ЗВЯЗДА: У Палацы мастацтваў адкрылась экспазіцыя праекта «Колеры Вялікай Перамогі»

Напярэдадні Дня Перамогі ў мінскім Палацы мастацтваў адкрылася выстава «Голас ваеннага пакалення». Гэта другая частка праекту Беларускага саюза мастакоў «Колеры Вялікай Перамогі», прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першая выстава прадставіла графіку на ваенную тэматыку, на гэтай жа паказваюцца творы вядомых беларускіх жывапісцаў 1970-80-х гадоў з фондаў саюзу. Экспазіцыя выбудавана такім чынам, что глядач пачынае знаёмства з карцін, якія адлюстроўваюць пачатак вайны, трагічны пераход ад мірнага жыцця, потым раскрываецца ва ўсёй паўнаце ўсенародная барацьба супраць ворага — героямі карцін робяцца партызаны, падпольшчыкі, воіны Савецкай Арміі, глядач бачыць баі, генацыд мірнага насельніцтва, і ўрэшце — сцэны вызвалення. 


Знакавыя імёны мастакоў, зрэз гісторыі Беларусі, зрэз гісторыі беларускага мастацтва… Ёсць чаму і здзівіцца, і атрымаць задавальненне ад майстэрскай працы, ад незвычайных вырашэнняў. Напрыклад, адна з карцін пачатку экспазіцыі — «Тысяча дзевяцьсот сорак першы» Міхася Чэпіка, выглядае вельмі сучасна. Чэпік быў вядомы найперш як тэатральны мастак, але яго жывапіс уражвае экспрэсіяй, дынамізмам, выбухам колераў. На карціне навабранцам раздаюць зброю… І нібыта разгараецца ад цэнтра палатна агонь праведнага гневу, які хутка разгарыцца так, што выпаліць чорную навалу, што напаўзае з усіх кутоў… Карціна Паўла Масленікава «Мінск. 22 чэрвеня 1941 года» уражвае трывожнай, кантрастнай колеравай гамай: белыя сцены храма, сіні дым, чырвоны агонь, чорная хмара насоўваецца на квітнеючы горад… Калі ўгледзецца, то разумееш: гэта сцэна бамбёжкі Мінска. Сімвалічна выглядае карціна «Дзед Талаш» Уладзіміра Гардзіенкі: амаль манахромны сілуэт народнага героя выяўлены на фоне чырвонага разгалінастага дрэва і абліччаў народных мсціўцаў у той жа чырванаватай колеравай гаме: гэта пра повязь пакаленняў, якім ад продкаў, ад карэнняў перадаецца абавязак абараняць радзіму… Усе ведаюць знакамітую карціну Валянціна Волкава пра вызваленне Мінска… Але ёсць і менш вядомая карціна на такую ж тэму і ў Фёдара Бараноўскага, якую разглядаць не менш цікава. Трывожная, нават таямнічая карціна Івана Стасевіча пра Янку Купалу, які піша прысвячэнне беларускім партызанам… А вось зусім мала каму вядомая невялікая карціна Мікалая Цудзіка «У атаку», гледзячы на якую нібыта адчуваеш рух людзей і нагрэтае выбухамі паветра…

Недарэмна на адкрыццё выставы былі запрошаныя навучэнцы Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава, пачынаючыя жывапісцы. Уладзімір Уродніч, старшыня творчага аб’яднання «Традыцыя» Беларускага саюза мастакоў, распавёў юным мастакам, як вайна стала магістральнай тэмай яго творчасці. Бацька Уладзіміра Васільевіча, партызан, загінуў у дзевятнаццаць гадоў.

—З гадамі я пачаў адчуваць патрэбу пагаварыць з людзьмі, якіх забрала вайна, якія павінны былі б быць побач са мной. Я памятаю, як мяне запрасілі на мерапрыемства, як сына загінулага партызана, я стаю ля абеліску, на якім напісана: «На гэтым месцы ў 1943-м годзе загінуў партызан Васілій Уродніч, у гонар якога названая вуліца ў нашым гарадку». І калі мне далі слова, я адчуў, што мне трэба і самому сабе даць нейкую клятву, і нешта важнае сказаць людзям, перад якімі малады мастак, сын партызана. Тады я вырашыў, што павінен і далей развіваць тэму вайны ў творчасці, павінен жыццё пражыць за сябе і «за таго хлопца».

Уладзімір Васільевіч паразважаў пра тое, як маладым творцам шукаць сябе, у чым сэнс мастацтва, як мастак трансфармуе праз сябе тое, што бачыць і адчувае — тэма, вельмі важная для будучых мастакоў. Наколькі гэта «зачапіла» юных слухачоў, сведчыць, што і пасля імпрэзы яны абкружылі мастака з пытаннямі і размова працягнулася.

Георгій Лойка, сябар Студыі ваенных мастакоў, звярнуў увагу на тое, што ў экспазіцыі можна ўбачыць традыцыйны беларускі жывапіс, працы вельмі цікавыя, у іх ёсць школа, высокі прафесіяналізм, і пры гэтым яны вельмі розныя. Мікалай Апіёк, кіраўнік студыі ваенных мастакоў пры Цэнтральным доме афіцэраў, распавёў, што тэму вайны спазнаў асабіста: памятае прыход нямецкіх акупантаў, памятае вызваленне… Заклікаў маладых мастакоў шукаць сваю тэму, якая павінна адклікацца ў душы, і нагадаў, што для беларускіх мастакоў якраз ваенная тэма заўсёды была блізкай і нараджала шэдэўры.

Тэма вайны можа раскрывацца не толькі праз адлюстраванне подзвіга, але і праз раскрыццё лёсаў бязвінных ахвяраў вайны — пра гэта казаў мастак Юрый Крупянкоў, які займаецца ў сваёй творчасці тэмай Халакоста.

Намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч звярнула ўвагу, што на выставе прадстаўлены спіс мастакоў, сяброў саюза, якія пайшлі на фронт — там 143 прозвішчы. Гэта было дзве трэці творчай арганізацыі, што ўзнікла ў 1938-м годзе.

Выставу «Колеры Вялікай Перамогі» можна наведаць бясплатна, гэта падарунак для жыхароў і гасцей горада, магчымасць пабачыць прафесійнае, яркае мастацтва і пранікнуцца трагічнымі і гераічнымі старонкамі гісторыі беларускага народа. Экспазіцыя будзе абнаўляцца кожны месяц, праца яе запланаваная да канца года.

 

https://www.zviazda.by/be/news/20240509/1715238007-u-palacy-mastactvau-adkrylasya-novaya-ekspazicyya-praekta-kolery-vyalikay

Людміла ІВАНОВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

СПАЧУВАЕМ!

СЯБРЫ! СПАЧУВАЕМ! 16 лістапада 2023 года на 43 годзе ад цяжкога анкалагічнага захворвання пайшла з жыцця МЯСНІКОВА КАЦЯРЫНА ВІКТАРАЎНА, мастачка, сябра Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага саюза мастакоў. Беларускі саюз мастакоў выказвае шчырае спачуванне родным і блізкім мастачкі. Балюча і горка, што Кацярына пайшла з жыцця так рана — у 42 гады… Яна жыла ў Полацку,

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ПРЫЕМНАЯ НАВІНА! ПЫТАННЕ ІЛЬГОТ ПА МАЙСТЭРНЯХ ВЫРАШАНА СТАНОЎЧА!

СЯБРЫ! З вялікай радасцю паведамляем, што рашэннем Дзяржаўнага камітэта па маёмасці 5 мая 2021 года СТАНОЎЧА ВЫРАШАНА ПЫТАННЕ ПА ГАРАДСКІХ ТВОРЧЫХ МАЙСТЭРНЯХ! Паніжаючы каэфіцыент 0,1 будзе прымяняцца для сяброў творчага саюза пры арэндзе гарадскіх плошчаў для творчых майстэрняў да 100 кв.м. уключна! Пры гэтым аднаму сябру саюза можа быць прадастаўлена адна творчая майстэрня з прымяненнем

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ЛАЎРЭАТЫ НАЦЫЯНАЛЬНЫЙ ПРЭМІІ Ў ГАЛІНЕ ВЫЯЎЛЕНЧАГА МАСТАЦТВА

Прэмія прысуджаецца ў сямі намінацыях: жывапіс, графіка, скульптура, дызайн, манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і творчы дэбют. Акрамя таго, была ўручана ўзнагарода за ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва, якая ўручаецца мэтрам па сукупнасці заслуг перад айчыннай культурай. Яе атрымаў вядомы бабруйскі мастак Валерый Калтыгін . Валерый Аркадзьевіч — родапачынальнік так званага «бабруйскага стылю» ў кераміцы, арганізатар

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »