Выстава Уладзіміра Тоўсціка «Тэрыторыя партрэта. Блізкі погляд» у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (29.03 - 28.04.2019)

28 сакавіка 2019 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца персанальная выстава народнага мастака Беларусі Уладзіміра Тоўсціка «Тэрыторыя партрэта. Блізкі погляд», прымеркаваная да 70-годдзя майстра.

На выставе будуць прадэманстраваны каля 30 жывапісных работ са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, фонду Беларускага саюза мастакоў, у тым ліку партрэты апошняй серыі «Блізкі погляд» з калекцыі мастака. Многія творы будуць дэманстравацца ўпершыню.

Удалае вызначэнне серыі стала і назвай персанальнай выставы мастака, таму што большасць герояў, адлюстраваных у яго партрэтах, належаць да супольнасці блізкіх яму па духу людзей, выяўляюць сувязь яго мастацтва з «абставінамі месца і часу», з’яўляюцца саўдзельнікамі і сведкамі развіцця мінскага мастацкага працэсу.

Ідэю захаваць у партрэтах вобразы сваіх сяброў, калег-мастакоў Уладзімір Тоўсцік выношваў некалькі гадоў. Частыя сустрэчы, развагі пра мастацтва, абмеркаванне бягучага мастацкага працэсу сталі ўнутранай матывіроўкай для стварэння партрэтаў Леаніда і Святланы Шчамялёвых, Валерыя Славука, Васіля Шаранговіча і яго дачкі Наталлі, Георгія Скрыпнічэнкі, Гаўрыіла Вашчанкі і многіх іншых вядомых дзеячаў беларускай культуры.

Усе героі серыі «выяўляюцца» у выразна персаніфікаванай атмасферы, знаходзяцца ў нейкай аўтарскай «духоўнай» прасторы, іх вобразныя трактоўкі ўзбагачаюцца метафарычнасцю дадатковых дэталяў.

У сваіх партрэтах Уладзімір Тоўсцік ніколі не задавольваецца толькі натурнай трактоўкай, перадачай фізіянамічнага падабенства. Яго персанажы цікавыя сваім ментальным backgrоund-ам. За бліскуча вырашанымі партрэтнымі задачамі стаяць персанальныя гісторыі, тонкая гульня сэнсавых планаў.

Замыкае партрэтную серыю сам Уладзімір Тоўсцік. Ён адзіны з усіх адлюстраваных герояў, які не пазірае прама на гледача, а паўстае ў працэсе працы за вялікім і яшчэ незафарбаваным палатном. Гэта адначасова і адхіленне, і рэфлексія, і красамоўнае сведчанне таго, што серыя «Блізкі погляд» увесь час папаўняецца ўсё новымі і новымі творамі, убіраючы ў сябе герояў розных узростаў, творчых памкненняў, якія пайшлі ў свет іншы, і дзеючых асоб беларускай мастацкай сцэны.

Сутнасць гэтага праекта не ў выбудоўванні рэйтынгу лепшых і годных, а ў самой паэзіі ўважлівага бачання чалавека, у захаванні прынцыповай сувязі з вялікімі культурнымі традыцыямі мінулага. У пошуках зыходзячага часу Уладзімір Тоўсцік засяродзіўся на самым каштоўным – чалавеку, стварыўшы дзіўную галерэю партрэтаў, якія хочацца глядзець, разгадваць і сузіраць.

Куратар выставы – Кацярына Ізафаіава,

кандыдат мастацтвазнаўства,

загадчык аддзела сучаснага беларускага мастацтва

Апошнiя навiны