Выстава секцыі Беларускага саюза мастакоў «Верасень» (28.08 – 15.09.2019)

28 жніўня 2019 года а 17 гадзіне ў сталічным Палацы мастацтва (Рэспубліканская мастацкая галерэя, г. Мінск, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы секцыі Беларускага саюза мастакоў “Верасень”, якая сёлета адзначае сваё трыццацігоддзе.

Секцыя Беларускага саюза мастакоў “Верасень” афіцыйна была арганізавана ў структуры БСМ як творчае аб'яднанне ў 1989 г. Ужо вядомые на той момант мастакі-графікі Сяргей Волкаў, Яўген Жылін, Леанід Марчанка, Уладзімір Пашчасцеў, Мікалай Рыжыкаў разам з Георгіем і Наталляй Поплаўскімі, Мікалаем Казловым, Віктарам Кліменкай, Барысам Цітовічам, Міхаілам Міронавым, Уладзімірам Шнарэвічам і іншымі ўтварылі ядро аб'яднання, якое ў 2019 г. адзначае сваё трыццацігоддзе.

Верасень” стаў адным з цэлага шэрагу творчых супольнасцяў, якія з'явіліся як у Саюзе мастакоў, так і ў нефармальным асяроддзі ў перыяд 1980 – 1990 гг., калі мяняліся і актыўна абмяркоўваліся формы, канцэпцыі і далейшыя шляхі развіцця нацыянальнага мастацтва.

Аб’яднанне сабрала цэлую плеяду таленавітых мастакоў, якія яскрава заявілі аб сабе ў станковых графічных серыях ў тэхніцы афорта, аўталітаграфіі, у малюнку і акварэлі, а таксама ў часопіснай і кніжнай графіцы, плакаце.

Мастакі “Верасня” імкнуліся да філасофскага зместу з лірычным сюжэтам, літаратурным і культурным асацыяцыям, якія ўбіраюць у сябе і рамантычны пафас “суровага стылю”, і ідэю дыялогу мастацкіх моў 1970-х .

Разам з вышэй названымі майстрамі, даўно і трывала займаюць сваё месца ў айчыннай культурнай прасторы і “вераснёўцы” Наталля Сустава, Ірына Лобан, Таццяна Царова, Кацярына Паплаўская, Раіса Сіплевіч, Зінаіда Эрэнбург, Тамара Чарнышова і інш. Можна прыгадаць і імёны мастакоў старэйшага пакалення – Генадзь Дзянісаў, Ірына Волкава, Юрый Кухараў, кінарэжысёр і рэдактар часопіса для дзяцей “Вясёлка” Яўген Ларчанка, Канстанцін Ціхановіч, Аляксандр Шэвераў, Пётр Лысенка.

Вялікае ўздзеянне на аблічча аб’яднання зрабілі погляды на мэты і задачы мастацтва Народнага мастака Беларусі акадэміка Георгія Паплаўскага, майстра глыбокай пластычнай і жывапіснай культуры, незвычайна патрабавальнага да прафесійнага майстэрства.

Верасень” арыентаваны перш за ўсё на захаванне найважнейшай ідэі значнасці прафесійнай, маральнай і эстэтычнай каштоўнасці мастацтва па-за палітычнай ангажаванасці і масавага густу.

На выставах аб’яднання заўсёды была ўласцівая полістылістыка, якая прадугледжвае дыялог мастацкіх моў. Вялікую ролю ў гэтым адыграла прысутнасць у секцыі майстроў, якія прайшлі маскоўскую графічную школу (І. Андрыянаў, Ю. Зайцаў, М. Казлоў, Н. Сустава, В. Кліменка, І. Лобан, Т. Царова). Дзейнасць некаторых з іх у якасці не толькі ілюстратараў, але і мастацкіх рэдактараў вядучых беларускіх выдавецтваў, шмат у чым паўплывала на фарміраванне нацыянальнай кніжнай графікі, яе самабытнасці і высокі прафесійны ўзровень. Для такіх майстроў кнігі, як Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі С. Волкаў, Н. Паплаўская, У. Пашчасцеў, Н. Казлоў, В. Кліменка, Н. Сустава, Т. Царова, М. Сенькін, праца ў гэтай галіне стала справай жыцця; на аформленых імі выданнях для дзяцей і юнацтва вырасла не адно пакаленне.

Нягледзячы на адрозненне стылістыкі, настаўнікаў і асабістых пераваг, агульнымі для “вераснёўцаў” сталі прынцыпы творчасці – стаўленне да рэчаіснасці, злучэнне сучасных выяўленчых формаў з традыцыямі класічнай эстэтыкі, тонка ўспрынятая сувязь з нацыянальным фальклорам.

Хоць першапачаткова “Верасень” быў у асноўным аб’яднаннем графікаў, многія паспяхова рэалізавалі сябе ў самых розных напрамках творчасці – акварэльным і алейным жывапісе, сцэнаграфіі, дызайне, прыкладным мастацтве, педагагічнай дзейнасці.

Значнае месца ў экспазіцыях аб’ядняння займае акварэль, у якой плённа працуюць такія выдатныя майстры гэтай тэхнікі, як Ірына Лобан, Яўген Саковіч, Уладзімір Шнарэвіч, Наталля Марчанка, Наталля Сустава і інш. У апошні час секцыя таксама папоўнілася цэлым шэрагам жывапісцаў (Раіса Сіплевіч, Элеанора Бубашкіна, Вераніка Віткоўская, Ала Каласенцава, Сяргей Шэмет, Ларыса Зарубіна). Сучасныя стылістычныя тэндэнцыі прыўносяць у секцыю мастакі сярэдняга і маладога пакалення, якія валодаюць уласным творчым почыркам, гэта Наталля Марчанка, Улада Белавусава-Кірыенка, Усевалад Швайба, Тамара Дзяменьц’ева, Марына Эрэнбург, Элеанора Бубашкіна, Сяргей Шэмет. Сярод “вераснёўцаў” нямала педагогаў. У розных мастацкіх навучальных установах выкладаюць Е.Саковіч, І.Лобан, Н.Сустава, В.Швайба, Э.Бубашкіна, В. Віткоўская, А. Каласенцава, Л.Засечына. Тым самым яны робяць важкі ўклад у выхаванне і фарміраванне маладых беларускіх мастакоў і дызайнераў. 

За шмат гадоў у “Верасня” сфармаваўся «свой твар» і пэўныя выставачныя традыцыі. Справаздачныя выставы “вераснёўцаў”, адбываюцца раз у два гады і заўсёды адрозніваюцца тэматычнай і тэхнічнай разнастайнасцю – ад рэалізму і экспрэсіянізму да сімвалізму і абстракцыі, ад алейнага жывапісу – да малюнка і друкаванай графікі, а таксама экспазіцыйнай культурай і прафесіяналізмам.

Акрамя гэтага, члены аб’яднання пастаянна ўдзельнічаюць у розных мастацкіх праектах і пленэрах, праводзяць персанальныя экспазіцыі ў нашай краіне і за яе межамі. Іх працы неаднаразова адзначаліся рэспубликанскімі і міжнароднымі ўзнагародамі.

З моманту стварэння і па гэты дзень, “Верасень” застаецца супольнасцю творчых індывідуальнасцяў, працягваючы годна развіваць прынцыпы эстэтычнай каштоўнасці мастацтва, адказнасці мастака за тое, што ён прыўносіць у свет сваімі творамі, закладзеныя тры дзесяцігоддзі таму.

Марына Эрэнбург,

мастак, арт-крытык

Выстава працягнецца па 15 верасня 2019 г.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак – нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак – выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288-15-49; +375 (29) 844-99-68 (МТС); +375 (29) 264-68-48 (МТС).

 

Апошнiя навiны