Выстава Ірыны Кузняцовай «Візуалізацыя гукаў» (28.08 – 15.09.2019)

28 жніўня 2019 года а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы беларускага мастака і дызайнера Ірыны Кузняцовай пад назвай “Візуалізацыя гукаў”, прымеркаванай да юбілею майстра і арганізаванай ГА “Беларускі саюз мастакоў”, Рэспубліканскай мастацкай галерэяй.

“Мая ідэя візуалізацыі гукаў не новая, многія кампазітары запісвалі свае партытуры графічнымі знакамі. Я б хацела, каб гэтая выстава стала не толькі ежай для душы, але дэсертам высокай кухні. Я б хацела, каб асацыяцыя ад маіх работ пранікала ў сэрца, напаўняла іх любоўю, будзіла ўяўленне тых, хто знаёмы з музыкай. А ў тых, хто не знаёмы - будзіла жаданне  пазнаёміцца з музычнымі арыгіналамі прадстаўленых на выставе твораў. Бо пазнанне рухае светам.  

 Ірына Кузняцова, мастак, дызайнер

Кажучы пра мастацтва Ірыны Кузняцовай, перш за ўсё, варта адзначыць канцэпцыю яе творчасці: “Жывапіс, музыка, паэзія – адзіны код мыслення”.

Вобласць творчай актыўнасці Ірыны Кузняцовай разнастайная. За 50 творчых гадоў яна працавала ў розных матэрыялах: вырабляла літы вітраж для інтэр’ераў сталіцы, займалася мастацкім шклом, кампутарнай графікай, фатаграфіяй. Ёй належала ідэя стварэння і правядзення міжнароднага дзіцячага пленэру. Працавала рэферэнтам па працы з дзецьмі і моладзі ў Беларускім саюзе мастакоў. Была куратарам шматлікіх выстаў маладых мастакоў. Адна з першых пачала займацца абстрактным жывапісам. Выдала некалькі зборнікаў сваіх вершаў і казак. Ужо некалькі гадоў Ірына займаецца канцэптуальным мастацтвам.

У экспазіцыю яе канцэптуальнага праекта ўвайшло каля 30 работ (жывапіс, кампутарная графіка, шкло, інсталяцыі), большасць з якіх выканана ў 2019 годзе. Усе яны прысвечаны музыцы і разлічаны на спрактыкаванага гледача. Мяркуецца, што ў рытмічных формах жывапісных работ гледачы пачуюць рытмы ўжо знаёмых музычных твораў ад класікі да джазавых кампазіцый. Напрыклад, Трыпціх “Першы канцэрт Чайкоўскага”, Вівальдзі “Чатыры пары года”, Шапэн “Накцюрн Фа-дыез мажор”, серыя “Музычная Амерыка 50-х гадоў”.

У рамках агульнай канцэпцыі выставы для кожнай карціны ў Ірыны знойдзена свая пластычная мова. Гукі нараджаюць ўяўленне, уяўленне – тэму, тэма падказвае форму. Большасць работ чорна-белыя, як клавішы на раялі, як фрак дырыжора. Аўтар выставы і з’яўляецца такім дырыжорам свайго праекта, які сабраў разам не толькі розныя жанры выяўленчага мастацтва, але і людзей якія спрыяюць больш поўнаму ўспрыманню зададзенай канцэпцыі. Тэму падтрымлівае відэа-арт, створаны яе сынам Аляксеем Кузняцовым. У выкананні ўнучкі мастачкі Ульяны Ігумнавай на адкрыцці выставы прагучыць сола на скрыпцы з вядомага цыклу Антоніа Вівальдзі “Чатыры пары года”. Трэба адзначыць, што асноўным памочнікам і крытыкам мастачка, натуральна,  лічыць свайго мужа, мастака Анатоля Кузняцова.

Выстава працягнецца да 15 верасня 2019 г.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак – выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288-15-49;  +375 (29) 844-99-68 (МТС); +375 (29) 264-68-48 (МТС).

 

Апошнiя навiны