VI Беларуская біенале жывапісу, графікі і скульптуры (22.11 - 14.12.2018)

22 лістапада 2018 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё VI Беларускай біенале жывапісу, графікі і скульптуры.

Біенале стане ўжо шостым па ліку ў шэрагу  праектаў такога кшталту. Нагадаем, што першае Беларускае біенале жывапісу, графікі і скульптуры адбылося амаль 10 год таму і было прымеркавана да 70-годдзя Беларускага саюзу мастакоў. Яно мела вялікі поспех у культурным асяродзі Беларусі, і з той пары стала ўжо добрай традыцыяй, што праз кожныя два гады, у канцы лістапада, усе залы Рэспубліканскай мастацкай галерэі запаўняюцца лепшымі работамі, створанымі за гэты перыяд беларускімі жывапісцамі, графікамі і скульптарамі – сябрамі Беларускага саюза мастакоў.

Для мастакоў такія буйныя калектыўныя выставы з'яўляюцца не толькі сапраўдным святам, вынікам напружанай творчай працы, сустрэчай на адной экспазіцыйнай прасторы розных пакаленняў і светапоглядаў, але ж і своеасаблівым даследчым зрэзам. Напрыклад, яны дазваляюць творцам у кантэксце вялікай і разнастайнай экспазіцыі ўбачыць, якія пытанні вырашаюць для сябе іх калегі-мастакі ў працэсе творчых эксперыментаў. А для ўважлівых і зацікаўленых гледачоў гэта ўнікальная магчымасць не толькі ў аднымі месцы і адразу пазнаёміцца з лепшымі і найбольш арыгінальнымі творамі, але і з уласнага боку паспрабаваць прааналізаваць тое, што зараз хвалюе беларускіх творцаў, наколькі беларускае мастацтва здольнае рэагаваць на выклікі часу і наколькі яго ідэйныя і тэхнічныя эксперыменты суадносяцца з тымі працэсамі, што адбываюцца, напрыклад, ў аналагічных відах мастацтва краінаў-суседзяў Беларусі.

Трэба адзначыць, што мастакам, якія бяруць удзел у праекце, вельмі важны водгук з боку аўдыторыі, ім цікавы дыялог з наведвальнікам. Менавіта таму важным складнікам выстаўленых твораў з'яўляецца магчымасць шматузроўневай інтэрпрэтацыі працы гледачом з любым узроўнем мастацтвазнаўчай падрыхтоўкі і агульнага інтэлектуальнага багажу.

Па вопыту аналіза папярэдніх біенале відавочна, што найбольш устойлівымі, стрыжнявымі для беларускага мастацтва апошняга дзесяцігоддзя па-ранейшаму застаюцца дзве плыні: ўнутраныя перажыванні і асабістыя рэфлексіі творца, і актуалізацыя сябе у мастацтве праз гістарычнае мінулае. Для кагосьці важна пры дапамозе творчасці прыцягнуць увагу грамадства да вострых сацыяльных праблемаў, актыўна рэагуючы на палітычныя, эканамічныя катаклізмы. У той жа час шэрагу з прадстаўленых мастакоў уласцівае спакойнае, удумлівае сузіранне прыгажосці навакольнага свету, якое знаходзіць сваё адлюстраванне ў створаных імі пейзажах ды нацюрмортах.

Наколькі гэтыя тэндэнцыі застаюцца стабільнымі, ці ў іх азначыліся вырашальныя змены – паспрабаваць даць адказ на гэта кожны зможа асабіста пазнаёміўшыся з выніковай экспазіцыяй VI Біенале.

На прыкладзе, прадстаўленых 250 мастакамі больш за 400 твораў, можна сцвердзіць, што VI Беларускае біенале жывапісу, графікі і скульптуры зноў прадэманструе ўсю разнастайнасць напрамкаў, жанраў, тэхнік, якія існуюць і развіваюцца ў беларускім жывапісу, графіцы і скульптуры. У выніковую экспазіцыю прафесійнай камісіяй з аўтарытэтных экспертаў Беларускага саюза мастакоў з усіх прапануемых твораў будуць адабраныя толькі найбольш тэхнічна-дасканалыя і высокапрафесійныя.

Пераможцы VI Бiенале жывапісу, графікі і скульптуры:

Намінацыя «Жывапіс»: 

1 месца – Леанід Хобатаў,
2 месца – Юрый Несцярук ,
 
3 месца – Зоя Луцэвіч.
 

Намінацыя «Графіка»:

1 месца – Раман Сустаў, 
2 месца – Андрэй Басалыга,
 
3 месца – Кацярына Дасько.

Намінацыя «Скульптура»:

1 месца – Сяргей Сотнікаў, 
2 месца – Аляксандр Шапо,
 
3 месца – 
Уладзімір Слабодчыкаў.

Акрамя гэтага ў межах Біенале прайшоў конкурс «Жывапіс года, графіка года і скульптура года».

Пераможцы конкурсу па намінацыях:

«Графіка года»
Намінацыя "Арыгінальная графіка»: 
1 месца - Некрашэвіч Аляксандр,
2 месца - Баранаў Антон, 
3 месца - Шоба Валянціна. 

Намінацыя «Друкаваная графіка»: 
1 месца - Тарэеў Юрый, 
2 месца - Басалыга Андрэй, 
3 месца - Мароз Марына.

Жывапіс года: 
1 месца - Канцадайлаў Уладзімір, 
2 месца - Козел Генадзь, 
3 месца - Гурскі Стас.

Скульптура года: 
1 месца - Орсік Вольга, 
2 месца - Мінькоў Аляксандр, 
3 месца - Шаппо Аляксандр.

 

Апошнiя навiны