ВЯЛІКАЯ СТРАТА ДЛЯ БЕЛАРУСКАГА МАСТАЦТВА! ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ МАСТАК АЛЕСЬ РОДЗІН

19 снежня 2022 года на 76-годдзе заўчасна пайшоў з жыцця вядомы беларускі мастак АЛЕСЬ ІВАНАВІЧ РОДЗІН, культавая фігура старэйшага пакалення беларускіх мастакоў-нонканфармістаў, жывапісец, графік, перформер, сябра секцыі «Пагоня» Беларускага саюза мастакоў.

Алесь Родзін быў адным з арганізатараў фестываляў міжнароднага эксперыментальнага мастацтва «ДАХ» («DACH». Берлін — Мінск: 2001 — 2016), рэзідэнтам
артхауса «ТАХЕЛЕС» у Берліне (1990 — 2012).(«DACH». Берлін — Мінск: 2001 — 2016), адным з найбольш манументальных з беларускіх жывапісцаў старэйшага пакалення.
 
 Беларускі саюз мастакоў выказвае спачуванні родным і блізкім АЛЕСЯ РОДЗІНА і падзяляе боль ад незаменнай страты для беларускай культуры.
 
Алесь Родзін нарадзіўся ў 1947 годзе ў горадзе Баранавічы. Вучыўся ў мастацкай студыі В.Версоцкага і мастацкай школе №1. Працягваў навучанне на аддзяленнях дызайну і жывапісу ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце ў І.Ахрэмчыка, Н.Воранава, Х.Ліўшыца.
У 15 гадоў Алесь Родзін захапіўся тэлескопамі. Асабліва яго вабіла не сама оптыка, а эмацыянальныя станы, якія адчувае чалавек, гледзячы на ірацыянальнае фантастычны свет начнога неба. Праз шыбы тэлескопаў цудоўным чынам мяняліся і звыклыя прадметы: яны павялічваліся або памяншаліся, станавіліся стэрэаскапічна аб’ёмнымі, працяглымі, нібы прапушчанымі праз прасторавыя рашоткі. З аптычнымі прыборамі Алесь Родзін эксперыментаваў і пазней, ужо ў інстытуце, каб зразумець таямніцы колера- і формаўтварэння. Усё гэта дало штуршок для напісання першых гіперрэалістычных сюжэтаў.
 
Будучы студэнтам БДТМІ, Алесь Родзін спрабаваў пераадольваць бар’еры рэалістычнага адлюстравання рэчаіснасці. Яго цікавілі фармальная кампазіцыя, творчыя пошукі Шагала, Кандзінскага. Даволі жорсткі кансерватызм мастацкага асяроддзя таго часу, у якім давялося працаваць, навучыў выжываць у экстрэмальных умовах, захоўваць уласнае ўнутранае светаадчуванне. У той жа час гэта падштурхнула мастака да «андэграўндных пошукаў першай хвалі», — так назвалі пазней мастацтвазнаўцы субкультуру, якая склалася ў нашай краіне ў 1970-х гадах. Мастак знайшоў свой уласны адметны метад, які пазней мастацтвазнаўца Я.Шунейка назваў «нон-стоп-панарама».
 
Карціны А.Родзіна доўгі час успрымаліся ў Беларусі неадназначна, здаваліся занадта складанымі і недарэчнымі. На палотнах прысутнічалі фігуры, намаляваныя даволі пазнавальна і рэалістычна. Аднак многіх здзівілі непрапарцыянальна выцягнутыя часткі целаў, велізарныя, на ўсё палатно, далоні і вочы, якія ператваралі карціны ў галюцынацыі. Алесь Родзін смела ўмешваўся ў асновы матэрыі, раскладаючы яе на часткі, вылучаючы яе механічныя стварэнні і біялагічныя рытмы.
 
Для Алеся Родзіна працэс напісання карціны заўжды быў доўгі. Над адным палатном ён мог працаваць цягам некалькіх гадоў. Аднак гэта не замінала яго працам заставацца актуальнымі і праз дзесяцігоддзі пасля стварэння, бо яны ўвасаблялі аўтарскую занепакоенасць падзеямі і праблемамі сучаснасці.
 
Яго карціны перадавалі адчуванне глабальных змен у сусвеце, іх маштабнае ўсведамленне самім аўтарам.У 1990-х гадах мастак напісаў дыптых «Апакаліпсіс» і завяршыў цыклы «Сіндром Адраджэння» і «Тысячагадовая міфалогія», у якіх паказаў агрэсію і гармонію грамадства другой паловы XX стагоддзя. Вобразны свет яго карцін толькі на першы погляд здаваўся хаатычным з-за бясконцай колькасці дробных ліній і кропак. У ім хаваліся складаныя сінтэтычныя выявы, шматфігурныя кампазіцыі, урбаністычныя пейзажы. Прастора палатна губляла плоскаснасць, успрымалася аб’ёмнай, нібы праз ніткі тканіны прарасталі вузлаватыя карані дрэў. Вялікая колькасць мікраскапічных дэталяў прымушаела пільна разглядаць працы, стварала таямніцу пранікнення ў сутнасць задуманага.
 
Пазней пачаліся паездкі за мяжу: у Нідэрландах разам з мастаком В. Мартынчыкам Алесь Родзін прадставіў сваіх фігуратыўных «мастадонтаў» на чатырох паверхах выставачнай залы Вататарэн, у Парыжы некаторы час жыў па запрашэнні міжнароднага аб’яднання Rόj у памяшканні старой кандытарскай фабрыкі. Сапраўдным прытулкам, месцам мастацкай моцы стаў для А. Родзіна Берлін. У той час Берлін з’яўляўся неафіцыйнай сталіцай сучаснага еўрапейскага мастацтва, менавіта тут сканцэнтравалася няўрымслівая творчая энергія, якая зацягвала ў свае межы майстроў з самымі рознымі эстэтычнымі поглядамі.
 
У 2001 годзе ў Берліне ў Доме мастакоў Tacheles – адкрылася выстава сучаснага беларускага мастацтва Dасh, у якой быў прадстаўлены Родзін. Гэтая падзея змяніла лёс мастака. У вялізнай (700 квадратных метраў) выставачнай зале па некалькі месяцаў экспанаваліся манументальныя жывапісныя палотны Алеся, ён штодня праводзіў майстар-класы для наведвальнікаў — пасярод памяшкання ставіў мальберт і працаваў да трох гадзін ночы над чарговым палатном на вачах публікі. Паступова прастора, якую займаў Родзін, стала месцам творчага эксперыменту, адкрытага для ўдзелу маладых творцаў з Беларусі. Нельга дакладна сказаць, колькі чалавек за гэты час знайшло тут бясплатны прыют, колькі пачынала свой шлях у мастацтва праз Тахелес, дзякуючы падтрымцы Родзіна. Тахелес стаў нечым накшталт нефармальнага беларускага культурнага цэнтра. Дзейнасць Алеся Родзіна дазволіла запрашаць да ўдзелу ў фестывалі «Dасh», які стаў штогадовым, каля 50 мастакоў з розных мастацкіх сфер: перформанс, мультымедыя, эксперыментальная музыка, скульптура і інш.
 
Акрамя таго, Алесь Родзін займаўся перформансамі. Перформансы мастака, як правіла, працяглыя па часе. Напрыклад, знакаміты перформанс «Сувязь», які Алесь прадставіў разам са Зміцерам Юркевічам на першым фэсце «Навінкі» (1999) адбываўся на працягу некалькіх гадзін, калі гледачы назіралі за нерухомымі фігурамі, і гэта трэба было ўспрымаць як своеасаблівае тэатральнае. відовішча.
 
Оpus magnum мастака – карціна «Міфалагемы тысячагоддзя», памерамі прыкладна 15 Х 4 у метрах. Гэта пра яе Алесь Родзін у адным з інтэрв’ю сказаў: «Гісторыя — гэта хлусня, якая з часам становіцца праўдай. Мастак стварае пэўныя міфы, падсілкоўваючыся гістарычнымі, сучаснымі падзеямі, і выдае свае адчуванні часу, прасторы, таго, як усё ўзаемазвязана з соцыумам. Гэты сімбіёз дае стан бясконцай гонкі. Мяне заўсёды вельмі цікавіла рытміка жыцця. Якраз у «Тахелесе» ўлавіў глабальную пульсацыю зямлі. Людзі, соцыум нашэптваюць свае пункты гледжання — і ствараюцца міфы. На карціне ёсць вобразы людзей, якія аддаюць перавагу пасіўнаму ладу жыцця, і ёсць тыя, хто не можа сядзець на месцы, яны пастаянна кудысьці бягуць, нешта даследуюць, сутыкаюцца з гэтым вялізным і калючым светам… У гэтым кантэксце і пішацца «Міфалагема тысячагоддзя». Там закладзена магутная сістэма пазнання навакольнага асяроддзя. Гэтую карціну пачаў у 2009 годзе і з таго часу працую над ёй. Невядома, колькі яшчэ буду яе пісаць. Калі мне праца цікавая, то часу не шкадую. Карціна можа яшчэ падвоіцца, патроіцца…”
 
Шкада, што працяга не будзе..

ПОЛАЦК: ВЫСТАВА АНАТОЛЯ АРЦІМОВІЧА ДА 85-ГОДДЗЯ МАСТАКА

15 сакавіка 2024 года ў мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адбылося адкрыццё персанальнай выставы “Выбранае” заслужанага дзеяча мастацтваў, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесара Анатоля Яфімавіча АРЦІМОВІЧА. Выстава адкрывае серыю выставачных праектаў, якія адбудуцца ў 2024-2025 гг., прымеркаваных да 85-годдзя Анатоля Яфімавіча. А. Арцімовіч з’яўляецца адным з найбольш яркіх і вядомых майстроў скульптуры свайго

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ЗАПРАШАЕМ НА АДКРЫЦЦЁ: СКУЛЬПТУРА — ГОРАДУ

СЯБРЫ! СКУЛЬПТУРА — ГОРАДУ! ЗАПРАШАЕМ на адкрыццё новага выставачнага праекта секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў 23 лютага 2023 года ў 17.00 у Палац Мастацтва. Які ён – скульптурны горад сення і, магчыма, заўтра? На выставе «Скульптура – гораду» будуць прадстаўлены скульптурныя творы, якія з’явіліся на вуліцах і плошчах сталіцы ў апошнія дзесяцігоддзі. Гэта помнікі, мемарыялы,

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ГАЛЕРЭЯ МАСТАЦТВА: КАСТУСЬ КАЧАН. ЖЫВАПІС. 14.02-11.03.2023

Імя Кастуся Качана ў беларускім сучасным выяўленчым мастацтве перш за ўсё звязваюць з развіццём традыцый пейзажнага жанру. Пейзаж у беларускім мастацтве займае асаблівае месца, беларускія творцы знаходзілі і зараз знаходзяць у ім найбагацейшыя магчымасці для творчых выказванняў, сярод якіх асноўнымі з’яўляюцца прызнанні ў любові да роднай зямлі. На працягу ўжо доўгіх гадоў мастак апявае прыгажосць

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

НАЦЫЯНАЛЬНЫ МАСТАЦКІ МУЗЕЙ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ: МІКАЛАЙ КАЗАКЕВІЧ. ВЫСТАВА АДНОЙ КАРЦІНЫ

Летні настрой у Нацыянальным мастацкім музеі зараз стварае выстава адной карціны – “Над роднымі прасторамі” заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Мікалая Канстанцінавіча Казакевіча. Праца напоўнена святлом, любоўю да людзей і прыроды — гэта сапраўдны гімн яркаму і бесклапотнаму дзяцінству. Як прызнаваўся сам мастак, крыніцамі яго натхнення з’яўляюцца мір і колер: «Сакрэт просты — люблю неба, фарбы,

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »