«Абняць неабсяжнае»: да 100-годдзя народнага мастака Віктара Аляксандравіча Грамыкі ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава яго работ

Віктар Грамыка — народны мастак БССР, ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Двойчы Віктар Грамыка быў абраны старшынёй Беларускага саюза мастакоў. У часы яго кіравання будаваўся Палац мастацтва ў Мінску.

100-гадовы юбілей майстра прыпаў на 1 студзеня, а 3-га студзеня ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава яго твораў «Абняць неабсяжнае».
 
У экспазіцыі прадстаўлены жывапіс мастака з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея — работы на ваенную тэматыку, пейзажы, партрэты.
 
Віктар Грамыка – чалавек свайго часу, ён сфарміраваў светапогляд цэлага пакалення. Яго работы «Салдаты», «1941 год. Над Прыпяццю» паказвалі трагічны бок Вялікай Айчыннай вайны, яны задалі новы накіранак у выяўленні гэтай важнгай для краіны тэмы — больш асабісты, шчыры, без параднасці. Пейзажы В.Грамыкі таксама адметныя, яны адрозніваюцца насычанымі каляровымі пабудовамі, часам настолькі незвычайнымі, што здаецца, быццам карціна напісана нейкімі адмысловымі светлавымі фарбамі. У экспазіцыі можна ўбачыць і знакамітую работу «Ільны беларускія», якая сваёй колеравай пабудовай і кампазіцыйнай манументальнасцю нагадывае знакамітыя слуцкія паясы.
 
Імя Віктара Грамыкі стала сінонімам манументальнасці, абшару і шыраты, якіх можна дасягнуць у пейзажным мастацтве. Ён імкнуўся «асягнуць невымернае — увесь неабсяжны свет», таму ўвасабляў у сваіх творах планетарнае адчуванне яго маштабу.
Выстава працуе да 23 студзеня 2023 года.
 
Кароткая біяграфія
 
Віктар Аляксандравіч Грамыка нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Сянькова Магілёўскай вобласці. Дзяцінства правёў у невялікім пасёлку Смаляны пад Оршай. Атэстат сталасці атрымаў 21 чэрвеня 1941 года, а праз некалькі дзён Оршу захапілі немцы. У час Вялікай Айчыннай вайны прайшоў шлях ад разведчыка да камісара атрада. Быў падпольшчыкам у групе Канстанціна Заслонава, ваяваў у Смаленскім партызанскім палку асаблівага прызначэння пад кіраўніцтвам Івана Садчыкава, дзе быў карэспандэнтам, рэдактарам і выдаўцом газеты «Народный мститель».
 
Пасля вайны Віктар Грамыка паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча. У час вучобы працаваў літсупрацоўнікам і мастаком у маладзёжнай газеце і Белдзяржвыздаце, мастацкім рэдактарам часопіса «Маладосць». У 1951 годзе ён скончыў вучылішча, а ў 1959-м — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). У 1959-1997 гадах Віктар Грамыка выкладаў у БДТМІ (Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў). З 1968 па 1973, з 1977 па 1982 гады узначальваў Саюз мастакоў БССР. У 2000 годзе абраны ганаровым членам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Удзельнічаць у рэспубліканскіх і ўсесаюзных выставах пачаў з 1947 года. Працаваў у жанрах станковага жывапісу, пейзажа і партрэта. У першых работах народнага мастака адразу ж праявілася яго яркая творчая індывідуальная манера.
 
Творчая дзейнасць мастака адзначана залатым медалём АН СССР і сярэбраным медалём імя Мітрафана Грэкава, медалём Францыска Скарыны, а таксама ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Вярхоўнага Савета РСФСР. Ён узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені і Чырвонай Зоркі, Айчыны III ступені, медалямі «За адвагу», «Партызану Айчыннай вайны» I ступені. Віктар Грамыка — лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, міжнароднай прэміі імя Міхаіла Шолахава, кавалер ордэна Францыска Скарыны.
 
Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі ім. П.В.Масленікава, Траццякоўскай галерэі ў Маскве, у прыватных калекцыях у Расіі, Украіне, Казахстане, Амерыцы, Японіі, Венгрыі, Балгарыі і іншых краінах.
 
Мастак пайшоў з жыцця 10 ліпеня 2019 г., калі яму было 96 гадоў. Ён пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

ПАЛАЦ МАСТАЦТВА: СТАРШЫНЯ. ВЫСТАВА ДА 85-ГОДДЗЯ БЕЛАРУСКАГА САЮЗА МАСТАКОЎ. З 16.10.2023

16 лістапада 2023 года ў 17.00 Беларускі саюз мастакоў запрашае на ўрачыстае адкрыццё выставы “Старшыня”, прымеркаванай святкаванню юбілею саюза. Мы згадваем і вызначаем з удзячнасцю ўсіх тых творцаў, якія ў розныя часы ўзначальвалі наша творчае аб’яднанне. У экспазіцыі прадстаўлена ўсяго больш за 130 твораў жывапісу, графікі, скульптуры старшыняў ГА “БСМ” з калекцыі Беларускага саюза мастакоў.

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

«ПЕРЛ» АНДРЭЯ ВАРАБ’ЕВА І АКСАНЫ ЕЎДАКІМЕНКІ. ГАЛЕРЭЯ «ВЫСОКАЕ МЕСЦА». 13.03.-21.04.2024

13 сакавіка 2024 года а 18-й гадзіне ў Арт-гасцёўні “Высокае мѣста” адбудзецца адкрыццё выставы скульптуры і жывапісу “ПЕРЛ” сябраў Беларускага саюза мастакоў Андрэя Вераб’ёва і Аксаны Еўдакіменка. Выстава арганізавана пры падтрымцы Беларускага саюза мастакоў. Андрэй Вераб’ёў – выпускнік Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У творчасці майстра больш за ўсё

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ГАЛЕРЭЯ «ВЫСОКАЕ МЕСЦА»: ВЫСТАВА ЮРЫЯ ЯКАВЕНКІ «ПАМІЖ СЦЫЛАЙ І ХАРЫБДАЙ». З 15.02.2023

З 15 лютага 2023 года ў Арт-гасцёўні “Высокае мѣста” пачне працаваць персанальная выстава графікі “Паміж Сцылай і Харыбдай” вядомага беларускага мастака Юрыя Якавенкі. Выстава падрыхтавана сумесна з Беларускім саюзам мастакоў Вытанчаная прыгажосць выканання, насычанасць тонкімі алегарычнымі падтэкстамі робяць афорты Юрыя Якавенкі зразумелымі і блізкімі для ўсіх, хто пагружаны ў мінулае, як і сам аўтар. Яго працы адрознівае высокая тэхніка

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

СПАЧУВАЕМ! На 85 годзе жыцця памерла БАРАНОЎСКАЯ ГАЛІНА МІКАЛАЕЎНА

СПАЧУВАЕМ! 27 сакавіка 2021 года на 85 годзе жыцця памерла БАРАНОЎСКАЯ ГАЛІНА МІКАЛАЕЎНА, сябра Беларускага саюза мастакоў, секцыі графікі.   БЕЛАРУСКІ САЮЗ МАСТАКОЎ, СЯБРЫ І КАЛЕГІ, УСЯ ТВОРЧАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ ШЧЫРА ПАДЗЯЛЯЕ ГОРА, ЯКОЕ НАПАТКАЛА СЯМ’Ю МАСТАКА, І ПРЫНОСІЦЬ САМЫЯ ГЛЫБОКІЯ СПАЧУВАННІ ЯГО РОДНЫМ, СЯБРАМ І БЛІЗКІМ.   РАЗВІТАННЕ з Бараноўскай Галінай Мікалаеўнай адбудзецца 04 красавіка

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »