НАЦЫЯНАЛЬНЫ МАСТАЦКІ МУЗЕЙ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ: АЛЯКСАНДР ФІНСКІ. 21.01-05.03.2023

 

Выстава скульптуры і графікі Аляксандра Фінскага прымеркавана да 70-годдзя з дня нараджэння аўтара.

Аляксандр Фінскі нарадзіўся 2 студзеня 1953 года ў в. Вясёлы Гай Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. У 1971 годзе скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве (цяпер – Гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка), а ў 1977 абараніў дыплом у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) па спецыяльнасці “скульптура”. Вучыўся ў выдатных прафесараў А. Бембеля, А. Анікейчыка, А. Арцімовіча. З 1975 года вядзе актыўную выставачную дзейнасць. З’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў з 1984 года.

Некалькі дзесяцігоддзяў Аляксандр Фінскі паспяхова працуе не толькі як скульптар, але і як педагог. Ён выкладаў у ДУА “Гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка” (1977–1991). З 1991 года выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і зараз з’яўляецца прафесарам кафедры скульптуры.

Аляксандру Фінскаму прысуджана першая прэмія Беларускага саюза архітэктараў у галіне манументальнага мастацтва (2001), спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за “Духоўнае адраджэнне” і ўклад у развіццё міжнародных культурных сувязей (2002), Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (2011), а таксама дыплом рэспубліканскага конкурсу “Чалавек Года культуры” (2017). Ён узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2014), ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2019) і Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта (2015), залатым медалём і дыпломам «Vermeil» ART-SCIENSE-LETTRES (2016, Парыж), ганаровым знакам Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры (2020). У 2022 годзе А. Фінскі ўдастоены ганаровага звання “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь”.

Беларускі скульптар Аляксандр Фінскі вядомы сваімі працамі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Створаныя майстрам кампазіцыі нельга аднесці да якой-небудзь пэўнай тэматыкі, у іх наглядна прасочваецца сувязь з рознымі відамі мастацтва, гістарычнымі перыядамі і сацыяльнымі з’явамі. У сваіх творах ён адлюстроўвае дух канкрэтнай эпохі, канкрэтнай асобы мінулага, і ў той жа час пластыка яго сучасная.

Мемарыял “Яма. Мінскае гета” ў Мінску (архітэктар, аўтар ідэі і кіраўнік праекта Л. Левін, архітэктары Я. Дзятлаў, А. Капылоў, скульптары А. Фінскі, Э. Полак, 2000) – адзін з самых яркіх манументальных твораў у гісторыі беларускай скульптуры. Сярод іншых манументальных твораў А. Фінскага – знак “Нулявы кіламетр” на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску (архітэктар А. Сардараў, 1998), помнік вызваліцелям Рагачова (архітэктар Г. Фёдараў, Гомельская вобласць, 2004), скульптурныя кампазіцыі для фасада адноўленага будынкаДзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь (у сааўтарстве, скульптары М. Шкробат, Г. Буралкін, 2006–2009), скульптурная кампазіцыя “Вячэрні блюз” у Алімпійскім парку ў Пекіне (2002, Кітай), знак “Сімвал горада” ў Маладзечне (архітэктар А. Сардараў, 2011), мемарыяльны комплекс у пасёлку Чырвоны Бераг, прысвечаны дзецям-ахвярам Вялікай Айчыннай вайны (архітэктары: Л. Левін, Г. Левіна, А. Капылоў, Я. Дзятлаў). Мемарыяльныя дошкі народным артыстам БССР У. Алоўнікаву, С. Данілюк, народнаму мастаку БССР А. Анікейчыку (усе ў Мінску), музыканту, кампазітару, педагогу Г. Веняўскаму (Масква).

Станковыя творы Аляксандра Фінскага схільныя да абагульненых форм, яны нясуць лірычныя інтанацыі. Суцэльнасць, мяккасць пластыкі іх скульптурных форм, выразнасць, шчырасць уласцівая гэтым працам. Усе творы гавораць з гледачом простай, зразумелай яму мовай людскіх пачуццяў і эмоцый.

Работы Аляксандра Фінскага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у фондах Беларускага саюза мастакоў, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Траццякоўскай галерэі ў Маскве і прыватных калекцыях Германіі, Францыі і Аўстрыі.

 

СПАЧУВАЕМ!

10 студзеня 2024 года ва ўзросце 91 год пайшла з жыцця НАЗІМАВА Ірына Васільеўна, вядомы беларускі мастацтвазнаўца, педагог, аўтар даследаванняў па тэорыі і гісторыі беларускага і сусветнага выяўленчага мастацтва, праблемах эстэтычнага выхавання, удава народнага мастака Беларусі Уладзіміра Стэльмашонка. Ірына Васільеўна была аднім са старэйшых навуковых супрацоўнікаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (з 1957 года). Беларускі

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

СПАЧУВАЕМ!

СЯБРЫ! СУМНАЯ НАВІНА! 18 снежня 2023 года пайшоў з жыцця вядомы беларускі графік і жывапісец, сябра Віцебскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў ВАЛЬНОЎ УЛАДЗІМІР МІКАЛАЕВІЧ. Беларускі саюз мастакоў выказвае шчырае спачуванне родным і блізкім мастака. Развітанне з Уладзімірам Мікалаевічам Вальновым адбудзецца 20 снежня 2023 года з 10.00 да 12.00 у малой зале Абласной бальніцы г.Віцебска. Вальноў

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ВЫСТАВАЧНАЯ ЗАЛА ІМІ А.БЕМБЕЛЯ: ВЫСТАВА ДЗЯНІСА КАНДРАЦЬЕВА. З 3.10.2023

3 кастрычніка ў 17.00 у выставачнай зале ГА «БСМ» ім. А.А. Бембеля (вул. Я. Коласа, 29А) адбудзецца адкрыццё выставы «Нараджэнне». На выставе будуць прадстаўлены скульптурныя і графічныя работы Дзяніса Кандрацьева. Дзяніс Кандрацьеў, мастак-скульптар, выкладчык, член Беларускага саюза мастакоў, удзельнік гарадскіх, рэспубліканскіх і персанальных выставак, прадставіць ключавыя творы, якія характарызуюць пэўны творчы перыяд аўтара. Выстаўка прысвечана

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

ГАЛЕРЭЯ БЕЛАРТ: ВЫСТАВА ЖЫВАПІСУ ЮЛІІ МАЦУРЫ «СТРУНЫ ЦІШЫНІ». 9.02-23.02.2023

Выстава жывапісу Юліі Мацура «Струны цішыні»Мастацкая галерэя Беларт запрашае Вас на адкрыццё выставы жывапісу Юліі Мацура “Струны цішыні”. Юлія Мацура нарадзілася 27 лютага 1984 года ў Мінску. У 2002 годзе скончыла Мінскі каледж мастацтваў. З 2002 года актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных выставах. У 2008 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, кафедру графікі. 2008

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »