Віншуем з 65-годдзем Уладзіміра Масленікава!

Віншуем з 65-годдзем вядомага мастака-жывапісца Уладзіміра Паўлавіча Масленікава, сябру Беларускага саюза мастакоў, секцыі жывапіс, загадчыка кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Прозвішча Масленікавых шырока вядомае ў колах беларускіх мастакоў і ў асяроддзі аматараў жывапісу. Імпульс гэтаму даў яе пачынальнік, народны мастак Беларусі Павел Васільевич Масленікаў, чыя творчасць істотна паўплывала на развіццё пейзажа ў беларускім мастацтве. А сёння яго сын — Уладзімір Масленікаў — з’яўляецца яркім прадаўжальнікам лепшых мастацкіх традыцый. Яшчэ з малых гадоў Уладзімір маляваў на беразе Дняпра разам з бацькам. Эцюднік, прызнаецца, і цяпер заўсёды ляжыць у багажніку аўтамабіля.
Уладзімір Масленікаў мае ўласны адметны вобразны стыль пейзажнага жывапісу, для якога характэрна імкненне да адлюстравання прасторы: прыродныя панарамы з прывольным цячэннем рэк, у якіх пазнаюцца характэрныя асаблівасці Заходняй Дзвіны, Дняпра, Нёмана, Бярэзіны.
“Я пішу з натуры, — распавёў Уладзімір Масленікаў пасля адной са сваіх персанальных выстаў. — Мною напісаны сотні эцюдаў у розных кутках Беларусі. Як маленькія рачулкі збіраюцца ў вялізную раку, так і натурныя эцюды з’яўляюцца асновай у рабоце над вялікім кампазіцыйным пейзажам, які адлюстроўвае прыгажосць роднай прыроды. Галоўнае, каб вынік быў прыкладна такім: паглядзелі на работу, і вам захацелася прайсці туды, да берага ракі. Быў выпадак. Я напісаў пейзаж, скампанаваны поўнасцю, без натуры. Назваў “Лепельскія азёры”. Прыйшоў вадзіцель, які возіць карціны на выставы, і пытае: “Гэта што?” Я адказваю: “Лепельскія азёры”. “Так і ёсць. Я там рыбу лавіў”, — сказаў ён. І сапраўды, гэта было рэальнае месца… Я заўжды імкнуся асабістыя адчуванні і эмацыянальнае ўспрыманне прыроды праз свае творы перадаць будучаму гледачу”.
Ідэю бязмежнай прасторы падтрымлівае ў карцінах мастака вобраз высокага неба, якое зачароўвае невычарпальным касмічным блакітам. Ёсць у работах Уладзіміра Паўлавіча і сімвалічныя кампазіцыі, дзе нябесныя вяршыні прачэрчаныя “велічэзнымі гарамі” цёмных хмар або працятыя сонечнымі промнямі, што прарываюцца скрозь воблачнае марыва. Такая вобразная стыхія надае абліччу роднай зямлі ў жывапісным яе бачанні вялікую значнасць і выразнасць, што адпавядае яе натуральнай прыгажосці, чысціні і першапачатковасці.

Уладзімір Масленікаў вядомы таксама як таленавіты партрэтыст. У гэтым жанры ён — тонкі псіхолаг. Яго героямі становяцца блізкія яму людзі, родныя, калегі, сябры… Сярод ранніх — партрэт тэатральнага рэжысёра Валерыя Маслюка, з нядаўніх — футбольнага трэнера Эдуарда Малафеева. Партрэтная галерэя Уладзіміра Масленікава пастаянна папаўняецца новымі вобразамі сучаснікаў.
КАРОТКАЯ БІЯГРАФІЯ
Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Мінску.
У 1980 г. скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, аддзеленне жывапісу.
Працуе ў станковым жывапісе ў жанры пейзажа, партрэта, нацюрморта.
Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1989 года.
З 1996 прыняў удзел у 18 міжнародных пленэрах па жывапісе. Правёў 10 персанальных выстаў.
З 2011-га — загадчык кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар.
У 2012-м узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленікава, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Гомельскім абласным краязнаўчым музеі, а таксама ў прыватных галерэях і калекцыях у Расіі, Беларусі, Італіі, Германіі, ЗША, Ізраіля, Францыі, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Кітая.

НОВАЯ КУЛЬТУРНАЯ СТАЛІЦА 2024 ГОДА — БЯЛЫНІЧЫ!

Слуцк — радзіма знакамітых паясоў і культурная сталіца 2023 года — 15 снежня перадала ганаровае званне «Культурнай сталіцы года» гораду Бялынычы Магілёўскай вобласці! Рэспубліканская акцыя «Культурная сталіца года» ў Слуцку прайшла з размахам! За бягучы год было праведзена больш за 100 мерапрыемстваў — гэта канцэртныя праграмы, выставы, фестывалі, конкурсы, спектаклі, выступленні вядучых артыстаў і калектываў

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ЯЎГЕН ЧАМАДУРАЎ. ВЫСТАВА ДА 100-ГОДДЗЯ Ў МУЗЕІ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАГА КІНО. 25.01-31.03.2024

З 25 студзеня па 31 сакавіка ў Музеі гісторыі беларускага кіно будзе працаваць выстава, прысвечаная 110-гадоваму юбілею тэатральнага мастака Яўгена Чамадурава. Адным з самых выдатных майстроў сцэнічнага мастацтва Беларусі з’яўляецца Яўген Рыгоравіч Чамадураў. Мастак высокага ўзроўню, ён прытрымліваўся ў творчасці прынцыпа спалучэння ў адзінае цэлае сутнасці музычнага твора, рэжысёрскай задумы, акцёрскага выканання і вобразнага дэкарацыйнага

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

УЛАДЗІМІР КОЖУХ. ЖЫВАПІС. НАЦЫЯНАЛЬНЫ МАСТАЦКІ МУЗЕЙ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ. 08.02.-24.03.2024

8 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылося адкрыцце выстаўкі “Уладзімір Кажух. Жывапіс». Уладзімір Уладзіміравіч Кожух (1953 – 2017) – яркі прадстаўнік пакалення мастакоў, якія прыйшлі ў прафесію ў 1970-1980-х гадах, прысвячаючы свой творчы шлях пошукам новых форм выказвання свайго светаадчування. На выстаўцы прадстаўлены каля 40 жывапісных работ У.Кажуха 1980 – 2010-х гадоў з фондаў Нацыянальнага

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ДА 85-ГОДДЗЯ БЕЛАРУСКАГА САЮЗА МАСТАКОЎ

За выдатныя творчыя дасягненні і значны асабісты ўклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь узнагароджаны Уродніч Уладзімір Васільевіч, мастак-жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, старшыня секцыі «Традыцыя» грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў»

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »