Юбілейныя выставы Алеся Фалея, Уладзіміра Казакова і Святланы Урублеўскай (25.04 - 5.05.2019)

25 красавіка 2019 года а 17 гадзіне ў зале жывапісу Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудуцца адкрыцці юбілейных выстаў беларускіх мастакоў Алеся Фалея (Баранавічы), Уладзіміра Казакова (Гродна) і Святланы Урублеўскай (Віцебск).

“Для мяне важна жыццё пражыць паўнавартасна, таму ўвесь час і актыўна. Шукаю сябе ў творчасці.”
Алесь Фалей

Вядомы расійскі калекцыянер нонканфармісцкага мастацтва Мікалай Благадатаў некалі дакладна адзначыў, што “працы Фалея дыхаюць раскутасцю, якую дазваляюць сабе толькі паэты ў чарнавіках”. А архітэктар Павел Папоў казаў пра Мірона (творчы псеўданім Фалея) так: “Саша па натуры вельмі мяккі чалавек, і ў тойжа час можа быць хвосткім і энергічным. Гэтак і ў яго працы пранізаны гэтым спалучэннем. Напор і экспрэсія падначалены агульнай мелодыі гармоніі. Разбурэнне плоскасці ліста нараджае новыя сусветы, іншую рэальнасць. У гэтым яго дар сапраўднага мастака. Не кожнаму дадзена пачуць ноту ў свісце кулі, нe кожны ўгледзіць у паміраючым прадмеце нараджэнне прыгажосці. Алесь з гэтай кагорты… І, як гэта ні пафасна гучыць, у яго працах ёсць Душа”.

На выставе ўвазе мінскіх гледачоў аўтар прадставіць больш за 30 маштабных жывапісных прац, а таксама арт-аб’екты, якія найбольш поўна адлюструюць яго творчасць на дадзеным этапе.

Рэтраспектыўная выстаўка Уладзіміра Казакова “Поле памяці” прадстаўляе работы розных гадоў і ахоплівае шырокае кола жыццёвых праблем, якія аўтар імкнецца данесці да гледача ў выразных мастацкіх вобразах. Мастак звяртаецца да сакральных тэм, узнаўляе выгляд хрысціянскіх помнікаў, любуецца роднымі краявідамі, праз нацюрморты выказвае свае адносіны да навакольнага свету. 
Яго жанравыя кампазіцыі ўспрымаюцца як аб’ектыўна-рэалістычнае адлюстраванне навакольнай рэчаіснасці, часта спалучаюцца з умоўнай трактоўкай сюжэта, што паглыбляе выяўленчы рад палотнаў. 
Выстаўка “Поле памяці” тэматычна апелюе да свядомасці кожнага чалавека, арыентавана на яго самастойны аналіз сучаснага грамадства праз адвечныя духоўныя каштоўнасці.

Юбілейная выстава Святланы Урублеўскай уключае ў сабе 60 твораў, выкананых у тэхніцы акварэлі. Пераважная большасць з іх створана у межах канцэптуальнага праекту GRAFEMA.BY. Працы абъяднаныя наяўнасцю ў іх разнастайных надпісаў, знакаў і фраз. Графема – гэта мінімальная адзінка графічнай сістэмы мовы – пісьменства. У гісторыі мастацтваў нямала прыкладаў, калі літара, іерогліф, любы графічны сімвал станавіўся мастацкім аб’ектам. У першую чаргу, гэта кітайская і японская каліграфія. Малюнак думкі, якую аўтар жадае перадаць на пісьме, павінен быць аформлены так, каб гледачу быў зразумелы не толькі сэнс напісанага, але і настрой ці душэўны стан, выкліканы ім. Каліграфія – гэта філасофія, адначасова своеасаблівая духоўная практыка і найстаражытнае мастацтва.
Экспазіцыя выставы разнастайная і не абмяжоўваецца фармальна-шрыфтавымi кампазіцыямі. Вялікая серыя работ “Гісторыя гербаў” выканана на аснове гістарычных гербаў 16-ці найбольш значных беларускіх гарадоў. З астатнімі працамі выставы іх аб’ядноўвае наяўнасць усё тых жа надпісаў, але тут ужо дадаецца і культурна-гістарычны аспект. Пры дапамозе мастацкіх прыёмаў – гэта спроба асцярожнага даследавання гісторыі краіны праз гісторыю канкрэтных гарадоў. Выбудаваны па законах геральдыкі, герб нясе закадаваную інфармацыю пра гісторыю і культуру яго носьбіта. І як любы знак самаідэнтыфікацыі, збольшага і прадвызначае яго развіццё. Герб – гэта сімвал, такі ж як і слова.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Святлана Урублеўская

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Апошнiя навiны