Выстава жывапісу Вікторыі Ільіной «Адпачынак у дарозе» ў галерэі «Мастацтва» (31.05 - 18.06.2018)

31 мая 2018 года ў галерэі "Мастацтва" (г. Мінск, пр. Незалежнасці 12)  адбылося адкрыццё выставы Вікторыі Ільіной «Адпачынак у дарозе». Выстава будзе працаваць да 18 чэрвеня.

Вікторыя Ільіна – яркая творчая асоба ў беларускім жывапісным мастацтве.

Для яе творчасці ўласцівы тонкая манера пісьма, складаныя каларыты, кампазіцыйны рытм, багацце фактур і графічных эфектаў. Выстаўка жывапісу “Адпачынак у дарозе” прадстаўляе працы, напісаныя на працягу апошніх двух гадоў. Гэта ўлюбёныя жанры Вікторыі, а менавіта пейзажны жывапіс, нацюрморт і партрэт. Інтрыгуе кантрастнасць выставачнай прасторы: спалучэнне манахромных і ахраматычных твораў. Жывапіс гродненскай мастачкі — гэта крэатыўная  гульня колеравых плям і смеласць малюнка, гэта эмацыянаяльнае мастацтва, па-жаноцку лірычнае і шчырае.

Натхненнем для стварэння выстаўкі сталі мясціны, якія пабачыла мастачка падчас розных падарожжаў. Дарога адлюстроўваецца амаль на ўсіх палотнах. Экспазіцыю дапаўняе серыя прац, прысвечаных архітэктурным пабудовам, гарадскім вулачкам, панарамным відам горада і яго жыхарам. Працы, створаныя ў непаўторнай, самабытнай канцэптуальна-дэкаратыўнай манеры мастачкі, здольныя здзівіць разнастайнасцю эмацыйна-эстэтычнага ўздзеяння нават самага дасведчанага гледача.

Мастацтвазнаўца галерэі «Мастацтва» Ксенія Ралінская

 

Апошнiя навiны