Выстава Віцебскай абласной арганізацыі БСМ «ВІЦЕБСК 100+» у Палацы мастацтва (6.06 - 17.06.2018)

6 чэрвеня 2018 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё мастацкай выставы Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў “ВІЦЕБСК +100”.

Мастак вырабляе новыя, альтэрнатыўныя формы жыцця. Ен робіць іншую зону ўспрымання сусвету. Мастак у Віцебску асоба знакавая. Ён сваей апантанасцю і прагай творчасці нараджае свой сусвет тымі сродкамі, якімі валодае і да якіх мае схільнасць, адлюстроўваючы ўласную глыбіню. Калі класічнае мастацтва апеліруе да прыўкраснага-безабразнага; цудоўнага-пачварнага; то сучаснае мастацтва вызначае межы свядомасці, іх глыбіню, апеліруе да свабоды, шукае межы свабоды, даследуе, дакуль можа дайсці чалавек.

Нестабільны, невызначаны, складаны і неадназначны сёняшні свет вельмі цікавы для творцы, бо мы пераходзім у эпоху ідэяў. Новая эпоха не нашмат меней пладатворная, чым ранейшыя, але больш шматслойная і шматскладаная. Прыватны рэалізм, прыватная рэчаіснасць, рэчаіснасць прыватнага разумення, выйсце за межы быцця і свядомасці, метафарычныя паслойныя сутнасці – усё гэта сёння і ёсць мастацтва Віцебшчыны.

I сёння не губляецца гістарычная пераемнасць пакаленняў, а новае кола творцаў годна працягвае традыцыі славутай віцебскай мастацкай школы, у рэчышчы якой былі і прадстаўнікі авангардных плыняў, і прыхільнікі традыцыйнага мастацтва.

Праз 100 год пасля таго, як Віцебская мастацкая школа выбухнула на ўвесь свет і фактычна змяніла ўсё сучаснае мастацтва, праз 100 год ад часу, як на Беларусі з'явілася прафесійная мастацкая адукацыя сто сябраў Віцебскай абласной арганізацыі прадстаўляюць сябе, як нашчадкаў самых розных напрамкаў у мастацтве, як адметную школу, вартую увагі адмыслоўцаў і гледачоў.

Тэрмін правядзення выставы:

з 6 па 17 чэрвеня 2018 года, штодзень, акрамя панядзелка, з 11.00 да 19.00.

Тэлефоны для даведак:

(017) 288-15-49 Рэспубліканская мастацкая галерэя (Палац мастацтва)

(017) 296-67-84 – Беларускі саюз мастакоў.

Апошнiя навiны