымі развагамі мастакоў аб складанасцях часу, яго новых сэнсах і выкліках, будучым лёсе нашай краіны.

Тэрмін правядзення выставы:

з 4 па 15 красавіка 2018 года, штодзень з 11.00 да 19.00.

Тэлефоны для даведак:

(017) 288-15-49, (017) 290-60-10 – Рэспубліканская мастацкая галерэя (Палац мастацтва)

(017) 296-67-84 – Беларускі саюз мастакоў.

 

Апошнiя навiны