Персанальная выстава Васіля Шаранговіча «Гартаю старонкі памяці» ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь

22 сакавіка 2019 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адчыніцца персанальная выстава Народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча «Гартаю старонкі памяці» да 80-годдзя з дня нараджэння.

На выстаўцы будзе прадстаўлена каля 100 твораў з калекцыі аўтара, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага літаратурнага музей Янкі Купалы. 

Пейзажная лірыка і экспрэсіўная пластыка гуашы, прадстаўленыя на юбілейнай выставе народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча, – асаблівая, недаследаваная тэма ў яго творчасці. Памятныя з дзяцінства мядзельскія мясціны, вобразы людзей, прататыпамі якіх сталі аднавяскоўцы, сябры, калегі, героі з айчыннай гісторыі… Здаецца, праходзячы па экспазіцыі, гартаеш старонкі біяграфіі аўтара, старонкі яго памяці.

У мастацтва ХХ стагоддзя Васіль Шаранговіч увайшоў як выдатны майстар станковай і кніжнай графікі. У графіцы яскрава выявілася яго асаблівае мастацкае мысленне, пачуццё лініі, формы. Несумненнай заслугай Васіля Шаранговіча з'яўляецца пераўвасабленне гравюры ў самастойную галіну нацыянальнай мастацкай культуры, стварэнне беларускай школы графікі.

Вывучаючы працы мастака розных гадоў, можна ў поўнай меры ацаніць моц не толькі яго таленту, але і асобы. Валявы, тэмпераментны, дзейны, ён напаўняе свае творы энергіяй, якую чэрпае з гісторыі і падзей сучаснай яму эпохі. Гэтая энергія, якая нібы вырываецца з кожнага твора, зачароўвае. Нястомны ў сваёй працаздольнасці, ён упэўнена вядзе ўласную лінію ў мастацтве. У яго выразна прадуманых кампазіцыях класічных станковых серый і ілюстрацый заўсёды ёсць месца імклівай дынаміцы прасторы і жывым, хоць і абагульнена тыпізаваным вобразам. У акварэлях і гуашах 1990–2000-х ён – экспрэсіяніст, нястрымны і эмацыянальны па манеры, які імкнецца да вострых колеравых кантрастаў і рэзкіх перамяшчэнняў прасторы. І ў той жа час у ілюстрацыях – рамантык, які не толькі мысліць вялікімі катэгорыямі і паняццямі, але і ўмее замыкацца ў самой камернай лірыцы. Праз эпічна шырокі круг сучасных тэм і вобразаў Васіль Шаранговіч можа прыходзіць да засяроджанага асабістага перажывання і пачуцця.

Выбраўшы графіку пры паступленні ў інстытут, Васіль Шаранговіч палюбіў яе пластычную мову за вастрыню перадачы вобразаў, магчымасць свабодна працаваць з формай, лініяй, плямай, кампазіцыяй. У яго акварэлях і гуашах, якія не маюць прамых аналагаў у гравюрах, няцяжка заўважыць рысы «графічнага мыслення». Гэта адчуваецца ў дакладнасці контураў, выразным падзеле фарбаў, кантрастах сілуэтаў фігур і фону, умоўнасці плоскай пабудовы прасторы, у яўнай графічнасці дэталяў.

Мастак пісаў пераважна знаёмыя яму з дзяцінства мядзельскія краявіды, адлюстраваўшы іх непаўторную своеасаблівасць: плаўныя абрысы пагоркаў, згладжаных леднікамі, бязмежную стыхію азёр, глыбіню неба, падкрэсленую манументальнымі аблокамі, таямнічае мігценне начнога неба. Карціны прыроды заўсёды праходзяць праз настрой самога аўтара. Васіль Шаранговіч надзяляе прыроду значнасцю, у ёй з’яўляецца штосьці незвычайнае, непаўторнае, што  ўзвышае яе над штодзённасцю. Майстар падкрэслівае веліч і манументальнасць ландшафту, перадаючы яго характэрныя асаблівасці: неба, нізка навіслае над вадой, бязлюдныя, нібы адпаліраваныя часам пагоркі, хаткі на беразе. Асаблівасцю гэтага пейзажа становіцца поўнае яднанне чалавека з прыродай у адзінае натхнёнае цэлае, іх адвечная гармонія. Умоўная колеравая і жывапісна-пластычная характарыстыка напісанага ландшафту нараджае абагульнены вобраз беларускай прыроды, напоўнены лірызмам і паглыбленым сузіраннем.

На гэтым фоне гуашы Васіля Шаранговіча 1990-х гадоў па матывах твораў Янкі Купалы выглядаюць новым пластычным прарывам, які знамянуе пошук экспрэсіўнай пластыкі ў стылі эстэтыкі Мунка і Дзікса. Іх адрозніваюць напружаныя формы, адвольныя змены прапорцый фігур, экспрэсія мазкоў. Лініі ператвараюцца ў контур, форма набывае лапідарнасць, фактура становіцца асновай вобраза, як бы перадаючы гэтым стаўленне аўтара да выяўленчага матыву. Мастак імкнецца падпарадкаваць кампазіцыю сваіх твораў ярка выяўленай лінейнай рытміцы, скампанаваць з ліній фігуры, якія, аддаляючыся ад рэальных правобразаў, набываюць самастойную экспрэсію. Дынамічнае адлюстраванне стану герояў набывае асаблівую вастрыню дзякуючы рэзкім кампазіцыйным зрушэнням, напружанай актыўнасці мазкоў белага колеру і нават дэфармацыі фігур.

Наталля Шаранговіч, мастацтвазнаўца, арт-крытык

Куратар выставы: Вольга Архіпава, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларусскага мастацтва.

Апошнiя навiны