ЗВЯЗДА: У Палацы мастацтваў адкрылась экспазіцыя праекта «Колеры Вялікай Перамогі»

Напярэдадні Дня Перамогі ў мінскім Палацы мастацтваў адкрылася выстава «Голас ваеннага пакалення». Гэта другая частка праекту Беларускага саюза мастакоў «Колеры Вялікай Перамогі», прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першая выстава прадставіла графіку на ваенную тэматыку, на гэтай жа паказваюцца творы вядомых беларускіх жывапісцаў 1970-80-х гадоў з фондаў саюзу. Экспазіцыя выбудавана такім чынам, что глядач пачынае знаёмства з карцін, якія адлюстроўваюць пачатак вайны, трагічны пераход ад мірнага жыцця, потым раскрываецца ва ўсёй паўнаце ўсенародная барацьба супраць ворага — героямі карцін робяцца партызаны, падпольшчыкі, воіны Савецкай Арміі, глядач бачыць баі, генацыд мірнага насельніцтва, і ўрэшце — сцэны вызвалення. 


Знакавыя імёны мастакоў, зрэз гісторыі Беларусі, зрэз гісторыі беларускага мастацтва… Ёсць чаму і здзівіцца, і атрымаць задавальненне ад майстэрскай працы, ад незвычайных вырашэнняў. Напрыклад, адна з карцін пачатку экспазіцыі — «Тысяча дзевяцьсот сорак першы» Міхася Чэпіка, выглядае вельмі сучасна. Чэпік быў вядомы найперш як тэатральны мастак, але яго жывапіс уражвае экспрэсіяй, дынамізмам, выбухам колераў. На карціне навабранцам раздаюць зброю… І нібыта разгараецца ад цэнтра палатна агонь праведнага гневу, які хутка разгарыцца так, што выпаліць чорную навалу, што напаўзае з усіх кутоў… Карціна Паўла Масленікава «Мінск. 22 чэрвеня 1941 года» уражвае трывожнай, кантрастнай колеравай гамай: белыя сцены храма, сіні дым, чырвоны агонь, чорная хмара насоўваецца на квітнеючы горад… Калі ўгледзецца, то разумееш: гэта сцэна бамбёжкі Мінска. Сімвалічна выглядае карціна «Дзед Талаш» Уладзіміра Гардзіенкі: амаль манахромны сілуэт народнага героя выяўлены на фоне чырвонага разгалінастага дрэва і абліччаў народных мсціўцаў у той жа чырванаватай колеравай гаме: гэта пра повязь пакаленняў, якім ад продкаў, ад карэнняў перадаецца абавязак абараняць радзіму… Усе ведаюць знакамітую карціну Валянціна Волкава пра вызваленне Мінска… Але ёсць і менш вядомая карціна на такую ж тэму і ў Фёдара Бараноўскага, якую разглядаць не менш цікава. Трывожная, нават таямнічая карціна Івана Стасевіча пра Янку Купалу, які піша прысвячэнне беларускім партызанам… А вось зусім мала каму вядомая невялікая карціна Мікалая Цудзіка «У атаку», гледзячы на якую нібыта адчуваеш рух людзей і нагрэтае выбухамі паветра…

Недарэмна на адкрыццё выставы былі запрошаныя навучэнцы Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава, пачынаючыя жывапісцы. Уладзімір Уродніч, старшыня творчага аб’яднання «Традыцыя» Беларускага саюза мастакоў, распавёў юным мастакам, як вайна стала магістральнай тэмай яго творчасці. Бацька Уладзіміра Васільевіча, партызан, загінуў у дзевятнаццаць гадоў.

—З гадамі я пачаў адчуваць патрэбу пагаварыць з людзьмі, якіх забрала вайна, якія павінны былі б быць побач са мной. Я памятаю, як мяне запрасілі на мерапрыемства, як сына загінулага партызана, я стаю ля абеліску, на якім напісана: «На гэтым месцы ў 1943-м годзе загінуў партызан Васілій Уродніч, у гонар якога названая вуліца ў нашым гарадку». І калі мне далі слова, я адчуў, што мне трэба і самому сабе даць нейкую клятву, і нешта важнае сказаць людзям, перад якімі малады мастак, сын партызана. Тады я вырашыў, што павінен і далей развіваць тэму вайны ў творчасці, павінен жыццё пражыць за сябе і «за таго хлопца».

Уладзімір Васільевіч паразважаў пра тое, як маладым творцам шукаць сябе, у чым сэнс мастацтва, як мастак трансфармуе праз сябе тое, што бачыць і адчувае — тэма, вельмі важная для будучых мастакоў. Наколькі гэта «зачапіла» юных слухачоў, сведчыць, што і пасля імпрэзы яны абкружылі мастака з пытаннямі і размова працягнулася.

Георгій Лойка, сябар Студыі ваенных мастакоў, звярнуў увагу на тое, што ў экспазіцыі можна ўбачыць традыцыйны беларускі жывапіс, працы вельмі цікавыя, у іх ёсць школа, высокі прафесіяналізм, і пры гэтым яны вельмі розныя. Мікалай Апіёк, кіраўнік студыі ваенных мастакоў пры Цэнтральным доме афіцэраў, распавёў, што тэму вайны спазнаў асабіста: памятае прыход нямецкіх акупантаў, памятае вызваленне… Заклікаў маладых мастакоў шукаць сваю тэму, якая павінна адклікацца ў душы, і нагадаў, што для беларускіх мастакоў якраз ваенная тэма заўсёды была блізкай і нараджала шэдэўры.

Тэма вайны можа раскрывацца не толькі праз адлюстраванне подзвіга, але і праз раскрыццё лёсаў бязвінных ахвяраў вайны — пра гэта казаў мастак Юрый Крупянкоў, які займаецца ў сваёй творчасці тэмай Халакоста.

Намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч звярнула ўвагу, што на выставе прадстаўлены спіс мастакоў, сяброў саюза, якія пайшлі на фронт — там 143 прозвішчы. Гэта было дзве трэці творчай арганізацыі, што ўзнікла ў 1938-м годзе.

Выставу «Колеры Вялікай Перамогі» можна наведаць бясплатна, гэта падарунак для жыхароў і гасцей горада, магчымасць пабачыць прафесійнае, яркае мастацтва і пранікнуцца трагічнымі і гераічнымі старонкамі гісторыі беларускага народа. Экспазіцыя будзе абнаўляцца кожны месяц, праца яе запланаваная да канца года.

 

https://www.zviazda.by/be/news/20240509/1715238007-u-palacy-mastactvau-adkrylasya-novaya-ekspazicyya-praekta-kolery-vyalikay

Людміла ІВАНОВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

23 снежня 2025 года прайшоў XXV з’езд Беларускага саюза мастакоў

У ходзе мерапрыемства былі абмеркаваны найважнейшыя пытанні развіцця мастацкай супольнасці, падведзены вынікі бягучай дзейнасці і прыняты стратэгічныя рашэнні. Важным рашэннем з’езда стала абранне новага кіраўніцтва. Старшынёй ГА «Беларускі саюз мастакоў» абраны Васілеўскі Андрэй Генадзевіч, чые прафесійнае бачанне і досвед атрымалі заслужанае прызнанне калег. Ад імя ўсёй творчай супольнасці Беларускі саюз мастакоў шчыра віншуе Андрэя Генадзевіча

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ВІНШУЕМ ЧАРНЫШОВА АЛЕГА ВІКТАРАВІЧА З 85-ГОДДЗЕМ!

Віншуем ЧАРНЫШОВА АЛЕГА ВІКТАРАВІЧА з 85-годдзем! Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, кафедру інтэр’еру і абсталяванні. З гэтага часу справай жыцця становіцца дызайн і падрыхтоўка спецыялістаў гэтага профілю ў роднай ВНУ, а потым у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце і з нядаўняга часу ў БДУ. Быў народным дэпутатам Вярхоўнай Рады СССР апошняга склікання. Кандыдат філасофскіх навук, дацэнт. Член міжнароднай

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ВІЦЕБСК ЮБІЛЕЙНАЯ ВЫСТАВА НАТАЛЛІ ЛІСОЎСКАЙ «ПАД МІРНЫМ НЕБАМ». 12.12.2023-14.01.2024

У Мастацкім музеі горада Віцебска з 12 снежня 2023 года па 14 студзеня 2024 года працуе юбілейная выстава работ віцебскага мастака, члена БСМ Наталлі Сяргееўны Лісоўскай «Пад мірным небам». Наталля Сяргееўна Лісоўская — мастак па тэкстылю, член БСМ, дыпламант многіх выставак, лаўрэат конкурсаў, узнагароджана Граматай Міністэрства культуры РБ за выдатныя творчыя дасягненні і значны ўклад

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ТВОРЧЫЯ МАЙСТЭРНІ — СПАДЧЫНА МІХАІЛА САВІЦКАГА. 07.02-18.02.2024. ВЫСТАВА-ПРЭЗЕНТАЦЫЯ Ў НЦСМ

З 7 па 18 лютага 2024 г. у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь пройдзе выстава-прэзентацыя “Творчыя майстэрні – спадчына М. Савіцкага”, прымеркаваная да дня нараджэння Народнага мастака СССР, Героя Беларусі Міхаіла Андрэевіча Савіцкага (1922-2010). У 1981 г. па ініцыятыве Міхаіла Савіцкага ў Мінску адкрыліся Творчыя майстэрні жывапісу і скульптуры Акадэміі майстэрстваў СССР. Установа набыла

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »