ФЕСТЫВАЛЬ МАСТАЦКАЙ ФАТАГРАФІІ «МОСТ-21»

27 мая (чацвер) 2021 года ў 17.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” адбылося адкрыццё рэспубліканскага фестывалю мастацкай фатаграфіі “МОСТ-21”. Куратары праекта – мастак, фатограф, сябра секцыі графічнага дызайна Беларускага саюза мастакоў ГАННА МЕЛЬНІКАВА, фатограф ВІКТАР СЯНЬКОЎ, мастацтвазнаўца КАЦЯРЫНА ІЗАФАТАВА.

Мастацкая фатаграфія ў сучаснай беларускай арт-прасторы ўжо даўно займае актыўныя пазіцыі і ўвага да яе як з боку прафесійнай супольнасці, так і з боку шырокага гледача працягвае нарастаць. Ідучы поруч з прагрэсам і адчуваючы “сейсмічныя змены” ў мове мастацтва, фота-арт сёння выступае ледзь ці не найбольш актуальным медыя. Феномен беларускай школы складаецца і ў тым, што, нягледзячы на адсутнасць паўнавартаснай інстытуалізацыі, яе майстры канчаткова замацавалі за фатаграфіяй статус “вялікага мастацтва”, прычым далёка за межамі сваёй краіны.

У гэтым кантэксце арганізацыя фестывалю мастацкай фатаграфіі “MOCT-21” – гэта адзін з самых дзейсных прафесійных інструментаў, які стварае магчымасці і ў сэнсе надання імпульсу творчым пошукам, і ў сэнсе нараджэння новых аўтараў, і выяўлення сучасных тэндэнцый, і ў сэнсе змены галерэйнай і музейнай прасторы.

У праграме фестывалю асноўная выстава прадстаўляе творчасць прафесійных майстроў фатаграфіі (па значнасці аўтараў гэта экспазіцыя – сапраўдны “музей сучаснай беларускай фатаграфіі”), экспазіцыю маладых (работы фотамастакоў, якія толькі пачынаюць сваю творчую кар’еру), а таксама два персанальныя праекты Уладзіміра Суцягіна (галерэя Леаніда Шчамялёва) і Ганны Мельнікавай (галерэя DK).

Фестываль па сваёй ідэі не быў абмежаваны ні тэматычнымі, ні храналагічнымі рамкамі, мастакі маглі выбраць любое тэхнічнае выкананне. Як вынік, экспазіцыя ўяўляе светлапіс і ў яго гістарычным развіцці, і ва ўсёй разнастайнасці жанраў, відаў, тэхнік, стылістычных напрамкаў і эксперыментаў. Тут і старанна выбудаваны кадр і маментальны здымак, буйнамаштабныя адлюстраванні і сярэдні фармат, партрэтная здымка і пейзажы, выкарыстанне лічбавых тэхналогій і любоў да старых, аналагавых спосабаў здымкі, лічбавы або ручны друк з прымяненнем складаных тэхнік, а таксама “досвед займальнай хіміі” – фатаграфіі, выкананыя ў розных тэхніках: фотаграме, гуміарабіку і цыянатыпіі, амбратыпіі, літ-друку.

Віртуозна карыстаючыся рознымі прыёмамі і тэхнікамі, якія валодаюць сапраўды жывапіснымі эфектамі, аўтары набліжаюць фатаграфію да графічнай тэхнікі і ў цэлым да “мастацтва, заснаванага на фатаграфіі”, што надае ўбачанаму асаблівую чароўнасць.

Нягледзячы на незададзенасць тэмы творчасць многіх прадстаўленых аўтараў аб’ядноўвае асаблівы жанр – “падарожжа ў часе і прасторы”.

Інтэрпрэтуючы рэальнасць, адны літаральна спыняюць час, здзяйсняюць падарожжа ў мінулае, каб больш востра ўсведамляць сапраўднае, ініцыіруюць перажыванне экзістэнцыяльнага досведу (Ігар Саўчанка, Сяргей Кажамякін, Юрый Тарэеў, Уладзімір Парфянок); другія спакушаюць гледача марай пра падарожжа ў іншыя гарады, прапаноўваючы разглядаць іх не з параднага фасада, а пад нечаканым вуглом, знаходзячы ў інтымных праявах і нязначных дэталях іх утоеныя лікі (Марына Бацюкова); трэція прапануюць дакрануцца да дэкадансна прыгожай, быццам містыфікаванай рэальнасці, магія і загадкавасць якой шмат у чым тлумачыцца спецыфічнай алхімічнай аўтарскай тэхнікай (Ганна Мельнікава); чацвёртыя прымушаюць задумацца аб значнасці і складанасці руін і разбурэнняў для пабудовы новага жыцця (Валерый Вядрэнка).

Тут ёсць месца і настальгічным падарожжам углыб сябе і асабістым “малым гісторыям”: прафанным аб’ектам і прадметам, артэфактам асабістай гісторыі (Вадзім Качан), засушаным галінкам і кветачкам, “злепкам прыроды”, дзе плоць, ператвараючыся ў тлен, прымушае падумаць пра нешта больш складанае і сутнаснае (Наталля Коўш), фрагментам паверхняў – загадкавым пісьмёнам аб’ектыўнага свету, убачанага быццам праз павелічальнае шкло (Віктар Сянькоў).

Задаючыся пытаннем пра сутнасць і сілу часу, аўтары ў сваіх працах аднолькава валодаюць амаль гіпнатычным уздзеяннем, наладжваюць на медытатыўнае, павольнае сузіранне-апусканне-сыход ад марнасці навакольнага свету, у туман, дзе паступова “выяўляюцца сляды”, якія выслізгваюць, сцёртыя знакі, а ў штодзённасці выяўляецца раней нябачнае, універсальнае, што і робіць фатаграфію не рэалістычнай, а праўдзівай.

Спадзяемся, фармат фестывалю застанецца нязменным з году ў год, дазваляючы паказаць яркіх, самабытных, абсалютна непадобных адзін на аднаго аўтараў, усю разнастайнасць тэхнік, жанраў і стылістычных кірункаў у сучасным фотамастацтве. Бо немагчыма ўявіць навакольны свет без фатаграфіі, якая дапамагае нам лепш зразумець свой час, свае памкненні, захаваць нешта выразнае, каб яно не знікла назаўжды.

Кацярына Ізафатава, мастацтвазнаўца

ТВОРЧЫЯ МАЙСТЭРНІ — СПАДЧЫНА МІХАІЛА САВІЦКАГА. 07.02-18.02.2024. ВЫСТАВА-ПРЭЗЕНТАЦЫЯ Ў НЦСМ

З 7 па 18 лютага 2024 г. у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь пройдзе выстава-прэзентацыя “Творчыя майстэрні – спадчына М. Савіцкага”, прымеркаваная да дня нараджэння Народнага мастака СССР, Героя Беларусі Міхаіла Андрэевіча Савіцкага (1922-2010). У 1981 г. па ініцыятыве Міхаіла Савіцкага ў Мінску адкрыліся Творчыя майстэрні жывапісу і скульптуры Акадэміі майстэрстваў СССР. Установа набыла

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

«ПЕРЛ» АНДРЭЯ ВАРАБ’ЕВА І АКСАНЫ ЕЎДАКІМЕНКІ. ГАЛЕРЭЯ «ВЫСОКАЕ МЕСЦА». 13.03.-21.04.2024

13 сакавіка 2024 года а 18-й гадзіне ў Арт-гасцёўні “Высокае мѣста” адбудзецца адкрыццё выставы скульптуры і жывапісу “ПЕРЛ” сябраў Беларускага саюза мастакоў Андрэя Вераб’ёва і Аксаны Еўдакіменка. Выстава арганізавана пры падтрымцы Беларускага саюза мастакоў. Андрэй Вераб’ёў – выпускнік Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У творчасці майстра больш за ўсё

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ВІНШУЕМ!

Віншуем Занковіча Валянціна Паўлавіча, сябру секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў, аднаго з аўтараў хатынскага мемарыяла, з атрыманнем ганаровага звання «Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь».

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ВІЦЕБСК ЮБІЛЕЙНАЯ ВЫСТАВА НАТАЛЛІ ЛІСОЎСКАЙ «ПАД МІРНЫМ НЕБАМ». 12.12.2023-14.01.2024

У Мастацкім музеі горада Віцебска з 12 снежня 2023 года па 14 студзеня 2024 года працуе юбілейная выстава работ віцебскага мастака, члена БСМ Наталлі Сяргееўны Лісоўскай «Пад мірным небам». Наталля Сяргееўна Лісоўская — мастак па тэкстылю, член БСМ, дыпламант многіх выставак, лаўрэат конкурсаў, узнагароджана Граматай Міністэрства культуры РБ за выдатныя творчыя дасягненні і значны ўклад

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »