Выстава акварэлі Уладзіміра Рынкевіча «Зямное і нябеснае» ў Мастацкім музеі г. Віцебска (14.06 – 05.07.2019) 

Персанальная выстава акварэлі Уладзіміра Рынкевіча “Зямное і нябеснае” экспануецца ў Мастацкім музеі г. Віцебска.

Назва выставачнага праекта “Зямное і нябеснае” пазначае канцэптуальна-тэматычны стрыжань экспазіцыі, які аб’ядноўвае творы, розныя па тэматыцы і стылістыцы. Выпадковыя, на першы погляд, эпізоды жыцця, прыродныя з’явы і банальныя аб’екты рэчаіснасці не маюць відавочнай узаемазалежнасці. І тым не менш яны непарыўна звязаныя не толькі матэрыяльнымі формамі зямнога існавання, “харчовым ланцужком”, але і сваёй далучанасцю да духоўнага поля сацыяльнага жыцця, сферы розуму, пачуццяў і веры. Погляд на свет, дзе зямны і нябесны аспекты быцця ўспрымаюцца як цэласная філасофская субстанцыя, абуджае наша асацыятыўнае мысленне, дае волю фантазіі, патрабуе ад творцы выкарыстання арыгінальнай іншасказальнай мовы адлюстравання. Мастак, як паэт, як філосаф пераасэнсоўвае гармонію бачнага свету і матэрыялізуе вобразную ідэю спецыфічнымі выяўленчымі сродкамі. Глядач вандруе па сцежках рэальных жыццёвых сюжэтаў і асацыяцый.

На выставе экспануецца больш за тры дзясяткі акварэльных твораў апошніх гадоў. Гэта новая калекцыя акварэляў, сабраная з тэматычных серый, якія на сёння для мастака асабліва актуальныя (“З дзяцінства“, “Маўчанне перад абразом”, “Валаам”, “Афон”, “Луг духоўны” ды інш.). Гэтую выставу ў родным горадзе Віцебску аўтар прысвячае стагоддзю з дня нараджэння сваіх бацькоў, Івана Гаўрылавіча і Ефрасінні Арсенцьеўны Рынкевічаў.