Выстава памяці Фёдара Ястраба «Маленне агню і ветру» ў Палацы мастацтва (1.08 - 12.08.2018), дапоўнена

1 жніўня 2018 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё юбілейнай выставы памяці і прэзентацыя пяці тамоў санэтаў мастака, грамадскага і культурнага дзеяча Фёдара Ястраба “Маленне агню і ветру”.

Фёдар (Франц) Адамавіч Ястраб (1953-2014) нарадзіўся ў в. Станіслаўцы Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці, скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. П.М. Машэрава. З'яўляўся членам Беларускага саюза мастакоў, старшынёй Міжнароднай гільдыі жывапісцаў, дацэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, першым загадчыкам аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (быў куратарам міжнароднага фестывалю лічбавага мастацтва "Terra Nova", біенале сучаснага жывапісу "Colorfest», выставы графікі «Арт-лінія», міжнароднага фестывалю «Універсум», штогадовых выстаў «Арт-крок», «Кветкавы рай», «Фэст пейзажу» і інш.)

Маляўнічыя палотны Фёдара Ястраба захоўваюцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, Светлагорскай карціннай галерэі «Традыцыя» ім. Г. Пранішнікава, Сочынскім мастацкім музеі і Мастацкім музеі г. Бранска (Расія), галерэі "Кляй грув» (Бельгія), галерэі Джэймса Ціс (Францыя), а таксама ўпрыгожваюць прыватныя зборы ў Беларусі, Расіі, Польшчы, Канадзе, ЗША, Францыі , Іспаніі і іншых краінах.

Фёдар Ястраб пакінуў пасля сябе багатую творчую спадчыну не толькі як мастак, але і як вядомы дзеяч культуры, мастацтвазнаўца. Ён прыняў удзел больш чым у 110 міжнародных замежных, рэспубліканскіх і сумесных выставах, быў аўтарам і куратарам звыш 70 мастацкіх праектаў, правёў 12 персанальных выстаў. Ім напісана амаль тысяча санетаў.

Па меркаванню мастацвазнаўцаў, у жывапісных творах Фёдара Ястраба загадкава перапляліся падтэкст карцін і тэкст санетаў, сустрэліся гісторыя і міф, рамантычнасць і рэальнасць навакольнага свету. Дасканаласць думкі і вобразаў, філасофская глыбіня рыфмы і сюжэту дазваляюць бачыць у мастаку яшчэ і сур'ёзнага паэта.

На выставе будуць прадстаўлены некалькі дзясяткаў жывапісных твораў мастака, а таксама адбудзецца прэзентацыя пяці тамоў яго паэтычнай спадчыны.

Кнігі, альбомы, каталогі выстаў і праектаў, часопісы і копіі артыкулаў, прадстаўленыя для выставы Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, прэзентуюць гледачам жыццёвы шлях чалавека і шматграннасць таленту мастака і паэта Фёдара Ястраба.

Куратарам выставачнага праекта выступіла жонка мастака, вядомая тэлевядучая і актрыса Арына Ястраб.

Апошнiя навiны