Выстава жывапісу Уладзіміра Ткачэнкі «Ад шасцідзесяці да сямідзесяці» (29.03 - 09.04.2019)

29 сакавіка 2019 года а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу беларускага мастака Уладзіміра Ткачэнкі «Ад шасцідзесяці да сямідзесяці», прымеркаванай да юбілею мастака і арганізаванай ГА «Беларускі саюз мастакоў», Рэспубліканскай мастацкай галерэяй.

Я ўдзячны лёсу за магчымасць займацца жывапісам,

знаходзіць радасць у гэтым мастацтве.

Часцінкай сваёй радасці я з вамі дзялюся.

Гэтая выстава пад назвай «Ад шасцідзесяці да сямідзесяці» адбудзецца як своеасаблівае падвядзенне вынікаў пэўнага адрэзка часу, як справаздача мастака, перш за ўсё, перад самім сабой і, таксама, як пастаноўка творчых задач на наступнае дзесяцігоддзе.

У экспазіцыю ўвайшлі цыклы пейзажных работ, звязаных з роднай Міншчынай і Палессем, з азёрным краем Браслаўшчыны.

Браслаўскія азёры Уладзімір Ткачэнка палюбіў яшчэ з часоў інстытуцкіх пленэраў, і сёння, большая частка краявідаў, што будуць прадстаўлены на гэтай выставе, напісаныя з натуры, ці пад уражаннем ад азёрнага краю.

Сузіральны стан душы, пошук фарбаў сусвету, прыгажосць і трапятанне навакольнай прыроды даюць сілы і натхненне майстру ў творчасці. Яго хвалююць радасці і смутак, драма і ціхі спакой родных краявідаў.

Ткачэнка Уладзімір Аляксандравіч нарадзіўся 30.10.1948 года ў Мінску.

У 1966 г. скончыў сярэднюю мастацкую школу.

У 1971 г.  –  Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся ў выдатнага мастака і педагога Анатоля Бараноўскага.

З 1976 г.  – пастаянны ўдзельнік мастацкіх выстаў.

З 1981 г. – член Беларускага саюза мастакоў.

Працуе ў станковым жывапісе, у жанрах пейзажа, нацюрморта, партрэта, кампазіцыі.

З 1975 года кіруе студыяй выяўленчага мастацтва ў ДК МТЗ, у сценах якой і сам некалі вучыўся жывапісу.

Выкладчыцкая праца ў студыі заўсёды дае магчымасць трымаць прафесійную форму. Уладзімір Ткачэнка патрабуе прафесіяналізму ад вучняў, –  сотні з іх сталі мастакамі,  – і гэта абавязвае строга ставіцца і да сваіх прац.

Работы Уладзіміра Аляксандравіча знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах БСМ, прыватных зборах Расіі, Германіі, Японіі.

У 1999 годзе за серыю сацыяльна-значных карцін мастак быў уганараваны прэміяй Беларускай федэрацыі прафсаюзаў.

Выстава працягнецца па 09 красавіка 2019 г.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, «Палац мастацтва».

Час працы: аўторак-пятніца з 11:00 да 19:00; субота-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак-выхадны дзень.

Тэлефон для даведак: +375 (17) 288 15 49; +375 (29) 844 99 68 (МТС); +375 (29) 264 68 48 (МТС); artpalace.by

 

Апошнiя навiны