ФЭСТ ЛІТАРЫ Ў ПАЛАЦЫ МАСТАЦТВА

27 мая (чацвер) 2021 года ў 17.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” адбылося адкрыццё рэспубліканскай мастацкай выставы шрыфта і каліграфіі “ЛітАрт”.

Новая выстава “ЛітАрт” раскрые тэму свабоды творчасці, пакажа бязмежжа мастацкіх эксперыментаў у розных тэхніках і тэмах. Будзе экспанавацца не толькі класічная каліграфія, але і вялікі спектр работ, звязаных з шрыфтам і літарай, у тым ліку працы ў галіне тыпаграфікі, камп’ютэрнай графікі, шрыфтавыя лагатыпы, вонкавую рэкламу і г.д., якія будуць прадстаўлены ў розных матэрыялах: ад рукатворных станковых работ да лічбавай друку.

Згуртаванне мастакоў “Літарт” узнікла каля дваццаць гадоў таму назад як арт-рэфлексія на стан рэчаў у гэтай галіне графічнага мастацтва. У культурах Усходу гэтае мастацтва працяглы час было (а ў некаторых краінах застаецца) традыцыйным, а нават і галоўным. Еўрапейская традыцыя ў розныя часы ставілася да яго па-рознаму… У тым ліку і тут, на Беларусі. Сёння адбываецца рэнесанс “мастацтва літары”, ізноў вяртаецца цікавасць і ўвага як да тэорыі, гэтак і да мастацкіх практык – да праектавання шрыфтоў, тыпаграфікі, каліграфіі, летэрынгу.

Не застаюцца на ўзбочыне і нашыя творцы – сябры Беларускага саюза мастакоў. Шрыфтавікі і каліграфы ўдзельнічаюць у міжнародных і нацыянальных выстаўках, арганізуюць персанальныя экспазіцыі. Гэтак толькі мастацкіх выставак было праведзена ў розных гарадах Беларусі больш за дзясятак. Гэтыя выстаўкі заўсёды вылучаюцца сваёй графічнай культурай, тонкім разуменнем законаў прасторы і формы, арыгінальнасцю. Асабліва гэта заўважна на міжнародных арт-пляцоўках. Традыцыйна так склалася, што перавагу нашы мастакі аддаюць каліграфіі, якая мае больш творчых магчымасцяў, выкарыстоўвае агульнамастацкі досвед, праз сваю інтэрдысцыплінарную сутнасць дазваляе праявіцца індывідуальным магчымасцям творцаў напоўніцу.

ПАВЕЛ СЕМЧАНКА, прафесар, заснавальнік згуртавання “ЛітАрт”: “Удзельнікі згуртавання шмат эксперыментуюць у галіне мануальнай, інструментальнай і камп’ютарнай тэхнік. Аўтары дэманструюць свае адметныя стылі, выклікаючы ў гледачоў цікаўнасць (часам нават здзіўленне). Яны таксама пішуць, укладаюць і выдаюць кнігі па шрыфтах і каліграфіі, праводзяць аўтарскія лекцыі, майстар-класы і варкшопы. У іх творчасці пераважае каліграфічны інтарэс да беларускага скорапісу як унікальнай з’явы. Трэба аддаць належнае ўсім тым, хто апантана працуе ў галіне мастацтва літары, і адзначыць тых, хто ўносіць значны асабісты ўклад у развіццё шрыфта-каліграфічнага беларускага мастацтва: Г. Мацур, С. Саркісаў, П. Семчанка, Ю. Тарэеў, У. Свентахоўскі, У. Цэслер, Р. Найдзен, А. Баранаў, У. Васюк, Д. Сурскі, В. Паўлавец і іншыя”.

МІКАЛАЙ ПАГРАНОЎСКІ, мастацтвазнаўца, старшыня секцыі крытыкі і мастацтвазнаўства Беларускага саюза мастакоў: “Сёння рукапіс востраканцовым і шырокаканцовым пёркамі знік з паўсядзённага ўжытку і стаў набыткам сучаснага мастацтва, дзе літара выкарыстоўваецца самастойна і як сродак у іншых галінах мастацтва. Каліграфія ахапіла шмат стыляў, дзе яскрава сябе праяўляюць розныя графікі: мануальная (рукапіснае напісанне літар), паліграфічная (тыпаграфіка) і камп’ютарная. Каліграфія спрыяе развіццю індывідуальных здольнасцей, іх спалучэнню з пэўнымі традыцыямі, пошуку новых формаў, якія падштурхоўваюць да лепшага разумення нацыянальных асаблівасцей у выкарыстанні лаціны. Каліграфія дапамагае развіццю беларускага друкарскага шрыфту, графічных варыяцый беларускага грамадзянскага скорапісу. Вока ўспрымае сусвет на інтэлектуальна-эмацыйным узроўні, а эмоцыі, як вядома, нараджаюць адпаведныя нюансы. Сапраўдная каліграфія – гэта нюансы і віртуознасць, на якіх будуецца высокае мастацтва”.

Выстава працуе па 13 чэрвеня 2021 года.

ДА 85-ГОДДЗЯ БЕЛАРУСКАГА САЮЗА МАСТАКОЎ

За выдатныя творчыя дасягненні і значны асабісты ўклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь узнагароджаны Уродніч Уладзімір Васільевіч, мастак-жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, старшыня секцыі «Традыцыя» грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў»

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

«ВІЦЕБСКІ МАСТАК» — ВЫСТАВА Ў ГАЛЕРЭЯ «УНІВЕРСІТЭТ КУЛЬТУРЫ»

27 сакавіка ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адбылося ўрачыстае адкрыццё выставачнага праекта «Віцебскі мастак». У экспазіцыю ўвайшлі працы аўтараў розных пакаленняў віцебскай школы. Усе работы на выставе прадстаўлены ў розных жанрах, сюжэтах і тэхніках, кожны аўтар прадэманстраваў сваё майстэрства з дапамогай жывапісу і скульптуры. З прывітальным словам да прысутных звярнуліся дырэктар мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ВЫСТАВА ГОМЕЛЬСКАЙ АРГАНІЗАЦЫІ ГА «БСМ» У ГОМЕЛІ. 15.12.2023-18.02.2014

Выстава сябраў Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў працуе ў палацава-паркавым ансамблі Паскевічаў з 15 снежня 2023 па 18 лютага 2024 г. У выставачным праекце, прадстаўленым Гомельскай арганізацыяй ГА «Беларускі саюз мастакоў» у залах палацава-паркавага ансамбля Румянцавых-Паскевічаў, паўдзельнічала больш за 50 мастакоў з Гомеля, Жлобіна, Светлагорска, Мазыра, Рэчыцы і інш. населеных пунктаў. Несумненна, кожны творца

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ТВОРЧЫЯ МАЙСТЭРНІ — СПАДЧЫНА МІХАІЛА САВІЦКАГА. 07.02-18.02.2024. ВЫСТАВА-ПРЭЗЕНТАЦЫЯ Ў НЦСМ

З 7 па 18 лютага 2024 г. у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь пройдзе выстава-прэзентацыя “Творчыя майстэрні – спадчына М. Савіцкага”, прымеркаваная да дня нараджэння Народнага мастака СССР, Героя Беларусі Міхаіла Андрэевіча Савіцкага (1922-2010). У 1981 г. па ініцыятыве Міхаіла Савіцкага ў Мінску адкрыліся Творчыя майстэрні жывапісу і скульптуры Акадэміі майстэрстваў СССР. Установа набыла

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »