НАЦЫЯНАЛЬНЫ МАСТАЦКІ МУЗЕЙ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ: ВЯЧАСЛАЎ ШАМШУР. 07.09.-23.09.2023

7 верасня 2023 года а 16-й гадзіне на пераходнай галерэі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20а) адбудзецца адкрыццё выставы беларускага мастака Вячаслава Шамшура “У суладдзі душэўнасці і цеплыні”. У экспазіцыі прадстаўлены больш за 30 твораў у тэхніцы пастэлі і алейнага жывапісу з калекцыі аўтара, выкананых ім на працягу апошніх 30 гадоў.

Рэалістычнае бачанне натуры і пэўная сюжэтная аснова з самага пачатку сталі той прызмай, праз якую мастак выяўляў свае адносіны да прыгажосці навакольнага свету. Такому выбару Вячаслава Шамшура ў свой час паспрыяла навучанне на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута (зараз – універсітэт імя П. М. Машэрава) у моцных прыхільнікаў рэалістычнага мастацтва, вядомых графікаў і жывапісцаў, такіх як Р. Ф. Клікушын, І. М. Сталяроў, А. В. Гаўрушка.

Ужо з пачатку 1990-х гадоў Вячаслаў Шамшур больш увагі надае тэхніцы пастэлі, якая ў яго набыла новае гучанне, жывапісную дэкаратыўнасць і падкрэсленую дынаміку.

У творчасці майстра паступова склалася сістэма ўлюбёных тэм і матываў, якія можна будзе пабачыць у кампазіцыях, прадстаўленых на выставе “У суладдзі душэўнасці і цеплыні”.

Напрыклад, значная колькасць твораў Вячаслава Шамшура прысвечана Мёршчыне – краю, дзе мастак нарадзіўся і вырас. Зямля, якую з такой улюбёнасцю ён піша, для яго тоесна злучна з радаводам.

Тэматычна роднаснай мёрскім краявідам з’яўляецца і серыя кампазіцый, прысвечаных Браслаўшчыне. Адметная прыгажосць воднага “люстэрка” даволі часта становіцца лейтматывам у пейзажах мастака. Амаль сімвалічна выглядае ў шэрагу твораў Вячаслава Шамшура дарога, што вядзе некуды ў далячынь. Гэтыя кампазіцыйныя прыёмы, як і выявы вясковых хатак, лазняў, матываў вясковага побыту, з’яўляюцца асабліва ўлюбёнымі для мастака, надаюць сюжэтны характар яго творам, нярэдка ператвараюцца ў іх вобразныя дамінанты.

У творчасці Вячаслава Шамшура можна казаць пра асаблівую паэтыку гарадскога пейзажа. І гэта не толькі краявіды Віцебска, хоць менавіта ён дамінуе ў яго апошніх кампазіцыях. Горад у мастака своеасаблівы, тут няма шуму і мітусні, неспакойных сучасных рытмаў і ўрбаністычных прыкмет, хуткасных транспартных і інтэнсіўных людскіх патокаў, тут часцей пануе мерны рух часу, даволі правінцыйны дух і нейкая надзвычай паэтычная мелодыя гарадскога матыву. Не аднойчы мастак звяртаўся да адлюстравання гарадскіх пейзажаў з выявамі вядомых віцебскіх храмаў, да стварэння кампазіцый, дзе імкнуўся перадаць своеасаблівую прыгажосць віцебскіх дваркоў ці адметную індывідуальнасць віцебскіх лазняў.

Свет пачуццяў і настрой у творах Вячаслава Шамшура заўсёды вылучаюцца адметнай душэўнасцю і цеплынёй. У іх суладдзі нараджаецца агульная атмасфера, танальнасць большасці мастацкіх вобразаў у яго кампазіцыях. Кожны яго твор – гэта часцей за ўсё пошукі новага кампазіцыйнага прыёму, рытмічных рухаў і каларыстычнай інтанацыі, што надае асаблівую прыцягальнасць творам Вячаслава Шамшура.

Шамшур Вячаслаў Вячаслававіч
Шамшур Вячаслаў Вячаслававіч

беларускі мастак, мастацтвазнавец і педагог

Нарадзіўся 20 жніўня 1942 года ў весцы Пціцкія Мёрскага раёна Віцебскай вобласці.

Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1970), аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (1978). Кандыдат мастацтвазнаўства (1980), прафесар (1993). З 1970 выкладае ў Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце (зараз – універсітэт імя П. Машэрава). З 1986 па 2005 з’яўляўся загадчыкам кафедры мастацтваў, з 2006 – прафесарам кафедры дызайну. З 2010 – прафесар кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тэхнічнай графікі.

Даследуе гісторыю беларускага мастацтва першай паловы ХХ стагоддзя, творчасць сучасных віцебскіх мастакоў. Аўтар манаграфіі “Празднества революции“ (Мн., 1989), вучэбнага дапаможніка “Лінарыт. Мастацтва і тэхніка” (Мн., 2000), раздзелаў у “Гісторыі беларускага мастацтва” (т. 4, Мн., 1991), артыкулаў у “ЭЛіМБел”, навуковых часопісах, перыядычным друку.

Працуе ў розных тэхніках станковай графікі. Асноўныя працы выкананы ў тэхніцы лінагравюры і пастэлі. З 1986 года прымае рэгулярны ўдзел ў мастацкіх выставах. Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1993 года. Удзельнік вялікай колькасці пленэраў, сярод якіх міжнародны мастацкі пленэр “Усход-Захад” у г. Горліцы (Польшча) (2000, 2004, 2011), рэспубліканскія пленэры, прысвечаныя У. Караткевічу (2005), Р. Барадуліну (2006), Н. Орду (2006) Я. Драздовічу (2007), В. Быкаву (2008, 2012, 2013), І. Хруцкаму (2008), Я. Баршчэўскаму (2009), Э. Плятэр (2010).

Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства асветы БССР (1982), Адміністрацыі Першамайскага раёна г. Віцебска (1997), Беларускага саюза мастакоў (1998). Прысвоена званне “Выдатнік народнай асветы БССР” (1983). Адзначаны спецыяльным прызам Полацка-Віцебскай епархіі за лепшыя мастацкія творы, прысвечаныя духоўнаму адраджэнню асобы (1992).

ПАЛАЦ МАСТАЦТВА: РЭСПУБЛІКАНСКІ ПРАЕКТ «TERRAGRAPHIKA». 23.03-23.04.2023

Калекцыянаванне графікі — асаблівы від інвесціравання і збірання твораў мастацтва, мае доўгую гісторыю і, безумоўна, актуальна і сёння. Чаму менавіта графіка? Відавочны адказ у тым, што гэта найбольш дэмакратычны фармат фарміравання калекцый. Дзякуючы сваёй тыражнасці, графіка больш даступная чым жывапіс і не патрабуе вялікай прасторы для захоўвання. Але гэта не зусім дакладна. Перш за ўсё,

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

РЭСПУБЛІКАНСКАЯ ВЫСТАВА » 1.10 КВАДРАТА». ПАЛАЦ МАСТАЦТВА. 01.02-03.03.2024

01 лютага (чацвер) у 18.00 у Палацы мастацтва запрашаем на адкрыццё рэспубліканскай выставы, прысвечанай 110-годдзю «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча! Прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, шкло, кераміка, метал, фатаграфія, арт-аб’екты. У праекце прымаюць удзел сябры Беларускага саюза мастакоў з Мінска і ўсіх рэгіёнаў Беларусі, дызайнеры, творчая моладзь,  усе зацікаўленыя тэмай творцы. Гэта выстава- амаж вялікаму звяргальніку традыцый

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ГАЛЕРЭЯ БЕЛАРТ: ВЫСТАВА АЛЯКСАНДРА ДЗЯМІДАВА. 17.10-11.11.2023

Мастак прапануе гледачу праз вобразы чароўных светаў і напаўзабытых казак, расказаных ім у сваіх творах, абудзіць у сваёй душы чыстае і наіўнае дзіця, якое жыве ў кожным дарослым. Ва ўсіх працах мастака прысутнічае наўмысная трансфармацыя і стылізацыя рэальнай формы і колеры прадметаў. У фігуратыўных кампазіцыях паказаныя персанажы — дзявочыя фігуры, жывёлы вельмі падобныя да тэатральных

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

СПАЧУВАЕМ!

28 кастрычніка 2023 года пайшоў з жыцця вядомы беларускі мастак-жывапісец, сябра Беларускага саюза мастакоў з 1994 г., Лагуновіч-Чарэпка Сяргей Аляксандравіч (27.12.1953 – 28.10.2023). Беларускі саюз мастакоў выказвае шчырае спачуванне блізкім і родным мастака. Развітанне з Сяргеем Аляксандравічам Лагуновічам-Чарэпкам адбудзецца 30 кастрычніка 2023 г. а 11-й гадзіне ў памяшканні Мінскага крэматорыя на Паўночных могілках. Сяргей Лагуновіч-Чарэпка

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »