НАЦЫЯНАЛЬНЫ МАСТАЦКІ МУЗЕЙ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ: ВЯЧАСЛАЎ ШАМШУР. 07.09.-23.09.2023

7 верасня 2023 года а 16-й гадзіне на пераходнай галерэі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20а) адбудзецца адкрыццё выставы беларускага мастака Вячаслава Шамшура “У суладдзі душэўнасці і цеплыні”. У экспазіцыі прадстаўлены больш за 30 твораў у тэхніцы пастэлі і алейнага жывапісу з калекцыі аўтара, выкананых ім на працягу апошніх 30 гадоў.

Рэалістычнае бачанне натуры і пэўная сюжэтная аснова з самага пачатку сталі той прызмай, праз якую мастак выяўляў свае адносіны да прыгажосці навакольнага свету. Такому выбару Вячаслава Шамшура ў свой час паспрыяла навучанне на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута (зараз – універсітэт імя П. М. Машэрава) у моцных прыхільнікаў рэалістычнага мастацтва, вядомых графікаў і жывапісцаў, такіх як Р. Ф. Клікушын, І. М. Сталяроў, А. В. Гаўрушка.

Ужо з пачатку 1990-х гадоў Вячаслаў Шамшур больш увагі надае тэхніцы пастэлі, якая ў яго набыла новае гучанне, жывапісную дэкаратыўнасць і падкрэсленую дынаміку.

У творчасці майстра паступова склалася сістэма ўлюбёных тэм і матываў, якія можна будзе пабачыць у кампазіцыях, прадстаўленых на выставе “У суладдзі душэўнасці і цеплыні”.

Напрыклад, значная колькасць твораў Вячаслава Шамшура прысвечана Мёршчыне – краю, дзе мастак нарадзіўся і вырас. Зямля, якую з такой улюбёнасцю ён піша, для яго тоесна злучна з радаводам.

Тэматычна роднаснай мёрскім краявідам з’яўляецца і серыя кампазіцый, прысвечаных Браслаўшчыне. Адметная прыгажосць воднага “люстэрка” даволі часта становіцца лейтматывам у пейзажах мастака. Амаль сімвалічна выглядае ў шэрагу твораў Вячаслава Шамшура дарога, што вядзе некуды ў далячынь. Гэтыя кампазіцыйныя прыёмы, як і выявы вясковых хатак, лазняў, матываў вясковага побыту, з’яўляюцца асабліва ўлюбёнымі для мастака, надаюць сюжэтны характар яго творам, нярэдка ператвараюцца ў іх вобразныя дамінанты.

У творчасці Вячаслава Шамшура можна казаць пра асаблівую паэтыку гарадскога пейзажа. І гэта не толькі краявіды Віцебска, хоць менавіта ён дамінуе ў яго апошніх кампазіцыях. Горад у мастака своеасаблівы, тут няма шуму і мітусні, неспакойных сучасных рытмаў і ўрбаністычных прыкмет, хуткасных транспартных і інтэнсіўных людскіх патокаў, тут часцей пануе мерны рух часу, даволі правінцыйны дух і нейкая надзвычай паэтычная мелодыя гарадскога матыву. Не аднойчы мастак звяртаўся да адлюстравання гарадскіх пейзажаў з выявамі вядомых віцебскіх храмаў, да стварэння кампазіцый, дзе імкнуўся перадаць своеасаблівую прыгажосць віцебскіх дваркоў ці адметную індывідуальнасць віцебскіх лазняў.

Свет пачуццяў і настрой у творах Вячаслава Шамшура заўсёды вылучаюцца адметнай душэўнасцю і цеплынёй. У іх суладдзі нараджаецца агульная атмасфера, танальнасць большасці мастацкіх вобразаў у яго кампазіцыях. Кожны яго твор – гэта часцей за ўсё пошукі новага кампазіцыйнага прыёму, рытмічных рухаў і каларыстычнай інтанацыі, што надае асаблівую прыцягальнасць творам Вячаслава Шамшура.

Шамшур Вячаслаў Вячаслававіч
Шамшур Вячаслаў Вячаслававіч

беларускі мастак, мастацтвазнавец і педагог

Нарадзіўся 20 жніўня 1942 года ў весцы Пціцкія Мёрскага раёна Віцебскай вобласці.

Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1970), аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (1978). Кандыдат мастацтвазнаўства (1980), прафесар (1993). З 1970 выкладае ў Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце (зараз – універсітэт імя П. Машэрава). З 1986 па 2005 з’яўляўся загадчыкам кафедры мастацтваў, з 2006 – прафесарам кафедры дызайну. З 2010 – прафесар кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тэхнічнай графікі.

Даследуе гісторыю беларускага мастацтва першай паловы ХХ стагоддзя, творчасць сучасных віцебскіх мастакоў. Аўтар манаграфіі “Празднества революции“ (Мн., 1989), вучэбнага дапаможніка “Лінарыт. Мастацтва і тэхніка” (Мн., 2000), раздзелаў у “Гісторыі беларускага мастацтва” (т. 4, Мн., 1991), артыкулаў у “ЭЛіМБел”, навуковых часопісах, перыядычным друку.

Працуе ў розных тэхніках станковай графікі. Асноўныя працы выкананы ў тэхніцы лінагравюры і пастэлі. З 1986 года прымае рэгулярны ўдзел ў мастацкіх выставах. Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1993 года. Удзельнік вялікай колькасці пленэраў, сярод якіх міжнародны мастацкі пленэр “Усход-Захад” у г. Горліцы (Польшча) (2000, 2004, 2011), рэспубліканскія пленэры, прысвечаныя У. Караткевічу (2005), Р. Барадуліну (2006), Н. Орду (2006) Я. Драздовічу (2007), В. Быкаву (2008, 2012, 2013), І. Хруцкаму (2008), Я. Баршчэўскаму (2009), Э. Плятэр (2010).

Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства асветы БССР (1982), Адміністрацыі Першамайскага раёна г. Віцебска (1997), Беларускага саюза мастакоў (1998). Прысвоена званне “Выдатнік народнай асветы БССР” (1983). Адзначаны спецыяльным прызам Полацка-Віцебскай епархіі за лепшыя мастацкія творы, прысвечаныя духоўнаму адраджэнню асобы (1992).

ВЯЛІКАЯ СТРАТА ДЛЯ НАЦЫЯНАЛЬНАГА МАСТАЦТВА!

На 98-м годзе жыцця 14 студзеня 2021 года пасля цяжкой хваробы памёр народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі ЛЕАНІД ДЗМІТРЫЕВІЧ ШЧАМЯЛЁЎ. БЕЛАРУСКІ САЮЗ МАСТАКОЎ, СЯБРЫ І КАЛЕГІ, УСЯ ТВОРЧАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ ШЧЫРА ПАДЗЯЛЯЕ ГОРА, ЯКОЕ НАПАТКАЛА СЯМ’Ю МАСТАКА, І ПРЫНОСІЦЬ САМЫЯ ГЛЫБОКІЯ СПАЧУВАННІ ЯГО РОДНЫМ, СЯБРАМ І БЛІЗКІМ. Пра час і месца развітання з Леанідам

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ГАЛЕРЭЯ «БЕЛАРТ»: ВЫСТАВА ІЛЛІ ГІЧАНА. 07.021-29.02.2024

Галерэя «Беларт» Беларускага саюза мастакоў прадстаўляе: выставу «ПОШУКІ ФАКТУРЫ» жывапісу і скульптуры ІЛЛІ ГІЧАНАз 7 лютага па 29 лютага 2024 года. Экспазіцыя прапануе разважанні сучаснага мастака аб межах і магчымасцях традыцыйных жанраў пейзажа, нацюрморта і анімалістыкі. Маляўнічая напруга — асноўнае пасланне жывапісу Іллі Гічана, экспрэсіўна якая распавядае аб штодзённых рэчах: прыгажосці лесу, адмысловым настальгічным зачараванні

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

СУСТРЭЧА З ІГАРАМ КАШКУРЭВІЧАМ У РАМКАХ ВЫСТАВЫ «1.10 КВАДРАТА». ПАЛАЦ МАСТАЦТВА 23.02.2024

23 лютага (18:00) у рамках выставы 1,10 КВАДРАТА адбудзецца сустрэча з мастаком і перформерам, удзельнікам выставы Ігарам Кашкурэвічам, які раскажа пра: ◼️ Гісторыю беларускага авангарда; ◼️ Асноўных этапах развіцця сваёй творчасці і ўплыве на яго прынцыпаў супрэматызму Казіміра Малевіча.

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

Віншуем з юбілеем!

Віншуем з 75-годдзем мастака-графіка, прадстаўніка знакамітай віцебскай школы акварэлі ГЕОРГІЯ ЛЯВОНАВІЧА ТАНКОВІЧА, сябру Віцебскай абласной арганізацыі. Творчасць гэтага сціплага і вельмі дэлікатнага мастака прыцягвае увагу сваёй адметнасцю і, шчырасцю. Георгій Танковіч – прыхільнік акварэльнага жывапісу па вільготнай паперы, на якой яму заўжды ўдаецца перадаць характар і настрой натуры, якую ён адлюстроўвае. У яго творах ёсць нейкая

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »