Выстава Алены Лось «ЭТНАГРАФІЯ» (25.04 - 5.05.2019)

25 красавіка 2019 года а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы Алены Лось “ЭТНАГРАФІЯ”, прымеркаванай да юбілею аўтара. Выстава працягнецца па 5 траўня 2019 г.

“ЭТНАГРАФІЯ” – назва выставы, на якой каля пяцідзесяці работ прадстаўляюць адзін з аспектаў творчасці мастачкі Алены Ўладзіміраўны Лось.
Працы створаны за перыяд з 1983 па 2019 гады, у тэхніцы, якая ўяўляе сабой складаную апрацоўку тэкстыля: аплікацыя, пляценне, роспіс тканіны, ручное фарбаванне, штампаванне, батык.
У экспазіцыю ўвайшлі творы з прыватнай калекцыі сям’і мастачкі: цыклы работ, прысвечаныя каляндарным святам, беларускай міфалогіі, біблейскім сюжэтам; нацюрморты, партрэты, пейзажы.
Не гледзячы на разнастайнасць тэхнічных прыёмаў і вялікі ахоплены часавы перыяд, агульнае ўражанне ад успрымання работ вельмі цэласнае. Прасякнутыя любоў’ю да таямнічага, чароўнага, казачнага, сакральнага, неасэнсаванага – працы маюць высокі мастацкі ўзровень. Алена Лось карыстаецца глыбокімі ведамі па этнаграфіі, народнаму мастацтву і дэманструе віртуознае валоданне матэрыяламі. Мастачку захапляе як цудоўнае з народнага фальклору, так і гістарычныя вобразы, партрэты стваральнікаў казак і легенд, сімвалы і знакі.
Міфалагічныя істоты адначасова існуюць і як жывапісныя партрэты, і як увасабленне народнага светапогляду. Мастачка літэральна апісвае беларускі этнас праз яго гісторыю, казкі, наваколле, прыродныя з’явы, расліны і кветкі.
З любоўю мастачка ставіцца да герояў сваіх палотнаў, якія часта прадстаўляюць сабою жаночы партрэт. Жанчыны мусяць захоўваць карані, акумуляваць скарбы народнай гісторыі, у гадзіны выпрабаванняў спакойна і сур’ёзна перадаць наступным пакаленням сваю існасць, свой дух і гены.
Прырода таксама мае свае твары. Пах кветак, дрэў, зоркі і каметы, водбліскі і адлюстраванні, – усё мае права на ўвасабленне на палатне. Алена Лось прыцягвае позірк гледача да гэтых з’яў, абуджае думкі, жартуе, загадвае, фантазіруе.

Алена Уладзіміраўна Лось
Нарадзілася 4 лютага 1957 г. у Менску. 
Скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут з дыпломам выдатніка (1979) і аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук Беларусі (1984). Вучылася ў Ларысы Лось, Паўла Масленікава, Міхася Раманюка, Яўгена Харытоненкі, Пётры Крохалева, Міхаіла Кацара. 
Працуе ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. 
Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1989 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1970 г. 
Творы экспанаваліся на шматлікіх айчынных і міжнародных выставах. Персанальныя выставы: філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Гальшаны (2002–2003, 2005, 2008); Выставачная зала г. Бабруйска (2005).
Займалася вырабам аб’ектаў інтэр’еру, аўтарскіх сувеніраў, дробнай пластыкі з саломкі, мадэляваннем адзення, тэкстыльнай аплікацыяй і размалёўкай па тканіне. Цяпер працуе ў галіне трыкатажнага дызайну, жывапісу і кніжнай ілюстрацыі.
Стварыла серыю габеленаў-аплікацый “Народны каляндар”, нізку саламяных павукоў, наборы сцэнічных упрыгожанняў з саломкі “Карона”, “Пацеркі”, батыкі “Лясная варта”, “Кветкі”, “Вясна”. 
Разам з Ларысай Лось рэстаўравала шэдэўры айчыннага манументальнага мастацтва – царскія брамы, зробленыя з саломкі, ХVІІІ–ХІХ стст. (1975–1976). Да 600-годдзя Грунвальдскай перамогі зрабіла рэканструкцыю гістарычных харугваў (2010). Распрацавала і выканала камплект лялек тэатра “Батлейка” (2013–2014).
Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Расейскага этнаграфічнага музея (Санкт-Пецярбург), Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага саюза мастакоў, у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, менскім касцёле св. Сымона і Алены, у прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Нямеччыны, Аўстраліі, Галандыі, Італіі, Кіпра.
Аўтар мастацтвазнаўчых публікацый у часопісах “Декоративное искусство СССР”, “Мастацтва”, “Беларусь”. Жыве ў Менск

 

 

Апошнiя навiны