НАЦЫЯНАЛЬНЫ МАСТАЦКІ МУЗЕЙ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ: АЛЯКСАНДР ФІНСКІ. 21.01-05.03.2023

 

Выстава скульптуры і графікі Аляксандра Фінскага прымеркавана да 70-годдзя з дня нараджэння аўтара.

Аляксандр Фінскі нарадзіўся 2 студзеня 1953 года ў в. Вясёлы Гай Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. У 1971 годзе скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве (цяпер – Гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка), а ў 1977 абараніў дыплом у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) па спецыяльнасці “скульптура”. Вучыўся ў выдатных прафесараў А. Бембеля, А. Анікейчыка, А. Арцімовіча. З 1975 года вядзе актыўную выставачную дзейнасць. З’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў з 1984 года.

Некалькі дзесяцігоддзяў Аляксандр Фінскі паспяхова працуе не толькі як скульптар, але і як педагог. Ён выкладаў у ДУА “Гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка” (1977–1991). З 1991 года выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і зараз з’яўляецца прафесарам кафедры скульптуры.

Аляксандру Фінскаму прысуджана першая прэмія Беларускага саюза архітэктараў у галіне манументальнага мастацтва (2001), спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за “Духоўнае адраджэнне” і ўклад у развіццё міжнародных культурных сувязей (2002), Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (2011), а таксама дыплом рэспубліканскага конкурсу “Чалавек Года культуры” (2017). Ён узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2014), ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2019) і Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта (2015), залатым медалём і дыпломам «Vermeil» ART-SCIENSE-LETTRES (2016, Парыж), ганаровым знакам Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры (2020). У 2022 годзе А. Фінскі ўдастоены ганаровага звання “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь”.

Беларускі скульптар Аляксандр Фінскі вядомы сваімі працамі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Створаныя майстрам кампазіцыі нельга аднесці да якой-небудзь пэўнай тэматыкі, у іх наглядна прасочваецца сувязь з рознымі відамі мастацтва, гістарычнымі перыядамі і сацыяльнымі з’явамі. У сваіх творах ён адлюстроўвае дух канкрэтнай эпохі, канкрэтнай асобы мінулага, і ў той жа час пластыка яго сучасная.

Мемарыял “Яма. Мінскае гета” ў Мінску (архітэктар, аўтар ідэі і кіраўнік праекта Л. Левін, архітэктары Я. Дзятлаў, А. Капылоў, скульптары А. Фінскі, Э. Полак, 2000) – адзін з самых яркіх манументальных твораў у гісторыі беларускай скульптуры. Сярод іншых манументальных твораў А. Фінскага – знак “Нулявы кіламетр” на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску (архітэктар А. Сардараў, 1998), помнік вызваліцелям Рагачова (архітэктар Г. Фёдараў, Гомельская вобласць, 2004), скульптурныя кампазіцыі для фасада адноўленага будынкаДзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь (у сааўтарстве, скульптары М. Шкробат, Г. Буралкін, 2006–2009), скульптурная кампазіцыя “Вячэрні блюз” у Алімпійскім парку ў Пекіне (2002, Кітай), знак “Сімвал горада” ў Маладзечне (архітэктар А. Сардараў, 2011), мемарыяльны комплекс у пасёлку Чырвоны Бераг, прысвечаны дзецям-ахвярам Вялікай Айчыннай вайны (архітэктары: Л. Левін, Г. Левіна, А. Капылоў, Я. Дзятлаў). Мемарыяльныя дошкі народным артыстам БССР У. Алоўнікаву, С. Данілюк, народнаму мастаку БССР А. Анікейчыку (усе ў Мінску), музыканту, кампазітару, педагогу Г. Веняўскаму (Масква).

Станковыя творы Аляксандра Фінскага схільныя да абагульненых форм, яны нясуць лірычныя інтанацыі. Суцэльнасць, мяккасць пластыкі іх скульптурных форм, выразнасць, шчырасць уласцівая гэтым працам. Усе творы гавораць з гледачом простай, зразумелай яму мовай людскіх пачуццяў і эмоцый.

Работы Аляксандра Фінскага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у фондах Беларускага саюза мастакоў, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Траццякоўскай галерэі ў Маскве і прыватных калекцыях Германіі, Францыі і Аўстрыі.

 

У Смаргоні ўрачыста адкрылі мемарыяльны комплекс на лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну

Аўтарскі калектыў: кіраўнік, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Анатоль Арцімовіч, скульптары Уладзімір Церабун, Іван Арцімовіч, архітэктар Аляксандр Бажыдай. Месца для мемарыяла выбрана не выпадкова. З верасня 1915-га па люты 1918 года тут праходзіла лінія руска-германскага фронту. Горад не здаваўся ворагу 810 дзён. Тут загінулі дзясяткі тысяч салдат і афіцэраў. 16-тысячны горад быў фактычна разбураны за

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

СКРОЗЬ ЧАС. ДА 85-ГОДДЗЯ БЕЛАРУСКАГА САЮЗА МАСТАКОЎ. ВЫСТАВА Г. МАГІЛЁЎ

У Музеі гісторыі Магіёва» адкрываецца мастацкая выстава “Скрозь час. Да 85-годдзя Беларускага саюза мастакоў” у рамках святкавання юбілею творчай арганізацыі і прымеркавана да Года міру і стварэння. Выстава пазнаёміць з творамі беларускіх мастакоў з калекцыі ГА “БСМ”, а таксама з новымі работамі жывапісу і скульптуры сучасных аўтараў. Сярод аўтараў выставы шмат мастакоў, якія прайшлі вайну.

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ПАЛАЦ МАСТАЦТВА: МАРЫЯ СЫРАКВАШ. 10.08-03.09.2023

  10 жніўня (19-00) ў прасторы ZAL #2 адбудзецца адкрыццё выставы беларускай мастачкі Марыі Сыракваш “ПРА RADZIMA”. Марыя Сыракваш нарадзілася у Менску у 2000 г. Вучылася ў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў у 2008-2019 гг. У 2019 годзе паступіла у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, на адзяленне графікі. Пад час вучобы брала ўдзел у шматлікіх групавых выставах,

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

«ВІЦЕБСКІ МАСТАК» — ВЫСТАВА Ў ГАЛЕРЭЯ «УНІВЕРСІТЭТ КУЛЬТУРЫ»

27 сакавіка ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адбылося ўрачыстае адкрыццё выставачнага праекта «Віцебскі мастак». У экспазіцыю ўвайшлі працы аўтараў розных пакаленняў віцебскай школы. Усе работы на выставе прадстаўлены ў розных жанрах, сюжэтах і тэхніках, кожны аўтар прадэманстраваў сваё майстэрства з дапамогай жывапісу і скульптуры. З прывітальным словам да прысутных звярнуліся дырэктар мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »