Прэмія прысуджаецца ў сямі намінацыях: жывапіс, графіка, скульптура, дызайн, манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і творчы дэбют.
Акрамя таго, была ўручана ўзнагарода за ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва, якая ўручаецца мэтрам па сукупнасці заслуг перад айчыннай культурай. Яе атрымаў вядомы бабруйскі мастак Валерый Калтыгін . Валерый Аркадзьевіч — родапачынальнік так званага «бабруйскага стылю» ў кераміцы, арганізатар і кіраўнік штогадовых міжнародных пленэраў «Арт-Жыжаль», на якія з’язджаюцца керамісты з усёй Беларусі і з-за мяжы.
У намінацыі «Творчы дэбют», спецыяльна прызначанай для перспектыўнай моладзі, перамагла Марта Шчарбіч — студэнтка 3-га курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Лаўрэатам Нацыянальнай прэміі ў намінацыі «Графіка» стаў Усевалад Швайба за цыкл работ «Хатынь».
У намінацыі «Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва» перамогу атрымала работа мінскага скульптара Аляксандра Шапо «Дрэва дарог», якая ўпрыгожвае станцыю метро «Вакзальная».
У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве была адзначана Наталля Лісоўская, чыя творчасць прасякнута нацыянальнымі беларускімі матывамі.
Узнагароду ў намінацыі «Дызайн» атрымаў дызайн-праект экспазіцыі Слуцкага краязнаўчага музея, які быў распрацаваны і рэалізаваны калектывам пад кіраўніцтвам мастака Глеба Отчыка.
У намінацыі «Скульптура» быў узнагароджаны скульптар Андрэй Вараб’ёў з Магілёва — нават тыя, хто чужы высокаму мастацтву, ведаюць яго па вясёлым помніку агурку ў Шклове, скульптурным ільвам на мосце і фантану «Маленькі прынц» у родным для майстра Магілёве.
А вось прэмія ў намінацыі “Жывапіс” з’ехала ў Віцебск – яна дасталася мастаку Васілю Васільеву за цыкл прац біблейскай тэматыкі “Іерусалім. Спёка і холад вечнага горада».