Выстава Пятра Прохарава ў Палацы мастацтва (4.07 - 15.07.2018)

4 лiпеня (серада) а 17-й гадзiне ў Рэспублiканскай мастацкай галерэі БСМ (ПАЛАЦ МАСТАЦТВА, вул. Казлова 3, г. Мiнск) адбудзецца адкрыцце персанальнай юбiлейнай выставы Пятра Прохарава.

Юбілейная выстава Пятра Прохарава з’яўляецца вынікам яго апошніх дасягненняў у галіне новых пластычных рашэнняў.

Аўтар прадставіў гледачу ўвесь арсенал сваіх мастацкіх магчымасцяў. Амплітуда яго эксперыментальных пошукаў – ад традыцыйнага жывапісу алеем і акварэллю да фатаграфіі і інсталяцыі.

Спалучаючы традыцыйныя і новыя віды творчасці, мастак імкнецца адказаць на пытанні, пастаўленыя ім жа самім. Фатаграфія – такі ж від мастацтва, як і жывапіс, ці яно ў нечым саступае яму альбо абыходзіць яго? Калі так, дык у чым і на колькі?

Прохараў лічыць, што індыкатарам праверкі на сапраўднасць і годнасць, так званай лакмусавай паперкай, для любога віда мастацтва з’яўляецца паэзія.

Прысутнасць паэзіі ў жывапісу пацверджана не адным стагоддзем. Ёю прасякнута ўсё – і колер, і кампазіцыя, і сюжэтная канва, і фактура паверхні… і нават адваротны бок палатна і асвятленне таго месца, дзе экспануецца карціна.

Каб даказаць, што ў фатаграфіі таксама прысутнічае паэзія, Пётр злучае і паказвае свае здымкі парамі, у пэўным рытме і пэўным чынам “зарыфмаванымі”. Спалучэнне фотаздымкаў адбываецца не толькі па сюжэце, але і па фармальных прыкметах. Такім чынам, аўтар сцвярджае, што пры спалучэнні некалькіх “рыфмаваных” пар фота можа атрымацца не толькі верш, але і фатаграфічная паэма.

У сваіх інсталяцыях Пётр аднавіў геаграфію тых мясцін, што былі для яго крыніцай натхнення. З аднаго боку гэта Чарнагорыя, горад Будва і Бока-Котарскі заліў, а з другога – возера Укля, што на Браслаўшчыне. Неаднойчы мастак наведваў гэтыя мясціны і ў сваіх творчых пошуках паспрабаваў знайсці ў іх агульныя рысы і разам з тым падкрэсліць своеасаблівыя адметнасці прыроды і гісторыі гэтых маляўнічых куткоў Еўропы. Аўтар быў уражаны не толькі знешняй прыгажосцю заліва і возера, ад яго не схавалася і тое, што ўтоена ў глыбінях нацыянальнай памяці. Муры старажытных крэпасцяў Котара і Будвы нагадваюць яму сцены і вежы беларускіх замкаў. Гэтыя цытадэлі – нямыя сведкі гераічнага мінулага двух славянскіх народаў.

Возера Укля – адна з маціцовых пярлін у доўгіх пацерках Браслаўскіх азёр. Недалёка ад яго, у школьным музеі горада Міёры, мастаку пашанцавала бачыць і трымаць у руках каштоўную гістарычную рэліквію – люстэрка, якое некалі належала легендарнай Эміліі Плятэр – беларускай Жане д’Арк. Люстэрка і возера нейкім чынам спалучыліся ў адно і ператварыліся ў інсталяцыю, якая імітуе паверхню возера, у глыбіні якога ляжыць люстэрка.

“…Як у нязнаны свет акно,

Ляжыць, халоднае, яно,

Жыццё сабою адбівае

І ўсё, што згінула даўно,

У цёмнай глыбіні хавае.”

Максім Багдановіч “Возера” 1910 г.

Гэты артэфакт быў знойдзены ў тых мясцінах, дзе Плятэр збірала фальклор. Яго адшукаў і набыў для музейнай калекцыі нястомны энтузіяст і знаўца гісторыі свайго краю Вітольд Антонавіч Ермалёнак, які арганізаваў некалькі музеяў у Міёрах і з’яўляецца аўтарам сотняў навуковых публікацый.

Інсталяцыя ёсць спроба, хоць неяк, у рамках праекта адзначыць імя той асобы, якой прысвечаны верш Адама Міцкевіча “Смерць палкоўніка”, у гонар якой у суседніх краінах усталяваны помнікі, названы вуліцы і плошчы гарадоў.

Прохараў Пётр Васільевіч

Нарадзіўся 8 красавіка 1958 года, вёска В.Трасцянец Мінскага раёна, Мінскай вобласці, БССР.

1965 – 1973 – вучоба ў СШ №68 г. Мінска.

1969-1973 – вучоба ў ДМШ №1 г. Мінска.

1973-1977 – скончыў мастацкае вучылішча ім. А.К. Глебава.

1977-1983 – скончыў БДТМ інстытут па спецыяльнасці  Станковы жывапіс”.

1983-1984 – служба ў СА.

1985-1992 – праца мастаком-рэстаўратарам ў БСНВМ(рэстаўрацыйныя майстэрні).

З 1992 – настаўнік ДХШІ №3 г. Мінска.

Сябра СМ з 1996 г.

Тэрмін правядзення выставы:

з 4 па 15 ліпеня 2018 года, штодзень, акрамя панядзелка, з 11.00 да 19.00.

Тэлефоны для даведак:

(017) 288-15-49 – Рэспубліканская мастацкая галерэя (Палац мастацтва)

(017) 296-67-84 – Беларускі саюз мастакоў.

Апошнiя навiны